pdf

МАГІЛЁЎСКІЯ ВАЙСКОВЫЯ ЗЛУЧЭННІ І ЧАСЦІ

Дата стварэння: 12.04.2023 11:15:10

Дата змены: 11.09.2024 16:20:14

Магілёўскія вайско́выя злучэ́нні i ча́сці

За вызваленне г. Магілёў (28.6.1944) у ходзе Магілёўскай аперацыі 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 10 ліпеня 1944 г. ганаровае найменне «Магілёўскія» атрымала 21 злучэнне і часць 49‑й і 50‑й армій 2‑га Беларускага фронту.

Часці і злучэнні, якім нададзена ганаровае найменне «Магілёўскія»: 64‑я (генерал-маёр Ц. К. Шкрылёў), 290‑я (генерал-маёр I. Г. Гаспаран) і 330‑я (палкоўнік У. А. Гусеў) стралковыя дывізіі; 1‑я гвардзейская штурмавая (палкоўнік А. Ф. Візіраў), 11‑я (палкоўнік Г. Ц. Сакалоў) і 50‑я (палкоўнік I. А. Логінаў) інжынерна-сапёрныя брыгады; 2‑я карпусная (палкоўнік А. I. Малафееў), 5‑я асобная знішчальна-процітанкавая (палкоўнік Д. К. Ушакоў) і 143‑я армейская пушачная (палкоўнік Я. К. Цюрын) артылерыйскія брыгады; 33‑я асобная матарызаваная інжынерная брыгада (палкоўнік I. М. Гурэеў); 16‑ы (падпалкоўнік З. М. Сундакоў) і 55‑ы (падпалкоўнік М. Р. Грыголія) гвардзейскія гаўбічныя артылерыйскія палкі; 77‑ы (падпалкоўнік П. А. Ялесін) і 325‑ы (палкоўнік А. М. Кавалевіч) гвардзейскія мінамётныя палкі; 233‑і асобны танкавы полк (палкоўнік Л. С. Тулоўскі); 722‑і самаходны (падпалкоўнік С. I. Капылоў), 1830‑ы цяжкі самаходны (падпалкоўнік В. С. Гаеўскі), 1099‑ы карпусны (падпалкоўнік М. С. Пянцяшкін) і 1321‑ы армейскі знішчальна-процітанкавы (палкоўнік А. А. Сцяпанаў) артылерыйскія палкі; 96‑ы асобны полк сувязі (падпалкоўнік I. С. Цярэшчанка); 414‑ы асобны лінейны батальён сувязі (падпалкоўнік Ф. Р. Корбут).

Войскам, якія ўдзельнічалі ў баях за вызваленне Магілёва, загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 28 чэрвеня 1944 г. абвешчана падзяка, у Маскве дадзены салют 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.