pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА 4‑я КЛІЧАЎСКАЯ

Дата стварэння: 31.05.2024 10:52:16

Дата змены: 05.03.2025 09:05:52


Партыза́нская брыга́да 4‑я Клі́чаўская

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў Магілёўскай вобласці.

Створана ў лістападзе 1942 г. загадам Клічаўскага аператыўнага цэнтра на базе 152‑га, 720‑га, 115‑га атрадаў і Клічаўскага спецатрада. У снежні 1942 г. Клічаўскі спецатрад (гл. Партызанскі атрад 278‑ы Магілёўскай вобласці) вылучаны з брыгады і перададзены ў падпарадкаванне Клічаўскаму падпольнаму райкаму КП(б)‌Б. У красавіку 1943 г. атрад 720‑ы вылучаны з брыгады і перадыслацыраваны ў Чэрыкаўскі раён.

Партызаны вялі баі з ворагам за ўтрыманне і расшырэнне Клічаўскай партызанскай зоны, удзельнічалі ў разгроме гарнізона ў в. Суша Клічаўскага раёна (красавік 1943). Здзейснілі шэраг дыверсій на чыгуначнай лініі Асіповічы — Жлобін, з 10 лютага па 20 сакавіка 1943 г. на ўчастку Быхаў — Жлобін чыгуначнай лініі Магілёў — Жлобін падарвалі 4 эшалоны.

Брыгада расфарміравана ў маі 1943 г., атрады 152‑і і 115‑ы вызначаны як асобна дзейныя. У снежні 1942 г. у брыгадзе змагаліся з ворагам 466 партызан, колькасны склад на момант расфарміравання не вызначаны.

Камандзіры брыгады: Ф. С. Тарасевіч, М. Д. Грыцан; камісар С. М. Ігумнаў; начальнік штаба I. Ф. Рудаў.