pdf

ПАЦАВАСЛАБОДСКІЯ БАІ 1943, 1944 гг.

Дата стварэння: 09.07.2024 14:50:01

Дата змены: 03.06.2025 10:27:02


Пацаваслабо́дскія баі́ 1943, 1944 гг.

1. Бой у Вялікую Айчынную вайну паміж партызанскім палком 277‑м і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Пацава Слабада Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці ў ноч на 29 кастрычніка 1943 г.

Партызаны разграмілі пацаваслабодскі гарнізон праціўніка. У выніку двухгадзіннага бою быў поўнасцю знішчаны штаб 621‑га нямецкага артылерыйскага палка, які размяшчаўся ў гарнізоне, захоплены яго дакументы, забіта і паранена больш за 100 гітлераўцаў.


2. Аперацыя партызанскага палка 277‑га і партызанскага атрада 278‑га, праведзеная ў ноч на 23 сакавіка 1944 г., па адначасовым разгроме нямецка-фашысцкіх гарнізонаў у вёсках Пацава Слабада і Малінаўка. Была падрыхтавана па ініцыятыве камандзіра Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы I. З. Ізоха і начальніка штаба М. А. Баранава. Разведка партызан устанавіла, што ў в. Пацава Слабада, гарнізон у якой налічваў каля 80 гітлераўцаў, прыбыў на адпачынак зенітны батальён 4‑й танкавай арміі; у гарнізоне ў в. Малінаўка, што знаходзіўся непадалёку, было каля 50 акупантаў.

Партызаны 277‑га палка амаль адначасова атакавалі фашысцкія гарнізоны ў вёсках Пацава Слабада і Малінаўка, узвод 278‑га атрада, каб не дапусціць падыходу варожых падмацаванняў, арганізаваў засаду ў в. Казулічы. Партызаны бясшумна праніклі ў в. Пацава Слабада, акружылі дамы, дзе размяшчаліся акупанты, раззброілі варожы патруль, закідалі дамы гранатамі. У выніку раптоўнага налёту праціўнік не змог арганізаваць супраціўленне. Контратака часткі пацаваслабодскага гарнізона была паспяхова адбіта народнымі мсціўцамі. У баі партызаны знішчылі 78 гітлераўцаў, дваіх узялі ў палон, спалілі 35 аўтамашын, мотарамонтную майстэрню, шмат тэхнікі, захапілі 40 вінтовак, 3 кулямёты, 3 пісталеты, вялікую колькасць боепрыпасаў, харчавання, медыкаменты. Страты партызан: 4 чалавекі забіты, 8 паранена.