pdf

ЖЫТКАВІЦКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 13.06.2024 09:23:22

Дата змены: 10.11.2025 11:50:14


Жы́ткавіцкае парты́йна-камсамо́льскае падпо́лле

Дзейнічала ў г. п. Жыткавічы і Жыткавіцкім раёне Палескай вобласці з сакавіка да лістапада 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Аб’ядноўвала 20 чалавек, у т. л. 11 камуністаў і камсамольцаў. Кіраўнік — Е. Я. Гораў. Трымала сувязь з партызанскай групай У. I. Глушчэні і разведвальна-дыверсійнай групай.

Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва і салдат вайсковых фарміраванняў ворага, распаўсюджвалі лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан бланкі нямецкіх дакументаў, харчы, медыкаменты, паведамлялі аб руху воінскіх эшалонаў і ахове чыгункі Гомель — Брэст, размяшчэнні войск праціўніка. Каля чыгуначнага раз’езда Дзедаўка падарвалі воінскі эшалон; узарвалі склады: каля раз’езда Брынёва — з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, каля чыгуначнай станцыі Старушкі — з артылерыйскімі снарадамі, у Жыткавічах — са зброяй. Спалілі склад з сенам і некалькі будынкаў устаноў акупантаў, пусцілі пад адхон 6 эшалонаў ворага.

У барацьбе з акупантамі загінулі I. К. Барабаш, Е. Я. Гораў, І. Я. Гораў, Ф. Дзяткоўскі, Л. П. Корж, Я. С. Мацвеявец, I. В. Мацюнін, І. Хомчанка, Р. А. Цыгікалаў, В. П. Ярмош, М. Г. Ярмош.