pdf

АДЗІНАЦЦАТАЯ ГВАРДЗЕЙСКАЯ АРМІЯ

Дата стварэння: 12.04.2023 10:30:07

Дата змены: 11.09.2024 14:48:27

Адзіна́ццатая гвардзе́йская а́рмія

Утворана 16 красавіка 1943 г. шляхам рэарганізацыі 16‑й арміі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Першапачаткова складалася з двух стралковых карпусоў і адной дывізіі. Уваходзіла ў склад Заходняга, з 30 ліпеня — Бранскага, з 10 кастрычніка — Прыбалтыйскага, з 20 кастрычніка 1943 г. — 2‑га і 1‑га Прыбалтыйскіх франтоў. У красавіку — маі 1944 г. у рэзерве Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандавання. З 24 мая 1944 г. да 15 жніўня 1945 г. армія знаходзілася ў складзе 3‑га Беларускага фронту (толькі ў лютым 1945 была 2 тыдні ў складзе 1‑га Прыбалтыйскага фронту).

Удзельнічала ў Арлоўскай аперацыі 1943 г. і Бранскай аперацыі 1943 г., дзе ў яе складзе былі 8‑ы, 16‑ы, 35‑ы гвардзейскія стралковыя карпусы, 5‑ы танкавы корпус і 108‑я стралковая дывізія. За ўдзел у Гарадоцкай аперацыі 1943 г. чатыром стралковым дывізіям арміі было прысвоена ганаровае найменне «Гарадоцкія». Летам 1944 г. армія ў складзе 8‑га, 16‑га і 35‑га стралковых карпусоў, 2‑га Тацынскага танкавага корпуса, 120‑й танкавай брыгады, чатырох танкавых і трох самаходных артылерыйскіх палкоў удзельнічала ў Беларускай аперацыі. Яна прарвала глыбока эшаланіраваную абарону ворага на аршанскім напрамку і ва ўзаемадзеянні з іншымі арміямі ўдзельнічала ў вызваленні гарадоў Орша, Барысаў, Мінск, Маладзечна, Алітус (гл. Віцебска-Аршанская аперацыя 1944 г., Мінская аперацыя 1944 г., Вільнюская аперацыя 1944 г.) і іншых населеных пунктаў Беларускай ССР і Літоўскай ССР. Шэраг часцей і злучэнняў арміі, якія вызначыліся ў баях пры вызваленні гарадоў БССР, быў удастоены ганаровых найменняў і ўзнагароджаны ордэнамі.

Падраздзяленні арміі вызначыліся пры фарсіраванні р. Нёман у Літве, захапілі і ўтрымалі плацдарм на левым беразе ракі. У далейшым армія вяла баі ва Усходняй Прусіі, дзе ўдзельнічала ў Гумбіненскай, Усходне-Прускай і Земландскай аперацыях. У канцы вайны яна ўваходзіла ў склад Земландскай групы войск фронту.

За час вайны армія вызваліла 14 буйных гарадоў, удзельнічала ў 21 наступальнай і абарончай аперацыях.

Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 97 воінам арміі, дзясяткі тысяч воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР.

Камандуючыя: генерал-лейтэнант, з 27 жніўня 1943 г. генерал-палкоўнік I. X. Баграмян (красавік — лістапад 1943); генерал-маёр А. С. Ксенафонтаў (лістапад 1943); генерал-лейтэнант, з 28 чэрвеня 1944 г. генерал-палкоўнік К. М. Галіцкі (лістапад 1943 — да канца вайны).