Дата стварэння: 12.04.2023 11:12:27
Дата змены: 11.09.2024 16:10:52
Дняпро́ўска-Бу́гская апера́цыя 1943 г.
Праведзена партызанскай брыгадай імя В. М. Молатава Пінскай вобласці з мэтай вывесці са строю шлюзы, плаціны і вадаспускі Дняпроўска-Бугскага канала і сарваць перавозкі праціўніка ў час Вялікай Айчыннай вайны. Распрацавана Беларускім штабам партызанскага руху ў канцы 1942 г.
У лютым — сакавіку 1943 г. дыверсійныя групы атрадаў імя С. Г. Лазо, імя М. І. Кутузава, імя А. В. Суворава вывелі са строю Оўзіцкі, Ляхавіцкі, Рагадашчаўскі, у маі — шлюзы «Пераруб» і Радастаўскі на Белаазерскім канале.
У пачатку лета 1943 г. праціўнік спрабаваў аднавіць Дняпроўска-Бугскі канал і пусціць яго ў эксплуатацыю. Дзеля гэтай мэты прыбыла аднаўленчая каманда ў складзе батальёна, якую прыкрывала 6 ваенных катараў рачной флатыліі. Пачаліся рамонтныя работы.
Даведаўшыся аб намерах праціўніка, камандаванне партызанскай брыгады імя В. М. Молатава ў ноч на 19 чэрвеня 1943 г. сіламі трох атрадаў (каля 400 чалавек) правяло аперацыю па вывадзе са строю Гарадзецкага, Ляхавіцкага, Оўзіцкага, Перарубскага, Селішчанскага, Старога і Новага Рагадашчаўскага гідравузлоў. Каб адцягнуць увагу ворага, атрады імя І. В. Сталіна і імя У. Р. Нямытава завязалі бой у раёне в. Патапавічы, дзе знаходзіліся асноўныя сілы праціўніка і ваенныя катары. Астатнія сілы брыгады атакавалі пералічаныя вышэй аб’екты і знішчылі іх.
У аперацыі праціўнік страціў 12 чалавек забітымі і 36 параненымі, партызаны — 4 чалавекі параненымі. Узровень вады ў Дняпроўска-Бугскім канале панізіўся да 30–60 см, 120 км канала на ўчастку Пінск — Кобрын сталі непрыдатныя для эксплуатацыі. Перакінутыя з Дняпра 129 суднаў праціўніка засталіся ў порце г. Пінск і ў ліпені 1944 г. былі захоплены Дняпроўскай ваеннай флатыліяй.
Ковальский П. М. Годы огневые // Буг в огне / сост. А. А. Крупенников [и др.]. – Минск: Беларусь, 1977.
Літвін А. М. Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. Т. 3: Гімназіі—Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996.
Літвін А. М. Дняпроўска-Бугская аперацыя, 1943 // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Іванаўскага раёна / Рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 2000.
Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.
Литвинчук В. А. Там, за Днепро-Бугом. – Брест: Брестская типография, 2008.
Літвінчук В. А. Дакладная запіска камандавання партызанскай брыгады імя В. М. Молатава Пінскай вобл. ЦК КП(б)Б БШПР аб выведзе са строю шлюзаў Дняпроўска-Бугскага і Белаазёрскага каналаў. Партызанская хітрасць // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Драгічынскага раёна / Рэдкал.: Я. Я. Аляксейчык [і інш.]. – Мінск: БЕЛТА, 1997.
Всенародное партизанское движение в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944): Документы и материалы: в 3 т. Т. 2 / Редкол.: А. Т. Кузьмин (председатель) [и др.]. – Минск: Беларусь, 1978.