Дата стварэння: 12.04.2023 10:40:02
Дата змены: 11.09.2024 16:10:52
Дама́чаўскія баі́ 1943 г.
Баі паміж партызанамі атрадаў імя К. Я. Варашылава, імя Г. К. Жукава, партызанскай брыгады імя I. В. Сталіна (Брэсцкай вобласці) і нямецка-фашысцкімі захопнікамі на чыгуначнай станцыі Дамачава-Таварная 23 кастрычніка 1943 г. і ў г. п. Дамачава Брэсцкай вобласці 22 лістапада 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
У ноч на 23 кастрычніка 1943 г. на чыгуначнай станцыі Дамачава-Таварная партызаны атрадаў імя К. Я. Варашылава (камандзір В. М. Грабянёў) і імя Г. К. Жукава (В. У. Каткоў) узарвалі ўзведзеныя гітлераўцамі ўмацаванні, разбурылі станцыйнае абсталяванне, спалілі эшалон з хлебам і бульбай, які быў прызначаны для адпраўкі ў Германію, знішчылі 18 гітлераўцаў.
Гарнізон праціўніка ў Дамачаве налічваў каля 150 салдат вермахта, якія размяшчаліся за 400 м ад пасёлка ў 2‑павярховым школьным будынку з цэглы, прыстасаваным для кругавой абароны, і каля 100 салдат паліцыі і жандармерыі, якія занялі пазіцыі ў найбольш трывалых будынках у цэнтры пасёлка.
Падрыхтоўка да разгрому гарнізона вялася каля трох тыдняў. У аперацыі ўдзельнічаў партызанскі атрад імя К. Я. Варашылава. Група прыкрыцця 22 лістапада блакіравала шашу Брэст — Уладава на перакрыжаванні дарог з вёсак Ляплёўка і Дубіца, зрабіла засады на дарогах з боку вёсак Тамашоўка і Славацічы. Другая група паралізавала шчыльным агнём праціўніка ў будынку школы. Штурмавая група імклівым кідком захапіла паліцэйскі ўчастак.
У выніку бою былі знішчаны памяшканні гарнізона; захоплены зброя, абмундзіраванне, 200 галоў буйной жывёлы і харчаванне, якое акупанты нарабавалі ў насельніцтва. Партызаны вывелі са строю больш за 50 гітлераўцаў, страцілі двух чалавек забітымі і трох параненымі.