pdf

МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1944 г.

Дата стварэння: 05.05.2023 12:02:00

Дата змены: 11.09.2024 14:56:24


МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1944 г.

Савецкая пяхота ўступае ў вызвалены Магілёў. 1944 г.

МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1944 г.

Палонныя немцы ў раёне Магілёва. 1944 г.

МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1944 г.

Савецкія танкі ў вызваленым Магілёве. 1944 г.

МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1944 г.

Жыхары Магілёва вітаюць воінаў-вызваліцеляў. 1944 г.

МАГІЛЁЎСКАЯ АПЕРАЦЫЯ 1944 г.

Помнік воінам-вызваліцелям — танк Т‑34 у Магілёве (вуліца Якубоўскага).

Магілёўская апера́цыя 1944 г.

Састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 г. (кодавая назва «Баграціён») у час Вялікай Айчыннай вайны.

Была праведзена 23–28 чэрвеня 1944 г. Удзельнічалі войскі Беларускага фронту 2‑га, 2‑га фарміравання (генерал-палкоўнік Г. Ф. Захараў) у складзе трыццаць трэцяй арміі (генерал-лейтэнант В. Д. Кручонкін), сорак дзявятай арміі (генерал-лейтэнант І. Ц. Грышын), пяцідзясятай арміі (генерал-лейтэнант І. В. Болдзін) і чацвёртай паветранай арміі (генерал-палкоўнік авіяцыі К. А. Вяршынін). Мэтай аперацыі было ва ўзаемадзеянні з 3‑м і 1‑м Беларускімі франтамі разграміць магілёўскую групоўку ворага і выйсці на р. Бярэзіна.

У армейскія аб’яднанні фронту ўваходзілі 22 стралковыя дывізіі, а таксама часці ўзмацнення франтавога падпарадкавання: 343‑я стралковая дывізія, 4 асобныя танкавыя брыгады, 4 артылерыйскія брыгады, 5 мінамётных брыгад і палкоў, 7 зенітных артылерыйскіх палкоў, 2 дывізіёны бронецягнікоў, 4 інжынерна-сапёрныя брыгады, адзін умацаваны раён. Асабовы састаў злучэнняў фронту налічваў 319 500 чалавек. Магілёўскі напрамак, у параўнанні з віцебскім і бабруйскім, адыгрываў дапаможную ролю, а таму 2‑і Беларускі фронт меў меншую колькасць сіл і сродкаў, чым іншыя франты.

У складзе 4‑й паветранай арміі было 5 штурмавых, знішчальных, адна начная бамбардзіровачная авіядывізія і 4 дапаможныя авіяпалкі. Яе часці размясціліся на аэрадромах вызваленай тэрыторыі Магілёўшчыны. Штаб фронту знаходзіўся ў г. Мсціслаў.

Тром арміям 2‑га Беларускага фронту на магілёўскім напрамку з поўначы на поўдзень супрацьстаялі злучэнні 4‑й нямецкай арміі, якія складаліся з 27‑га армейскага, 39‑га танкавага, 12‑га армейскага карпусоў. У іх склад уваходзілі 110‑я, 337‑я, 12‑я, 31‑я, 267‑я, 57‑я пяхотныя і 18‑я танкава-грэнадзёрская дывізіі. У рэзерве арміі знаходзілася 60‑я танкава-грэнадзёрская дывізія «Feldherrnhalle», ахоўныя і спецыяльныя падраздзяленні, агульнай колькасцю да пяхотнай дывізіі, занятыя аховай камунікацый і перапраў праз р. Дняпро. Групоўка 4‑й арміі складалася са 114 тыс. чалавек, 2 292 гармат і мінамётаў, 220 танкаў і штурмавых гармат.

Абарона праціўніка на магілёўскім напрамку ў глыбіню дасягала 60 км. Галоўная паласа абароны складалася з трох пазіцый і мела глыбіню 5–6 км.

Немцы ператварылі Магілёў у моцны вузел супраціву, прыкрыты з усходу абарончымі рубяжамі. Першы з іх праходзіў за 5–15 км ад горада, другі за 3–4 км і трэці — па ўскраіне горада. У самім горадзе асобныя ўчасткі былі замініраваны, а частку дамоў меркавалася выкарыстоўваць для абароны. Будаўніцтва абарончых умацаванняў, пачатае летам 1943 г., праводзілася сіламі мясцовага насельніцтва, ваеннапалоннымі і рэзервовымі вайсковымі часцямі. На дахах каменных дамоў размяшчаліся кулямётныя пункты. Усе масты праз р. Дняпро праціўнік замініраваў і падрыхтаваў да знішчэння.

