pdf

ДАВЫД-ГАРАДОЦКІ ПАДПОЛЬНЫ РАЙКАМ КП(б)‌Б

Дата стварэння: 18.05.2024 09:39:52

Дата змены: 24.03.2026 10:38:16


Давы́д-Гарадо́цкі падпо́льны райка́м КП(б)‌Б

Давыд-Гарадоцкі падпольны раённы камітэт КП(б)‌Б.

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Давыд-Гарадоцкага раёна Пінскай вобласці.

Створаны ў ліпені 1941 г., калі для работы ў тыле ворага ў раёне былі пакінуты члены бюро даваеннага райкама КП(б)‌Б — першы сакратар райкама М. А. Скарабагацька і старшыня Давыд-Гарадоцкага райвыканкама М. К. Даўгулевіч, якія ўзначалілі партызанскі атрад Давыд-Гарадоцкі, сфарміраваны з партыйна-савецкага і камсамольскага актыву. Да 8 жніўня 1941 г. атрад, які налічваў 35 чалавек, дзейнічаў у Давыд-Гарадоцкім і Тураўскім раёнах, пасля перайшоў у Лельчыцкі раён, адкуль працягваў пасылаць разведчыкаў у Давыд-Гарадоцкі раён. Атрад панёс вялікія страты ў сутычках з ворагам і 13 верасня 1941 г. накіраваўся за лінію фронту, падпольны райкам з гэтага моманту спыніў сваю дзейнасць.

Зноў створаны 16 ліпеня 1943 г. рашэннем Пінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б, дзейнічаў пад яго кіраўніцтвам.

Узначальваў падпольную і партызанскую барацьбу супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, праводзіў палітычную і арганізатарскую работу сярод насельніцтва раёна.

Базіраваўся ў атрадзе імя В. П. Чкалава партызанскай брыгады «Савецкая Беларусь» Пінскай вобласці (да жніўня 1943 асобны атрад «Савецкая Беларусь»).

Друкаванага органа не меў.

Спыніў сваю дзейнасць 12 лютага 1944 г.

Сакратары райкама: М. А. Скарабагацька (ліпень — верасень 1941, адначасова камандзір Давыд-Гарадоцкага партызанскага атрада), Х. І. Севасцьянчык (з 16.7.1943, камісар атрада імя В. П. Чкалава брыгады «Савецкая Беларусь»); члены райкама: М. К. Даўгулевіч (ліпень — верасень 1941, адначасова камісар Давыд-Гарадоцкага партызанскага атрада), І. А. Сматроў (з 16.7.1943, адначасова камісар брыгады «Савецкая Беларусь»), П. П. Тамілаў (з 16.7.1943, адначасова камандзір брыгады «Савецкая Беларусь»), М. М. Барсукоў (з 5.10.1943).