pdf

ГОРАЦКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 18.05.2024 09:38:43

Дата змены: 27.02.2025 16:09:04


Го́рацкае парты́йнa-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Горкі і Горацкім раёне Магілёўскай вобласці з верасня 1941 г. да лістапада 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Налічвала 78 чалавек, у т. л. 15 камуністаў, 43 камсамольцы; 12 груп: Горацкая гарадская (кіраўнік П. X. Кажура); у Горацкай машынна-трактарнай станцыі (МТС) — С. I. Вараб’ёў; на льнозаводзе — П. Н. Савінаў; на цагельным заводзе — А. I. Трэмба; у в. Добрая — Д. Ф. Вайстрова; в. Альхоўка — В. В. Быкаў; в. Палёнка — Ф. М. Дзям’янаў; в. Чапялінка — Г. Р. Ленчыкаў; в. Рэ́катка — Я. Е. Дзмітрыеў; в. Аўсянка — В. К. Асюцін; в. Губіна (цяпер у Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласці) — М. Ф. Сапетаў; в. Тудараўка — Б. А. Шыманоўскі, з сакавіка 1942 г. В. В. Агаджанян.

Падпольшчыкі вялі палітычную работу сярод насельніцтва, займаліся зборам разведданых, перадалі партызанам 95 вінтовак, 2 ручныя кулямёты, больш за 160 гранат, 1 500 патронаў і інш. Спалілі хлебазавод, збожжа ў былым саўгасе «Горкі»; у 1942 г. вывелі са строю электрастанцыю разрабаванага і часткова разбуранага гітлераўцамі Беларускага інстытута сельскай гаспадаркі (з 1948 — Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія), будынкі якога былі заняты акупацыйнымі ўстановамі.

У ліпені 1942 г. па арганізацыі быў нанесены цяжкі ўдар. У Горках і раёне гітлераўцы арыштавалі 75 чалавек, з іх 54 былі павешаны і расстраляны. Ацалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.

У барацьбе з нямецка-фашысцкімі акупантамі загінулі: В. Андрэеў, В. К. Асюцін, В. I. Вараб’ёва, Ц. I. Галазубаў, М. I. Грамакоўскі, А. П. Грыгор’еў, С. I. Дзенісенка, М. К. Дурнеў, М. С. Дуцько, Е. М. Жарыкаў, А. П. Кузняцоў, A. С. Магазіншчыкаў, I. С. Марчанка, В. М. Махлаеў, [Я. Я.] Папсуеў, A. А. Свістуноў, Я. М. Шардулёва, В. Р. Шчураў, П. I. Яцун і інш.

У 1960 г. у Горках пастаўлены помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў і ахвяр фашызму, у 1966 г. у в. Тудараўка — стэла на магіле камсамольцаў-падпольшчыкаў.