ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ПЕРШАМАЙСКАЯ, Баранавіцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ПЕРШАМАЙСКАЯ

Дата стварэння: 18.05.2024 09:54:02

Дата змены: 02.06.2025 10:34:15


Партыза́нская брыга́да Першама́йская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Карэліцкага, Навагрудскага, Мірскага, Гарадзішчанскага і Навамышскага раёнаў Баранавіцкай вобласці.

Створана ў маі 1943 г. загадам упаўнаважанага Цэнтральнага камітэта КП(б)‌Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Шчучынскай зоне на базе атрадаў «Грозны» (арганізаваны ў красавіку 1942), I. В. Маркава (арганізаваны ў ліпені 1942, пазней імя Р. І. Катоўскага), «Стралкова» (арганізаваны ў маі 1942, пазней імя А. В. Суворава), «Золатава» (арганізаваны ў чэрвені 1942, пазней імя 1 Мая) і «Кастрычнік» (арганізаваны ў студзені 1943). У лістападзе 1943 г. арганізаваны атрад імя А. А. Жданава, у кастрычніку — атрад імя С. М. Будзённага, у снежні — атрад імя Якуба Коласа.

У снежні 1943 г. з брыгады вылучаны атрады імя С. М. Будзённага, імя Р. І. Катоўскага, «Грозны» і на іх базе створана партызанская брыгада «25 гадоў БССР». У сакавіку 1944 г. на базе атрада імя А. В. Суворава створана партызанская брыгада імя А. В. Суворава.

Партызаны правялі шмат баёў па знішчэнні варожых гарнізонаў, супраць карных экспедыцый. У ліпені 1943 г. разам з кавалерыйскім атрадам Д. А. Дзенісенкі вялі абарончыя баі на правым беразе р. Нёман і разам з брыгадай імя Г. К. Жукава каля воз. Кромань. У верасні — кастрычніку 1943 г. здзейснілі 57 дыверсій, у выніку якіх падарвалі некалькі эшалонаў, знішчылі масты на чыгуначным участку Дварэц — Выгада і каля станцыі Дамашэвічы, 2 масты на р. Уша і каля в. Вялікія Жухавічы; на чыгуначным участку Баранавічы — Наваельня падарвалі больш за 900 рэек. У кастрычніку 1943 г. разграмілі абоз ворага каля в. Юравічы, знішчылі 34 аўтамашыны. У чэрвені 1944 г. паміж станцыямі Нёман і Яцукі падарвалі больш за 570 рэек, разам з брыгадай імя А. В. Суворава знішчылі варожы апорны пункт у в. Купіск (гл. Купіскія баі 1944 г.).

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 10 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя 1 Мая, «Кастрычнік», імя А. А. Жданава, імя Якуба Коласа, у якіх налічвалася 627 партызан.

Камандзір брыгады Н. Г. Кавалёў; камісары: А. I. Дзееў, М. I. Ільініч; начальнікі штаба: Б. А. Мічурын, П. М. Пярсідскі.

У гонар Першамайскай і іншых брыгад у в. Ярэмічы Карэліцкага pаёна ў 1979 г. была пастаўлена стэла.