ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ А. В. СУВОРАВА, Баранавіцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ А. В. СУВОРАВА

Дата стварэння: 18.05.2024 09:49:24

Дата змены: 15.05.2025 15:21:55


Партыза́нская брыга́да імя́ А. В. Суво́рава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Навамышскага і Гарадзішчанскага раёнаў Баранавіцкай вобласці (абодва раёны скасаваны, цяпер гэта тэрыторыя Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці).

Створана ў сакавіку 1944 г. на базе атрада імя А. В. Суворава (арганізаваны ў маі 1942, да мая 1943 атрад «Стралкова»), вылучанага з партызанскай брыгады Першамайскай. У час фарміравання ў брыгадзе арганізаваны атрады імя М. І. Кутузава і «Мсцівец».

Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках, шашэйных і грунтавых дарогах, вялі баі па ліквідацыі варожых апорных пунктаў, супраць карнікаў. У сакавіку — красавіку 1944 г. падарвалі 4 эшалоны, разбурылі 11 мастоў, знішчылі маёнтак каля г. п. Гарадзішча, правялі 4 баі. У ліпені правялі 9 баёў з разрозненымі групамі праціўніка, захапілі больш за 70 вінтовак, 4 кулямёты, 9 аўтамашын, боепрыпасы.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 6 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. В. Суворава, імя М. І. Кутузава, «Мсцівец», у якіх змагаліся 456 партызан.

Камандзіры брыгады: I. С. Кірын, В. Н. Галоўчанка; камісар Р. Л. Марахоўскі; начальнік штаба В. Я. Шахроў.