Дата стварэння: 12.04.2023 10:34:03
Дата змены: 11.09.2024 15:08:53
Бара́навіцкая стралко́вая дыві́зія
Баранавіцкая гвардзейская стралковая Чырванасцяжная ордэнаў Леніна і Суворава дывізія.
Сфарміравана ў 1918 г. у г. Курган (Расія) як 5‑я стралковая дывізія. Са снежня 1920 г. называлася Саратаўскай, са снежня 1921 г. — Віцебскай, у 1923 г. ёй прысвоена імя Чэхаславацкага пралетарыяту. Удзельнічала ў Грамадзянскай вайне на Усходнім і Заходнім франтах, у вызваленні Заходняй Беларусі ў 1939 г. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны налічвала 3 стралковыя і 2 артылерыйскія палкі.
У складзе 11‑й, 27‑й і 1‑й гвардзейскай армій удзельнічала ў абарончых баях у раёне г. Дрыса, на Паўночна-Заходнім фронце, у Маскоўскай і Сталінградскай бітвах, у баях за Данбас і вызваленне Левабярэжнай Украіны. Пераўтворана ў 44‑ю гвардзейскую стралковую дывізію 5 кастрычніка 1942 г.
З лістапада 1943 г. і да канца вайны ў складзе 65‑й арміі на Беларускім і 1‑м Беларускім франтах. Удзельнічала ў Гомельска-Рэчыцкай аперацыі 1943 г. і Калінкавіцка-Мазырскай аперацыі 1944 г., летам 1944 г. — у Беларускай аперацыі 1944 г. Вызначылася ў баях пры вызваленні г. Баранавічы, за што ўдастоена ганаровага наймення «Баранавіцкая» (27.7.1944). Пасля дывізія ўдзельнічала ў Млаўска-Эльбінгскай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацыях.
Камандзіры: палкоўнік Ф. П. Озераў (чэрвень — жнівень 1941); палкоўнік А. I. Светлякоў (жнівень — верасень 1941); падпалкоўнік П. С. Цялкоў (верасень — лістапад 1941); генерал-маёр У. Р. Вашкевіч (лістапад — снежань 1941); палкоўнік П. С. Ерашэнка (снежань 1941 — люты 1942); палкоўнік, з лістапада 1942 г. генерал-маёр Д. А. Купрыянаў (люты — жнівень 1942, верасень 1942 — ліпень 1943); палкоўнік М. А. Крымскі (верасень 1942); палкоўнік М. В. Каркішка (ліпень 1943 — студзень 1944); палкоўнік П. Г. Пятроў (студзень — чэрвень 1944); генерал-маёр У. А. Барысаў (чэрвень 1944 — май 1945).