pdf

ПЫШНЯНСКІЯ БАІ 1943 г.

Дата стварэння: 31.05.2024 11:19:13

Дата змены: 03.06.2025 11:32:05


ПЫШНЯНСКІЯ БАІ 1943 г.

Карціна М. І. Абрыньбы «Бой за Пышна».

Пышня́нскія баі́ 1943 г.

Гераічная абарона партызанамі в. Пышна Лепельскага раёна Віцебскай вобласці 19 мая — 9 чэрвеня 1943 г.; састаўная частка баёў партызан Мінскай і Віцебскай абласцей супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час карнай аперацыі «Котбус» у гады Вялікай Айчыннай вайны.

У канцы 1942 г. партызанская брыгада Чашніцкая «Дубава» разграміла варожы гарнізон у в. Пышна, стварыла там апорны пункт, устанавіла кантроль за чыгункай Лепель — Пышна — Докшыцы — Параф’янава, якая злучала нямецкую 3‑ю танкавую армію (камандзір генерал-палкоўнік Г. Рэйнгарт) з яе тыламі. Гітлераўцы без поспеху спрабавалі захапіць Пышна (снежань 1942, студзень 1943).

У чатыры гадзіны раніцы 19 мая 1943 г. вораг (адзін полк) пачаў наступленне на Пышна. Яе абаранялі партызанскія атрады М. М. Дзідзенкі, роты I. Ф. Карнеенкі, Б. П. Звонава і іншыя падраздзяленні. Партызаны адбілі атакі праціўніка. Потым вораг стаў бамбіць вёску і яе наваколле. Карнікі 23 мая наступалі на Пышна з боку могілак і смалакурнага завода. Партызаны ўвялі ў бой дадатковыя сілы (роты М. М. Клачкова, А. А. Суконькі і інш.), адбілі атакі нямецкіх паліцэйскіх батальёнаў СС, знішчылі шмат гітлераўцаў, захапілі некалькі гармат і іншую зброю. Карнікі падцягнулі да вёскі новыя сілы, вялі разведку боем. Для ўмацавання абароны Пышна дадаткова былі вылучаны 4‑ы атрад партызанскай брыгады Чашніцкай «Дубава», а таксама атрады партызанскіх брыгад імя С. М. Кароткіна, імя В. І. Чапаева, імя П. К. Панамарэнкі, «Жалязняк» і імя ЦК КП(б)‌Б. Вакол Пышна былі створаны 2 кальцы абароны.

Раніцай 8 чэрвеня пасля артылерыйскай падрыхтоўкі і бамбардзіроўкі, пры дымавой заслоне, вораг пры падтрымцы танкаў пачаў наступленне па ўсёй лініі абароны, высадзіў дэсант аўтаматчыкаў у раён в. Зароўе Лепельскага раёна. Моцны ўдар праціўніка ў цэнтры абароны прыняў атрад Д. Л. Місунова. Мужна змагаліся атрад Д. Ц. Караленкі, рота Г. I. Крацянка́, узводы Н. Касых, Я. С. Сабаева і інш. Цяжкія баі ішлі па ўсёй лініі абароны Савін Дуб — Закаліўе — Пышна — Старынка — Навасёлкі. Каб пазбегнуць вялікіх страт, камандаванне партызанкіх брыгад прыняло рашэнне адысці. Выкарыстаўшы захопленую разведкай карту з планамі карнікаў, партызаны адарваліся ад ворага. Нямецкая аператыўная група «Норд» генерал-маёра К. Г. Дармагена замкнула кальцо акружэння вакол ляснога масіву Пышна — Пуцілкавічы — Лагі — Карчы — Лясіны, але партызан там ужо не было. З 9 да 21 чэрвеня нямецкія паліцэйскія войскі СС без поспеху прачэсвалі лес.

Подзвіг абаронцаў в. Пышна стаў тэмай карціны «Бой за Пышна» партызанскага мастака М. І. Абрыньбы.