Дата стварэння: 13.06.2024 09:22:40
Дата змены: 24.03.2026 10:38:16
Жло́бінскі падпо́льны міжрайка́м КП(б)Б
Жлобінскі падпольны міжраённы камітэт КП(б)Б.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Жлобінскага і Стрэшынскага раёнаў Гомельскай вобласці.
Створаны 29 чэрвеня 1942 г. як Жлобінскі раённы падпольны партыйны цэнтр рашэннем Гомельскага абкама КП(б)Б, які знаходзіўся ў савецкім тыле (у Маскве), для кіраўніцтва барацьбой партыйных арганізацый і партызанскіх атрадаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 3 ліпеня 1942 г. быў зацверджаны склад цэнтра. Цэнтральны камітэт КП(б)Б 25 жніўня 1942 г. зацвердзіў яго стварэнне, перайменаваўшы ў падпольны міжраённы камітэт. У верасні 1942 г. група Д. Ц. Шыбінскага выйшла ў Стрэшынскі раён, група І. А. Крышнева — у Жлобінскі, 24 верасня групы аб’ядналіся, быў створаны атрад «Смерць фашызму».
Міжрайкам пачаў дзейнічаць у кастрычніку 1942 г.
Узначальваў баявую і партыйна-палітычную работу ў Жлобінскім і Стрэшынскім раёнах, накіроўваў дзейнасць Жлобінскага падпольнага міжрайкама ЛКСМБ.
Базіраваўся ў атрадзе «Смерць фашызму».
Друкаванага органа не меў.
Скасаваны ў маі 1943 г. у сувязі з выкананнем ускладзеных на яго задач па ўтварэнні Жлобінскага падпольнага райкама КП(б)Б і Стрэшынскага падпольнага райкама КП(б)Б, якія ў далейшым падпарадкоўваліся непасрэдна Гомельскаму падпольнаму абкаму КП(б)Б. Атрад «Смерць фашызму» раздзяліўся на атрады «Смерць фашызму» (гл. Партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі Гомельскай вобласці) і «Жалязняк» (гл. Партызанская брыгада «Жалязняк» Гомельскай вобласці), зонай дзейнасці першага быў вызначаны Стрэшынскі раён, другога — Жлобінскі раён.
Сакратар міжрайкама Д. Ц. Шыбінскі (адначасова камісар атрада «Смерць фашызму»); члены міжрайкама: К. К. Карпенка, I. А. Крышнёў (адначасова камандзір атрада «Смерць фашызму»).