ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «У ІМЯ РАДЗІМЫ», Беластоцкай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «У ІМЯ РАДЗІМЫ»

Дата стварэння: 31.05.2024 11:16:59

Дата змены: 02.06.2025 11:12:10


Партыза́нская брыга́да «У імя́ Радзі́мы»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бранскага, Бельскага, Лапскага, Свіслацкага раёнаў Беластоцкай вобласці і Гайнаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

Створана ў кастрычніку 1943 г. на базе атрада «За Радзіму» (арганізаваны ў студзені 1943 у партызанскай брыгадзе 27‑й імя В. І. Чапаева Мінскай вобласці, у жніўні 1943 вылучаны з брыгады і ўключаны ў Беластоцкае партызанскае злучэнне), пры гэтым 1‑я рота пераўтворана ў атрад імя М. І. Кутузава, 2‑я — у атрад імя Багдана Хмяльніцкага. У сакавіку 1944 г. арганізаваны атрады імя А. Я. Пархоменкі (на базе партызанскіх груп, якія дзейнічалі ў Бельскім раёне) і імя Ф. Э. Дзяржынскага (на базе партызанскіх груп, якія дзейнічалі ў Гайнаўскім і Свіслацкім раёнах), у красавіку 1944 г. — атрад імя Г. К. Жукава (на базе партызанскіх груп, якія дзейнічалі ў Бранскім раёне).

Партызаны атрада ў г. Клецк і яго ваколіцах знішчылі фабрыку шарсцяных і лямцавых вырабаў, аўтарамонтную майстэрню. У верасні 1943 г. у выніку дыверсіі на чыгуначным участку Лунінец — Баранавічы рух спынены на чацвёра сутак. У кастрычніку — лістападзе 1943 г. у час рэйду з Клецкага pаёна ў Беластоцкую вобласць на чыгунцы Баранавічы — Брэст разбурылі 2 км чыгуначнага палатна.

За ўвесь перыяд баявых дзеянняў правялі больш за 150 баявых аперацый, пусцілі пад адхон больш за 30 эшалонаў, знішчылі 33 аўтамашыны, 43 масты, вялі сустрэчныя баі. Пасля жорскіх баёў з ворагам стварылі базу ў Белавежскай пушчы, блакіравалі нямецкі гарнізон у в. Белавежа, кантралявалі і ахоўвалі рэзерват з зубрамі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй паатрадна 17 ліпеня — 1 жніўня 1944 г. (атрады імя М. І. Кутузава, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя Багдана Хмяльніцкага, імя А. Я. Пархоменкі, імя Г. К. Жукава). У атрадах змагаліся 623 партызаны.

Камандзір брыгады М. Р. Янкоўскі, камісар М. I. Чуркін, начальнік штаба У. П. Трыгубаў.