Галоўная роля ў Магілёўскай франтавой наступальнай аперацыі адводзілася 49‑й арміі генерала І. Ц. Грышына, у якой было засяроджана 50 % усіх дывізій, 60 % артылерыі, 80 % танкаў усяго баявога складу фронту: 4 стралковыя корпусы (11 дывізій), 2 237 гармат і мінамётаў, 343 рэактыўныя ўстаноўкі, 253 танкі і самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. Для дасягнення шматразовай перавагі над праціўнікам шырыня паласы наступу арміі была паменшана да 31 км.

Партызанскія брыгады і асобныя атрады яшчэ да пачатку аперацыі «Баграціён», у выніку правядзення аперацыі «Канцэрт» (кодавае найменне заключнага этапу рэйкавай вайны), цалкам паралізавалі чыгуначныя магістралі, што вялі да магілёўскага плацдарма. У чэрвені 1‑я брыгада (М. І. Масквін) Смаленскага партызанскага злучэння «Трынаццаць» падарвала двухкіламетровы ўчастак шляху ў раёне станцыі Слаўнае і не дазваляла аднавіць яго, пакуль не падышлі нашы часці.

Круглянская ваенна-аператыўная група (Ф. С. Новікаў) спыніла рух на ўчастку Орша — Магілёў і на шашэйных дарогах, якія вялі на поўнач і паўночны ўсход ад Магілёва. Былі заблакіраваны дарогі, па якіх немцы накіроўвалі свае часці на перагрупоўку, і знішчаны нямецкія гарнізоны ў гарадах Талачын, Круглае і Шклоў. Такія аперацыі праводзіліся на розных участках, і ўсе яны садзейнічалі вырашэнню асноўнай задачы.

Разведка боем пачалася 22 чэрвеня. Каб схаваць кірунак галоўнага ўдару, яна ажыццяўлялася на шырокім фронце ў 450 км. Спецыяльна падрыхтаваныя перадавыя батальёны і разведвальныя атрады пры падтрымцы танкаў, артылерыйскага агню і авіяцыі атакавалі праціўніка. Прыняўшы разведку боем за наступ галоўных сіл, немцы адкрылі зваротны артылерыйскі агонь і сталі спешна падцягваць рэзервы да абарончага рубяжа «Пантэра».

У ноч на 23 чэрвеня пачалася авіяцыйная падрыхтоўка наступу. Бамбардзіровачная авіяцыя далёкага дзеяння наносіла ўдары па баявых парадках праціўніка, агнявых пазіцыях артылерыі і мінамётаў, абарончых збудаваннях і вузлах супраціву, асабліва размешчаным у цэнтры ўчастка прарыву на рубяжы Будзінаў (Будзіна) — Заложжа (на мяжы Чавускага і Дрыбінскага раёнаў). Па іншых цэлях на працягу ўсёй ночы наносілі ўдары бамбардзіроўшчыкі 4‑й паветранай арміі. Пад прыкрыццём шуму начных бамбардзіроўшчыкаў танкі і самаходна-артылерыйскія ўстаноўкі занялі зыходныя пазіцыі для наступу.

Раніцай 23 чэрвеня 1944 г. з-за густога туману артылерыйскую і авіяцыйную падрыхтоўку прыйшлося перанесці на 2 гадзіны пазней за запланаванае. Сапёры за кароткі час навялі дзясяткі штурмавых масткоў, сабралі 6 мастоў для артылерыі і танкаў. Артылерысты перанеслі агонь у глыбіню. На працягу паўгадзіны стралковыя роты паспяхова фарсіравалі раку па штурмавых мастках і захапілі першую траншэю, у якой знаходзіліся толькі асобныя назіральнікі праціўніка. Не сустрэўшы сур’ёзнага супраціву ворага на пярэднім краі, савецкія падраздзяленні працягвалі прасоўвацца наперад і авалодалі другой, а месцамі і трэцяй траншэямі праціўніка.

Адначасова з надыходам часцей 49‑й арміі пасля 30‑хвіліннай артылерыйскай падрыхтоўкі пачалі дзейнічаць узмоцненыя стралковыя роты 33‑й і 50‑й армій.

