pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 1‑я БУДА‑КАШАЛЁЎСКАЯ

Дата стварэння: 18.05.2024 09:45:20

Дата змены: 21.08.2025 09:50:46


Партыза́нская брыга́да 1‑я Бу́да-Кашалёўская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Буда-Кашалёўскага і Жлобінскага раёнаў Гомельскай вобласці.

Створана ў жніўні 1943 г. на базе атрадаў 262‑га імя В. П. Чкалава, 263‑га імя М. І. Кутузава, партызанскага атрада 108‑га імя Р. І. Катоўскага (арганізаваны ў сакавіку 1943), вылучаных партызанскай брыгадай 10‑й Журавіцкай. У верасні 1943 г. былі арганізаваны атрады імя А. В. Суворава і імя К. К. Ракасоўскага, атрад 108‑ы ў далейшым быў вылучаны са складу брыгады і дзейнічаў самастойна.

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунцы Гомель — Жлобін. Толькі ў ліпені — жніўні 1943 г. яны пусцілі пад адхон 27 варожых эшалонаў, знішчылі 47 аўтамашын, 12 мастоў, захапілі 10 кулямётаў, 13 аўтаматаў і 180 вінтовак. У жніўні — верасні 1943 г. падарвалі больш за 1 тыс. рэек.

Брыгада паатрадна злучылася з Чырвонай арміяй 2 кастрычніка, 20⁠–⁠25 лістапада і 2 снежня 1943 г., на той час уключала атрады 262‑і імя В. П. Чкалава, 263‑і імя М. І. Кутузава, імя А. В. Суворава, імя К. К. Ракасоўскага, налічвала 1 585 партызан.

Камандзір брыгады А. М. Дземчанка; камісар С. П. Каспрук; начальнікі штаба: А. Я. Фінадзееў, П. Я. Мацюшкоў.