Дата стварэння: 18.05.2024 09:45:03
Дата змены: 11.09.2024 15:14:25
Партыза́нская брыга́да 115‑я Го́рацкая (партыза́нскі атра́д 115‑ы Го́рацкі)
Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Горацкага, Дрыбінскага, Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Дубровенскага і Аршанскага раёнаў Віцебскай вобласці.
У кастрычніку 1943 г. з разгрупаваных сіл партызанскай брыгады 17‑й і іншых фарміраванняў, што выйшлі з блакады ў Горацкі і сумежныя з ім раёны, быў створаны атрад, які першапачаткова меў нумар 35‑А, з лютага 1944 г. — атрад 115‑ы.
У атрадзе былі сфарміраваны 4 роты, атрад узначальваў сумесныя аперацыі з 2‑м атрадам (пазней партызанскі атрад 112‑ы Горацкі) і з лістапада 1943 г. да мая 1944 г. выконваў функцыі галаўной арганізацыі. Гэта аб’яднанне атрадаў у розны час фігуравала ў дакументах як гарнізон, брыгада «Звязда», 84‑е злучэнне.
Асноўныя баявыя дзеянні атрад вёў па абароне ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў раёна дыслакацыі, дзе ў маі 1944 г. пад аховай партызан знаходзілася больш за 3,5 тыс. мірных жыхароў. У маі 1944 г. разам з атрадам 112‑м Горацкім партызаны вялі абарончыя баі, прарвалі блакаду і выйшлі з акружэння. Наносілі ўдары на чыгуначных участках Магілёў — Крычаў, Орша — Шклоў.
Атрад злучыўся з Чырвонай арміяй 26 чэрвеня 1944 г., на той момант у ім налічваўся 801 партызан. Пасля злучэння Беларускі штаб партызанскага руху вызначыў 115‑ы атрад як брыгаду ў складзе чатырох атрадаў з кастрычніка 1943 г.
Камандзір Г. Р. Ленчыкаў; камісары: I. I. Лагімахаў, А. Ф. Палікарпаў.