pdf

«АРОЛ»

Дата стварэння: 30.12.2022 12:13:00

Дата змены: 11.09.2024 14:47:52

«Аро́л» («Аdler»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партызанскай зоны 20 ліпеня — 10 жніўня 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны, працяг аперацыі «Хрушч».

Праводзілася сіламі баявой групы «Арол», якая складалася з часцей вышэйшага начальніка СС і паліцыі ў Цэнтральнай Расіі і Беларусі обергрупенфюрара СС і генерала паліцыі Э. фон дэм Бах-Зялеўскага, часцей 203‑й і 286‑й ахоўных дывізій, а таксама 2‑га паліцэйскага палка, двух артдывізіёнаў, узмоцненых каманд тайнай палявой паліцыі і СД і зондэркаманд пад агульным камандаваннем генерал-маёра І.‑Г. Рыхерта.

Мэта аперацыі: акружыць і знішчыць партызанскія атрады ў квадраце Беразіно — Бялынічы — Свіслач — Быхаў, расправіцца з насельніцтвам, захапіць і вывезці з раёна дзеяння запасы прадуктаў, збожжа, жывёлу.

На ўсім фронце партызанскай абароны пачаліся цяжкія баі. На асобных участках народныя мсціўцы вымусілі карнікаў заняць абарону. Усе атрады былі ў аператыўным падпарадкаванні камандавання 208‑га партызанскага атрада імя І. В. Сталіна (гл. Партызанскі полк 208‑ы імя I. В. Сталіна). Паводле рашэння Клічаўскага падпольнага райкама КП(б)Б і камандавання 25 ліпеня партызаны пакінулі г. п. Клічаў і пачалі адыход на паўночны ўсход, за чыгунку Асіповічы — Магілёў, ва Усакінскія лясы, дзе разлічвалі перагрупаваць сілы, папоўніць запасы ўзрыўчаткі і боепрыпасаў і выйсці ў зададзеныя раёны. З партызанамі адыходзілі мясцовыя жыхары, што ратаваліся ад карнікаў.

У канцы ліпеня ва Усакінскіх лясах сканцэнтравалася 11 партызанскіх атрадаў (больш за 2 тыс. байцоў) і некалькі тысяч жанчын, старых і дзяцей. Усе выхады з лесу гітлераўцы перакрылі, пачалася блакада. Лес падвяргаўся бамбёжкам, артылерыйскаму і мінамётнаму абстрэлу. Спроба Ваеннага савета Заходняга фронту даставіць боепрыпасы і медыкаменты самалётамі не ўдалася. Генерал-маёр І.‑Г. Рыхерт 30 ліпеня прапанаваў камандзіру 208‑га партызанскага атрада палкоўніку У. I. Нічыпаровічу заключыць перамір’е, але прапанова карнікаў была адхілена. У ноч на 3 жніўня 1‑я і 2‑я роты 208‑га атрада каля в. Усакіна знішчылі варожыя заслоны і забяспечылі партызанскім атрадам і мясцовым жыхарам выхад з акружэння.

Гітлераўцы праследавалі партызан, якія вырваліся з блакады, і ў сярэдзіне жніўня на паўночны ўсход ад г. Рагачоў і ў раёне г. Асіповічы правялі карныя аперацыі «Лютцаў» («Lutzow») і «Дружба» («Freundschaft»).

У час карных аперацый «Хрушч» і «Арол» з 30 чэрвеня да 10 жніўня карнікі загубілі больш за 1,5 тыс. цывільных жыхароў, захапілі больш за 3 тыс. галоў жывёлы, спалілі 31 вёску, у т. л. вёскі Дубна (загубілі 120 чалавек), Вязень, Гонча, Лаззё, Мяжное, Альхоўка, Астапаўка, Падстружжа і Палосы (усяго 57 чалавек), Рубеж і Усакіна (85 чалавек), Сялец Клічаўскага раёна; Бераснёўка (22 чалавекі), Гогаль (22 чалавекі), Кострычы (51 чалавек), Нямкі (36 чалавек), Новы Гарадок (27 чалавек), Сяліба (13 чалавек), Чыгірынка (14 чалавек) Кіраўскага раёна; Красніца 1‑я (696 чалавек), Ляжанка (15 чалавек) Быхаўскага раёна і інш.