ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ В. У. КУЙБЫШАВА, Пінскай вобласці
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА ІМЯ В. У. КУЙБЫШАВА

Дата стварэння: 14.06.2024 14:51:19

Дата змены: 11.09.2024 14:59:13


Партыза́нская брыга́да імя́ В. У. Ку́йбышава

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Целяханскага і Лагішынскага раёнаў Пінскай вобласці.

Створана ў лістападзе 1943 г. на базе атрадаў: імя В. У. Куйбышава (арганізаваны ў маі 1943; у лютым 1944 атрымаў імя А. Ф. Баруцкага, партызана, які гераічна загінуў у баі ў студзені 1943), імя Р. К. (Сярго) Арджанікідзэ (арганізаваны ў маі 1943), вылучаных партызанскай брыгадай імя У. І. Леніна Пінскай вобласці, імя Л. М. Кагановіча (сфарміраваны ў ліпені 1943 у партызанскай брыгадзе імя С. М. Кірава, з жніўня дзейнічаў самастойна) і групы Д. А. Ліпаткіна (68 чалавек). У лютым 1944 г. арганізаваны атрад імя М. А. Шчорса.

Партызаны праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага. Знішчылі 32 аўтамашыны, 7 чыгуначных мастоў, 74 масты на шашэйных і грунтавых дарогах і 52,3 км тэлефонна-тэлеграфнай лініі. У ноч на 20 чэрвеня 1944 г. на чыгунцы Лунінец — Пінск падарвалі каля 580 рэек. У ліпені 1944 г. мініравалі грунтавыя дарогі Лунін — Багданаўка — Пагост-Загародскі — Лагішын, каля гэтых дарог вялі баі з праціўнікам, які адступаў.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 10 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя А. Ф. Баруцкага, імя М. А. Шчорса, імя Р. К. Арджанікідзэ, у якіх налічваўся 771 партызан. Разам з часцямі Чырвонай арміі 12–14 ліпеня 1944 г. брыгада ўдзельнічала ў вызваленні райцэнтра Лагішын, в. Лунін і станцыі Лоўча.

Камандзір брыгады У. М. Антановіч, камісар Ф. С. Міхалковіч, начальнік штаба З. У. Сысоеў.