У сярэдзіне дня дывізіі першых эшалонаў прарвалі першую і другую варожыя пазіцыі. Аднак з-за дрэннай разведкі мясцовасці нашы танкі і артылерыя пры пераправе праз р. Проня затрымаліся ў балоцістай пойме. Авіяцыя таксама не змагла аказаць падтрымкі з-за дрэнных умоў надвор’я. Гэта ў значнай ступені аслабіла хуткасць прасоўвання часцей і ўзмацніла супраціў праціўніка. Прадугледжаны планам тэмп наступу не вытрымліваўся.

У ноч на 25 чэрвеня асобныя злучэнні фронту выйшлі да р. Бася. Баявыя дзеянні не спыняліся і ноччу. На працягу 25 чэрвеня 33‑я армія, якая знаходзілася справа ад 49‑й арміі, займала ранейшае становішча. Злева дзейнічала 50‑я армія, у ноч на 25 чэрвеня яна працягвала баявыя дзеянні. Да 10 гадзін 121‑ы стралковы корпус (генерал-маёр Д. І. Смірноў) фарсіраваў Басю ўсімі сіламі, прарваў абарону праціўніка па заходнім беразе і развіў наступ у накірунку да вёсак Благавічы, Удоўск, Самулкі з мэтай перарэзаць дарогу Чавусы — Магілёў. Чавуская групоўка праціўніка, баючыся апынуцца адрэзанай, вымушана была адысці.

У той жа час часці 38‑га стралковага корпуса (генерал-маёр А. Д. Церашкоў), выкарыстоўваючы спрыяльнае становішча, перайшлі ў наступ. Імклівай атакай з паўночнага захаду 330‑й і з поўдня 385‑й стралковымі дывізіямі да 18 гадзін 25 чэрвеня г. Чавусы быў вызвалены. Да канца дня злучэнні 50‑й арміі прасунуліся на глыбіню да 18 км.

На працягу 25 чэрвеня войскі 49‑й арміі сумесна з правафланговымі часцямі 50‑й арміі фарсіравалі Басю, прарвалі абарону праціўніка на яе заходнім беразе і, прасунуўшыся да 14 км, выйшлі да р. Раста. У бязлітасных трохдзённых баях была прарвана на глыбіню да 30 км моцна ўмацаваная варожая абарона, якая стваралася праціўнікам на працягу 9 месяцаў.

За паспяховы прарыў абароны праціўніка на магілёўскім напрамку войскам 2‑га Беларускага фронту (найбольш вызначыліся карпусы і часці 49‑й і 50‑й армій) загадам Вярхоўнага галоўнакамандуючага 25 чэрвеня 1944 г. была аб’яўлена падзяка. Масква салютавала ў той дзень доблесным войскам фронту 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат.

Нямецкае камандаванне кінула насустрач часцям 49‑й арміі апошнія свае рэзервы з-за Дняпра, аднак і гэта не змагло спыніць імклівы наступ нашых падраздзяленняў.

Камандуючы 2‑м Беларускім фронтам генерал-палкоўнік Г. Ф. Захараў, зыходзячы з той сітуацыі, якая склалася, прыняў рашэнне накіраваць дывізіі другога эшалона да Дняпра, каб да канца 26 чэрвеня галоўнымі сіламі яны выйшлі на мяжу Трыбухі (Калінавая) — Лупалава і з ходу фарсіравалі раку. Ужо 26 чэрвеня на Заходнім беразе Дняпра перадавымі войскамі былі захоплены першыя плацдармы.

Немцы, выявіўшы на заходнім беразе Дняпра савецкія падраздзяленні, неадкладна падцягнулі да гэтага ўчастка батальён пяхоты, да дывізіёна артылерыі, 7 штурмавых гармат і перайшлі ў контратаку з мэтай скінуць смельчакоў у раку. Але замацаваўшыся ў варожых траншэях па беразе ракі, пры падтрымцы артылерыі з усходняга берага, а пазней і штурмавой авіяцыі, перадавыя падраздзяленні адбілі ўсе контратакі праціўніка і на працягу 12 гадзін утрымлівалі захоплены плацдарм да падыходу галоўных сіл дывізіі.

За ўмелыя дзеянні па фарсіраванні Дняпра, за доблесць і мужнасць, праяўленыя ў баях, увесь асабовы састаў перадавога атрада 42‑й стралковай дывізіі быў узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а камандзіру атрада маёру У. К. Андрушчанку было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Камандзір 42‑й стралковай дывізіі генерал-маёр А. І. Сліц і камандзір 69‑га стралковага корпуса генерал-маёр М. М. Мультан таксама былі ўдастоены гэтага высокага звання.

