Дата стварэння: 12.04.2023 11:14:14
Дата змены: 06.03.2025 09:45:30
«Канцэ́рт»
Умоўная назва аперацыі савецкіх партызан у Вялікую Айчынную вайну па разбурэнні чыгуначных камунікацый на тэрыторыі Беларусі з мэтай сарваць перавозкі нямецка-фашысцкіх войск у час наступлення Чырвонай арміі; 2‑і этап аперацыі «Рэйкавая вайна». Праводзілася з 19 верасня да пачатку лістапада 1943 г., планавалася ўзарваць 140 тыс. рэек.
Аперацыя распрацавана Цэнтральным штабам партызанскага руху (ЦШПР) і Беларускім штабам партызанскага руху; да ўдзелу ў ёй прыцягваліся шматлікія атрады Літвы, Латвіі, Эстоніі, Ленінградскай і Калінінскай абласцей, Карэліі і Крыма (усяго больш за 120 тыс. партызан).
Для забеспячэння аперацыі «Канцэрт» меркавалася перакінуць самалётамі на Беларусь 120 т ваенных грузаў, аднак метэаралагічныя ўмовы перашкодзілі авіяцыі поўнасцю выканаць задачу (дастаўлена 50 % грузаў). У сувязі з гэтым ЦШПР даў указанне перанесці аперацыю на 25 верасня, але частка партызанскіх брыгад ужо выйшла на зыходныя рубяжы і ў ноч на 19 верасня пачала аперацыю, астатнія злучэнні прыступілі да яе 25 верасня, нанеслі магутны ўдар па камунікацыях ворага. Нямецка-фашысцкае камандаванне перакінула на Беларусь новыя чыгуначныя батальёны; з Польшчы, Чэхаславакіі і Германіі завозіла рэйкі і шпалы, але партызаны зноў узрывалі адрамантаваныя чыгуначныя ўчасткі.
За час аперацыі падарвана каля 150 тыс. рэек, у т. л. больш за 90 тыс. на Беларусі. Беларускія партызаны пусцілі пад адхон 1 041 варожы цягнік, вывелі са строю 807 паравозаў, 6 360 вагонаў, платформаў і цыстэрнаў, узарвалі 72 чыгуначныя масты, знішчылі больш за 400 км тэлефонна-тэлеграфных ліній і інш. Прапускная здольнасць чыгунак у выніку «рэйкавай вайны» знізілася на 40 %, што сур’ёзна паўплывала на забеспячэнне варожых войск у перыяд напружаных баёў на фронце, перашкодзіла арганізацыі іх планамернага адыходу і вывазу нарабаванага народнага дабра ў Германію. Праведзеная ў цесным узаемадзеянні з часцямі Чырвонай арміі аперацыя «Канцэрт» аказала вялікую дапамогу ў ажыццяўленні наступальных аперацый савецкіх войск у 1943 г.
Советская военная энциклопедия в 8 т. Т. 4: «К-22»—Линейный крейсер / Редкол.: Н. В. Огарков (председатель) [и др.]. – Москва: Военное издательство Министерства обороны СССР, 1977.
Великая отечественная война 1941–1945: энциклопедия / Редкол.: М. М. Козлов (глав. ред.) [и др.]. – Москва: Советская Энциклопедия, 1985.
Железнодорожный транспорт: энциклопедия / Редкол.: Н. С. Конарев (глав. ред.) [и др.]. – Москва: Большая Российская Энциклопедия, 1995.
Князьков А. С. «Концерт» // Военная энциклопедия в 8 т. Т. 4: Квашнин—Марицкая / Глав. редком.: И. Д. Сергеев. (председатель) [и др.]. – Москва: Воениздат, 1999.
Старинов И. Г. Ошибки партизанской войны // Малая война. Организация и тактика боевых действий малых подразделений. – Минск: БЕЛТА, 2003.