Дата стварэння: 12.05.2023 10:55:59
Дата змены: 11.09.2024 15:57:11
Клі́чаўскія баі́ 1942, 1943 гг.
Баі партызанскіх фарміраванняў Магілёўскай вобласці супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у г. п. Клічаў 20 сакавіка 1942 г. і 21 красавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
У выніку баявых дзеянняў партызан Магілёўскай вобласці ў сакавіку 1942 г. нямецка-фашысцкія акупанты былі выгнаны амаль з усёй тэрыторыі Клічаўскага, часткова Асіповіцкага і Кіраўскага раёнаў, у Клічаве быў блакіраваны варожы гарнізон (каля 250 гітлераўцаў).
Партызанскія атрады завяршылі падрыхтоўку да аперацыі па разгроме клічаўскага гарнізона ў ноч на 20 сакавіка 1942 г. Пасля кароткага мітынгу партызаны рушылі на зыходныя пазіцыі. Галоўны ўдар па цэнтры пасёлка наносілі атрады Клічаўскі (камандзір А. С. Юркаўцаў; гл. у артыкуле Партызанскі полк 277‑ы) і В. I. Лівенцава (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 1‑я Бабруйская), якія былі ўзброены вінтоўкамі, аўтаматамі, а таксама мелі гармату і 3 кулямёты; з поўначы — атрад В. П. Свістунова (гл. у артыкуле Партызанская брыгада 14‑я Цемналеская). Шляхі магчымага адыходу праціўніка і прыбыцця варожых падмацаванняў кантралявалі атрад 620‑ы (В. М. Сырцоў; гл. Партызанскі атрад 620‑ы імя В. I. Чапаева) і частка атрада В. П. Свістунова.
На досвітку 20 сакавіка 1942 г. партызаны з двух бакоў уварваліся ў пасёлак. Узвод партызан на чале з I. К. Віталем і П. М. Вікторчыкам выбіў ворага з будынка былога райвыканкама. Частка гарнізона замацавалася ў 2‑павярховым мураваным будынку школы, частка — упарта супраціўлялася на паўднёвай ускраіне пасёлка, спрабавала прабіцца да дарогі на Бабруйск, бой за якую цягнуўся 3 гадзіны. У выніку 12‑гадзіннага бою Клічаў быў поўнасцю вызвалены, забіта каля 120 акупантаў, каля 50 узята ў палон, захоплена зброя праціўніка. У баі загінула 11, паранена 13 партызан.
З разгромам гарнізона ў Клічаве завяршылася вызваленне Клічаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, была створана Клічаўская партызанская зона, партызаны атрымалі магчымасць прымаць самалёты з Вялікай зямлі. На працягу трох месяцаў пасля сакавіцкага бою 1942 г. партызаны ўтрымлівалі Клічаў. Падчас карнай аперацыі «Арол» пад націскам намнога большых сіл праціўніка 25 ліпеня 1942 г. яны былі вымушаны пакінуць пасёлак.
Бой за Клічаў у красавіку 1943 г. быў часткаю плана па знішчэнні нямецка-фашысцкіх гарнізонаў, распрацаванага камандаваннем Магілёўскай ваенна-аператыўнай групы (ВАГ) пры Магілёўскім падпольным абкаме КП(б)Б. Каардынаваў дзейнасць партызанскіх брыгад начальнік штаба Магілёўскай ВАГ С. Г. Сідарэнка-Салдаценка. Клічаўскі гарнізон (каля 200 гітлераўцаў) меў на ўзбраенні гармату, 4 мінамёты, каля 20 кулямётаў і іншую зброю, быў умацаваны некалькімі дзотамі і сістэмай акопаў.
У адпаведнасці з планам партызанская брыгада 2‑я Клічаўская (камандзір І. З. Ізох) ва ўзаемадзеянні з партызанскай брыгадай 5‑й Клічаўскай (камандзір М. С. Міхалап) і ротай партызанскай брыгады 1‑й Клічаўскай (камандзір Я. М. Бяспоясаў) у 3 гадзіны раніцы 21 красавіка пачала наступаць на Клічаў з поўдня, уздоўж правага берага р. Ольса, партызанская брыгада 5‑я Клічаўская (атрады 61‑ы, 620‑ы, 760‑ы) — уздоўж цэнтра пасёлка. Ведаючы пра сканцэнтраванне партызан 277‑га атрада 2‑й Клічаўскай брыгады ў раёне зыходнага становішча, гітлераўцы спрабавалі знішчыць атрад. Партызаны прынялі бой і разграмілі ворага. Пры падтрымцы артылерыйскага і мінамётнага агню ў 4 гадзіны раніцы 21 красавіка 1943 г. народныя мсціўцы ўварваліся ў Клічаў і занялі яго, за выключэннем умацаваных пазіцый гарнізона. Аднак праціўнік атрымаў падмацаванне, выкліканая авіяцыя правяла масіраваную бамбардзіроўку. Паводле загаду камандавання ВАГ партызаны адышлі. У выніку бою гітлераўцы страцілі забітымі і параненымі каля 70 салдат і афіцэраў. Партызаны захапілі 3 кулямёты, мінамёт, 37 вінтовак, у баі страцілі траіх чалавек.
У гонар баявых дзеянняў партызан у 1942 г. у Клічаве ў 1967 г. насыпаны курган Славы, у 1957 г. пастаўлены помнік.