Камандуючы 4‑й паветранай арміяй генерал-палкоўнік К. А. Вяршынін вылучыў 230‑ю і 233‑ю штурмавыя авіядывізіі, якім загадаў «да канца дня ўсімі сіламі забяспечваць дзеянні войскаў, якія знаходзяцца на заходнім беразе р. Дняпро». Штурмавікі, пастаянна знаходзячыся ў паветры над раёнамі плацдармаў, знішчалі танкі, самаходныя гарматы, артылерыю і жывую сілу ворага. Пасля чарговых налётаў нашых штурмавікоў заставаліся горы разбітай нямецкай тэхнікі і сотні салдат праціўніка, якія не дайшлі да Дняпра. Асабліва вызначыліся тут экіпажы Герояў Савецкага Саюза Я. М. Яжова і Р. С. Шупіка.

Разбітыя і раскіданыя ў баях часці праціўніка 25–26 чэрвеня паспешліва адыходзілі за Дняпро ў заходнім і паўднёва-заходнім напрамках, прыкрываючыся дробнымі ар’ергарднымі атрадамі. Заслоны, пакінутыя немцамі на заходнім беразе ракі, параўнальна лёгка былі выбіты савецкімі падраздзяленнямі, якія пераправіліся на гэты бераг.

Тым не менш становішча перадавых атрадаў фронту заставалася цяжкім. У сярэдзіне дня 26 чэрвеня немцы пачалі падцягваць да Дняпра танкі і штурмавыя гарматы, каб ліквідаваць захопленыя плацдармы і скінуць перадавыя атрады ў раку.

У той сітуацыі, якая склалася, паспяхова дзейнічаў 92‑і пантонна-маставы батальён. Асабовы састаў аператыўна навёў пантонны мост даўжынёй 120 м і грузападымальнасцю 30 тон, а да раніцы 27 чэрвеня быў наведзены і другі мост грузападымальнасцю 16 тон. Гэтыя масты сталі першымі пераправамі праз Дняпро ва ўсёй паласе наступлення 2‑га Беларускага фронту і ў раёне Магілёва і сыгралі выключна важную ролю ў фарсіраванні Дняпра з ходу і развіцці поспеху 49‑й арміі ў далейшым. За мужнасць і адвагу 120 пантанёраў былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, а камандзір батальёна маёр А. І. Канарчык быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза. За доблесць і адвагу пры навядзенні перапраў праз Дняпро 92‑і асобны пантонна-маставы батальён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і атрымаў ганаровае найменне «Верхнедняпроўскі».

Збіваючы ар’ергарды праціўніка і праследуючы яго часці, што адыходзілі, войскі 70‑й стралковай дывізіі (палкоўнік М. М. Калеснікаў) вызвалілі раённы цэнтр г. Горкі. У вызваленні горада ўдзельнічалі 329‑ы і 68‑ы стралковыя палкі 70‑й стралковай дывізіі. Следам за стралковымі палкамі ў Горкі ўступіў 112‑ы Горацкі партызанскі атрад В. Д. Шарова, які злучыўся тут з часцямі Чырвонай арміі.

Ужо 27 чэрвеня фарсіраванне Дняпра ішло па ўсім фронце ад Шклова да Быхава. У паласе 81‑га стралковага корпуса навёў пераправы 9‑ы пантонна-маставы батальён (маёр Смышляеў), а на поўдзень і поўнач ад Лупалава пачалі дзейнічаць масты, наведзеныя гвардзейскім 87‑м матарызаваным пантонна-маставым батальёнам (маёр І. В. Пятроў) і 122‑м батальёнам (маёр І. В. Шчаціннікаў).

Каб адрэзаць шляхі адыходу групоўцы праціўніка, якая знаходзілася ў Магілёве, камандуючы 49‑й арміяй вырашыў стварыць рухомую аператыўную групу арміі з часцей, якія раней уваходзілі ў склад расфарміраванай рухомай групы фронту. Да раніцы 27 чэрвеня ў паласе арміі быў наведзены толькі адзін мост праз Дняпро каля в. Зашчыта за 25 км на поўнач ад Магілёва, а таму адрэзаць у кароткі тэрмін шляхі адыходу праціўніку з Магілёва магла толькі рухомая група. Адыходзячы з Магілёва, немцы спрабавалі прарвацца на захад найкарацейшым шляхам, г. зн. па Мінскай шашы. Тут і разгарэліся найбольш жорсткія баі з акружаным праціўнікам, што спрабаваў вырвацца з кальца.

