Дата стварэння: 14.04.2023 11:05:28
Дата змены: 11.09.2024 14:12:39
«Івано́ў» («Iwanow»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва Бярэзінскага, Бялыніцкага і Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці 25–26 жніўня 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Праводзілася сіламі 700‑га ахоўнага палка, узводаў жандармерыі, сапёрнага і музычнага, айнзацкаманды, спецыяльнай аўтакалоны для вывазу нарабаванай маёмасці і сельгаспрадукцыі. Кіравалі аперацыяй начальнік 813‑й палявой камендатуры (г. Магілёў) палкоўнік Шміт і зондэрфюрар Ендэн. У задачы карнікаў уваходзілі разгром партызанскіх фарміраванняў у раёне в. Дулебы, захоп ураджаю і гвалтоўны ўгон насельніцтва з вёсак, размешчаных на поўдзень ад шашы Беразіно — Бялынічы (вёскі Баравіца, Уюноўка, Дулебы, Заброддзе, Задор’е, Курганне, Несцераўка, Печы і Рубеж).
Карнікам было дадзена ўказанне «прымяняць самыя жорсткія меры пакарання да жыхароў вёсак, дзе адбылося супраціўленне... У тым выпадку, калі будзе аказвацца ўзброенае супраціўленне, вёска павінна быць спалена...».
Аднак на падыходах да вызначаных рубяжоў атакі на партызанскія пазіцыі гітлераўцы былі перахоплены каля в. Забалоцце Бялыніцкага раёна партызанскімі атрадамі 113‑м (гл. Партызанскі полк 113‑ы) і 121‑м (гл. Партызанскі полк 121‑ы імя А. М. Касаева), аўтакалона была разгромлена.
У в. Быковічы Бярэзінскага раёна (на паўдарозе да зборнага пункта карнікаў у в. Любушаны таго ж раёна) байцы 208‑га партызанскага атрада імя І. В. Сталіна (гл. Партызанскі полк 208‑ы імя I. В. Сталіна) у сустрэчным баі атакавалі і адкінулі да шашы штабную роту і адзін з батальёнаў 700‑га палка гітлераўцаў, прычынілі яму адчувальныя страты.
Карная аперацыя правалілася, партызаны абаранілі насельніцтва ад рабавання і знішчэння.