pdf

ЛАТЫГАЛЬСКІ БОЙ 1943 г.

Дата стварэння: 12.04.2023 11:14:48

Дата змены: 11.09.2024 16:20:14


Латы́гальскі бой 1943 г.

Бой паміж 2‑м батальёнам партызанскага палка Смаленскага і нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў в. Латыгаль Сенненскага раёна 25 красавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Жорсткія баі з намнога большымі сіламі карнікаў 19–20 красавіка 1943 г. вымусілі Смаленскі партызанскі полк перадыслацыравацца на новую базу. На намечаным маршруце знаходзіўся гарнізон праціўніка ў Латыгалі (за 7 км на паўднёвы захад ад г. Сянно), знішчыць які было даручана 2‑му батальёну палка (камандзір I. М. Барысаў).

Батальён зрабіў 11‑кіламетровы марш і да дзвюх гадзін ночы 25 красавіка 1943 г. выйшаў на зыходныя пазіцыі каля Латыгалі, адным узводам перакрыў дарогу, якая злучала гарнізон з Сянном, а астатнімі сіламі атакаваў з усходу ўздоўж вёскі і з поўначы фланг гітлераўцаў. Бой, які цягнуўся каля трох гадзін, з першых жа хвілін набыў ачаговы характар. Дзоты праціўніка былі падаўлены гранатамі. Варожае падмацаванне, якое ішло з Сянна, было сустрэта агнём партызанскай засады.

У гэтым баі было забіта і паранена 35 гітлераўцаў, 6 паліцэйскіх узяты ў палон. Партызаны захапілі 6 ручных кулямётаў, 10 вінтовак, спалілі склады з боепрыпасамі і амуніцыяй. У выніку бою ў сістэме нямецка-фашысцкіх гарнізонаў Латыгаль — Сянно — Старая Беліца стварыўся разрыў, дзякуючы якому дыверсійныя групы партызан атрымалі магчымасць найкарацейшым шляхам выходзіць да чыгункі Орша — Віцебск. У гэтым баі партызаны страцілі двух чалавек забітымі і двух параненымі.