Дата стварэння: 14.04.2023 11:08:41
Дата змены: 11.09.2024 14:12:40
Клі́чаўская партыза́нская зо́на
Тэрыторыя Клічаўскага, часткова сумежных з ім Асіповіцкага, Бялыніцкага, Бярэзінскага, Кіраўскага і іншых раёнаў Магілёўскай вобласці, якую кантралявалі партызаны.
Стварэнне зоны пачалося ў кастрычніку 1941 г., у ходзе баёў партызан за вызваленне Клічаўскага pаёна ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. У кастрычніку 1941 г. — сакавіку 1942 г. партызанскія атрады разграмілі больш за 80 варожых гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў на тэрыторыі Клічаўскага (у т. л. 20 сакавіка 1942 у г. Клічаў) і прылеглых да яго раёнаў (гл. Клічаўскія баі 1942, 1943 гг.). На сходзе камуністаў раёна ў в. Усакіна 3 красавіка 1942 г. прынята пастанова аб аднаўленні савецкай улады ў Клічаўскім раёне. Створаны Клічаўскі райкам КП(б)Б, райвыканкам, Клічаўскі аператыўны цэнтр. На канец 1942 г. вызваленая тэрыторыя складала каля 1,9 тыс. км²; яе ўтрымлівалі атрады 208‑ы, 277‑ы, 752‑і, 61‑ы, 128‑ы, 760‑ы, 620‑ы. На пачатку 1944 г. у зоне, тэрыторыя якой перавысіла 3 тыс. км², знаходзілася больш за 70 тыс. мірных жыхароў; абараняла яе больш за 18 тыс. партызан.
На тэрыторыі зоны базіраваліся ў жніўні — кастрычніку 1942 г. Бабруйскі падпольны міжрайкам КП(б)Б, з красавіка 1943 г. Магілёўскі падпольны абкам КП(б)Б, штаб Магілёўскай (абласной) ВАГ пры ім, а таксама Бялыніцкі, Бярэзінскі, Магілёўскі і іншыя падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся падпольныя газеты: абласная «За Радзіму», раённая «Голас партызана» і інш. З чэрвеня 1942 г. падтрымлівалася радыёсувязь, з ліпеня — авіясувязь з Вялікай зямлёй; у Клічаве і в. Галынка Бярэзінскага pаёна дзейнічалі партызанскія аэрадромы.
Абарона Клічаўскай партызанскай зоны забяспечвалася фарміраваннямі Клічаўскага партызанскага злучэння (3.4.1942 — 6.4.1943) і Магілёўскай ваенна-аператыўнай групай пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)Б (6.4.1943 — 28.6.1944) па абарончых рубяжах, што праходзілі па рэках Друць, Ольса, Суша, Бярэзіна і Нясета. Больш як 2 гады партызанскія атрады, палкі і брыгады, атрады самаабароны змагаліся з намнога большымі сіламі праціўніка ў атачэнні звыш 20 нямецкіх гарнізонаў, створаных 203‑й і 286‑й ахоўнымі дывізіямі і паліцэйскімі батальёнамі ўздоўж шашэйных дарог і на асобных участках чыгункі Магілёў — Асіповічы; выстаялі ў час карных аперацый «Хрушч», «Арол», «Іваноў», № 5, № 11 і іншых; нанеслі ворагу адчувальныя страты ў жывой сіле. У баях на Ольсе, ва Усакінскім лесе 30 чэрвеня — 9 жніўня 1942 г. партызаны разбілі гітлераўскі батальён «Бярэзіна», знішчылі частку асобага батальёна СС О. Дырлевангера і 608‑га ахоўнага палка, падарвалі бронемашыну з камандзірам палка, які камандаваў карнай групоўкай; толькі з 1 да 4 ліпеня 1942 г. у баях за вёскі Вялікая Старына і Стары Спор яны поўнасцю знішчылі 2 роты праціўніка (больш за 200 салдат і афіцэраў). У маі 1943 г. на рубяжах Усакінскага лесу народныя мсціўцы знішчылі каля 400 гітлераўцаў, але страцілі 199 сваіх таварышаў. У баях з праціўнікам, абараняючы зону і яе жыхароў, партызаны праяўлялі мужнасць, гераізм і самаахвярнасць: у час Кучынскага бою 1942 г. 15 байцоў 61‑га партызанскага атрада змагаліся да апошняга патрона, падарвалі гранатамі сябе разам з ворагамі. Стойкая абарона зоны забяспечвала партызанам амаль пастаянную сувязь з Вялікай зямлёй, абарону насельніцтва ад карнікаў, паспяховую баявую дзейнасць на камунікацыях праціўніка, супраць яго гарнізонаў і іншых аб’ектаў.
У чэрвені 1944 г. партызанскія фарміраванні зоны злучыліся з Чырвонай арміяй.
У Клічаве ў гонар партызан, якія вызвалілі гapадскі пасёлак у сакавіку 1942 г., насыпаны Курган Бессмяротнасці і пастаўлены помнік;
узведзены помнік на месцы прызямлення першага самалёта з Вялікай зямлі.