pdf

ПАРТЫЗАНСКІ АТРАД 10-ы

Дата стварэння: 04.07.2024 10:01:19

Дата змены: 11.09.2024 14:59:46

Партыза́нскi атра́д 10‑ы

Дзейнічаў у час Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Бялыніцкага, Круглянскага і Шклоўскага раёнаў Магілёўскай вобласці, Аршанскага, Лепельскага і Талачынскага раёнаў Віцебскай вобласці.

Створаны ў красавіку 1942 г. тэрыторыі Сісенеўскай лясной дачы Шклоўскага раёна, з 28 мая ўваходзіў у партызанскую брыгаду «Чэкіст» Магілёўскай вобласці, са жніўня 1943 г. асобны атрад Шклоўскай ваенна-аператыўнай групы Магілёўскай вобласці. Да красавіка 1943 г. называўся па прозвішчах камандзіраў атрада, затым 10‑ы.

Партызаны наносілі ўдары па ўчастках чыгункі Барысаў — Орша (лінія Мінск — Орша), Орша — Шклоў (лінія Орша — Магілёў), 22 чэрвеня 1942 г. каля в. Дымава Шклоўскага раёна ўдзельнічалі ў разгроме карнікаў, у кастрычніку 1943 г. і чэрвені 1944 г. — варожых гарнізонаў у вёсках Прыгані Круглянскага і Лотва Шклоўскага раёнаў. У час аперацыі «Рэйкавая вайна» 4 жніўня 1943 г. на поўдзень ад чыгуначнай станцыі Лотва на лініі Орша — Магілёў у Шклоўскім раёне падарвалі каля 60 рэек. У час Беларускай аперацыі 1944 г. 28 чэрвеня 1944 наносілі ўдары па ворагу, які адступаў па дарозе Шапялевічы (Круглянскі раён) — Сомры (Крупскі раён Мінскай вобласці).

Атрад (376 партызан) злучыўся з Чырвонай арміяй 29 чэрвеня 1944 г.

Камандзіры атрада: I. Д. Буланаў, А. С. Дзянісаў, П. I. Маркаў (загінуў), М. С. Дзякаў, I. М. Крымцоў (загінуў), А. А. Белабрагін; камісары: Д. Я. Пракапец, Ф. А. Грышанаў; начальнікі штаба: С. М. Красоўскі, М. А. Праказаў.