pdf

«ПРАРЫЎ»

Дата стварэння: 31.05.2024 11:09:15

Дата змены: 04.03.2025 15:00:24


location Google location Yandex

«Прарыў», мемарыяльны комплекс


ПРАРЫЎ, мемарыяльны комплекс

Скульптура партызана на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў».

ПРАРЫЎ, мемарыяльны комплекс

«Плошча памяці» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў».

ПРАРЫЎ, мемарыяльны комплекс

Выстава ваеннай тэхнікі на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў».

ПРАРЫЎ, мемарыяльны комплекс

Рэльефная карта-схема размяшчэння партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны (мемарыяльны комплекс «Прарыў»).

ПРАРЫЎ, мемарыяльны комплекс

«Лясная школа» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў».

ПРАРЫЎ, мемарыяльны комплекс

«Палявая кухня» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў».

ПРАРЫЎ, мемарыяльны комплекс

Бронзавая кампазіцыя «Апошні прывал» на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу «Прарыў».

ПРАРЫЎ, мемарыяльны комплекс

Мемарыяльны комплекс «Прарыў».

«Прары́ў»

Мемарыяльны комплекс. Помнік партызанскай славы, філіял Ушацкага музея народнай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Е. Лабанка (з 29.3.1978).

Адкрыты 30 чэрвеня 1974 г. на месцы прарыву партызанскімі брыгадамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны нямецка-фашысцкай блакады (5.5.1944). Ідэя стварэння мемарыяла ўзнікла падчас сустрэчы былых партызан — удзельнікаў Полацка-Лепельскай бітвы 1944 г. Мемарыял знаходзіцца каля в. Пліна Ушацкага раёна Віцебскай вобласці за 7 км ад райцэнтра на шашы Ушачы — Зябкі. Агульная плошча комплексу 3,59 га.

Аўтары мемарыяльнага комплексу — архітэктары Ю. М. Градаў, Л. М. Левін, скульптар А. А. Анікейчык. Матэрыялы, якія выкарыстоўваліся пры ўзвядзенні, — бетон, бронза, сілумін.

Увесь мемарыяльны ансамбль пабудаваны такім чынам, што наведвальнік рухаецца ў тым жа кірунку, у якім ішлі на прарыў блакады партызаны ў ноч з 4 на 5 мая 1944 г. У пачатку мемарыяла — забетанаваны ўчастак шляху, каля дарогі — рэльефная карта-схема размяшчэння 16 партызанскіх брыгад на 11 красавіка 1944 г. Дарога звужаецца бетоннымі сценамі, на якіх размешчаны сілумінавыя таблічкі з назвамі партызанскіх брыгад, што ўдзельнічалі ў прарыве. Гэтыя сцены-пілоны з’яўляюцца сімвалам прарванай блакады.

Асноўным эмацыянальным элементам мемарыяла з’яўляецца 7‑метровая бронзавая фігура партызана з аўтаматам у руцэ на вяршыні ўзгорка ў разрыве 11‑метровай бетоннай сцяны-груды. Фігура нібы выхаплена з шэрагу тых, хто атакуе, у момант апошняга рыўка наперад — і застывае ў дынаміцы.

Скульптура Партызана ўзвышаецца над мемарыяльным полем — «Плошчай Памяці», направа ад яе знаходзіцца брацкая магіла, дзе пахавана 450 партызан і мірных жыхароў, якія загінулі падчас прарыву блакады. Іх імёны ўвекавечаны на 10 мемарыяльных плітах. На астатніх 28 мемарыяльных плітах увекавечана больш за 1,5 тыс. імёнаў партызан, якія загінулі ў час блакады з 11 красавіка па 5 мая 1944 г. Сярод пахаваных у брацкай магіле камісар партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь» (Віцебскай вобласці) М. Г. Жыжоў, камісар партызанскай брыгады імя В. I. Чапаева (Віцебскай вобласці) I. Ф. Каранеўскі. У 2023 г. на мемарыяле было ўвекавечана імя камандзіра партызанскай брыгады «За Савецкую Беларусь», Героя Савецкага Саюза П. М. Раманава. Каля манумента запалены Вечны агонь.

У дні святкавання 40‑годдзя пачатку масавага партызанскага руху на Ушаччыне 12 ліпеня 1982 г. быў закладзены «Парк партызанскай славы» (пасаджана 17 відаў дрэў) у гонар партызанскіх брыгад, якія дзейнічалі ў рэгіёне. Вянчае комплекс бронзавая кампазіцыя «Апошні прывал» — карабіны, складзеныя ў выглядзе піраміды, і стужка з надпісам «Яны загінулі ў барацьбе з ворагам, выканаўшы свой святы абавязак перад Савецкай Радзімай і гісторыяй». У глыбі мемарыяльнага поля, як сімвал моцы і непахіснасці кожнай з партызанскіх брыгад, пасаджаны дубняк з 16 дрэў.

У 2005 г. на мемарыяльным комплексе быў выкананы касметычны рамонт фігуры Партызана, праведзены работы па кладцы пліткі і рамонце бетоннага пакрыцця.

У 2015–2016 гг. на мемарыяле праводзіліся работы па рэстаўрацыі і рэканструкцыі, у выніку якіх на яго тэрыторыі была створана імправізаваная «Партызанская вёска», якая складаецца з трох тэматычных зямлянак («Жылая», «Друкарня. Чырвоны куток», «Штабная»), аб’ектаў «Лясная школа» і «Палявая кухня», з’явілася выстаўка ваеннай тэхнікі.