У ноч на 27 чэрвеня падраздзяленні 199‑й і 290‑й стралковых дывізій фарсіравалі Дняпро і да 7 гадзін раніцы авалодалі в. Палыкавічы, адбілі некалькі контратак часцей нямецкай 60‑й танкава-грэнадзёрскай дывізіі і да 19 гадзін дасягнулі Казіміраўкі, адкуль разам з танкістамі разгарнулі наступ на Магілёў з захаду.

Рухомая група 49‑й арміі ў 6 гадзін раніцы 27 чэрвеня, прайшоўшы з баямі 25 км, дасягнула шашы Магілёў — Мінск у раёне в. Казіміраўка і ў цяжкім баі (цягнуўся больш за тры гадзіны) адрэзала шляхі адыходу праціўніку ў заходнім напрамку.

Злучэнні 121‑га стралковага корпуса генерал-маёра Д. І. Смірнова 50‑й арміі, авалодаўшы Лупалавам і пераправіўшыся праз Дняпро, ахапілі Магілёў з поўдня і паўднёвага захаду, а 139‑я стралковая дывізія дасягнула в. Цішоўка і злучылася з падраздзяленнем 23‑й гвардзейскай танкавай брыгады 49‑й арміі.

Такім чынам, да 19 гадзін 27 чэрвеня праціўнік у Магілёве быў акружаны. У кальцы апынуліся 12‑я пяхотная дывізія, 632‑і ахоўны полк, 490‑ы ахоўны батальён і некалькі спецыяльных і тылавых часцей 4‑й арміі праціўніка.

Бяспрыкладную мужнасць і адвагу ў адбіцці контратак праціўніка праявілі тут сапёры 1‑й гвардзейскай інжынерна-сапёрнай брыгады (гвардыі палкоўнік А. Ф. Везіраў). Сапёры ў кароткі тэрмін замініравалі шашу Магілёў — Мінск і іншыя шляхі адыходу праціўніка з Магілёва ў заходнім напрамку, а ў ходзе баёў сумесна з пяхотай, артылерыстамі і танкістамі ўдзельнічалі ў адбіцці контратак і знішчэнні ворага.

Камандуючы 4‑й нямецкай арміяй генерал К. фон Ціпельскірх 27 чэрвеня без ўзгаднення з камандаваннем групы армій «Цэнтр» і стаўкай фюрара аддаў загад пачаць агульнае адступленне і перанёс свой камандны пункт у г. Беразіно. Тым войскам, з якімі яшчэ была сувязь па радыё, ён загадаў адыходзіць на Барысаў, а затым — за р. Бярэзіна.

Ператварыўшы асобныя будынкі ў апорныя пункты, а кватэры і падвалы ў вузлы супраціву, немцы ўпарта працягвалі абараняцца. Камандуючы фронтам генерал-палкоўнік Г. Ф. Захараў прыняў рашэнне правесці штурм Магілёва ў ноч з 27 на 28 чэрвеня.

Вызвалялі Магілёў 290‑я (генерал-маёр І. Г. Гаспаран), 64‑я (генерал-маёр Ц. К. Шкрылёў), 369‑я Карачэўская (палкоўнік П. С. Галайка), 238‑я Карачэўская (генерал-маёр І. Д. Краснаштанаў) і 139‑я Рослаўльская (генерал-маёр І. К. Кірылаў) стралковыя дывізіі. Актыўна ўдзельнічалі ў акружэнні і блакіраванні праціўніка ў горадзе 199‑я Смаленская (генерал-маёр М. П. Кананенка) і 330‑я (палкоўнік У. А. Гусеў) стралковыя дывізіі.

Асабліва вызначылася пры штурме Магілёва 139‑я Рослаўльская стралковая дывізія, усе падраздзяленні якой удзельнічалі ў вызваленні горада. Злучэнне стала адзіным сярод тых, што вызвалялі Магілёў, у якім звання Героя Савецкага Саюза былі ўдастоены ўсе камандзіры стралковых палкоў і ўсе камандзіры стралковых батальёнаў. З 48 салдат, сяржантаў і афіцэраў, якія атрымалі гэта высокае званне за гераізм і мужнасць пры вызваленні Магілёва і наваколля, 19 чалавек змагаліся ў 139‑й Рослаўльскай стралковай дывізіі.

Да раніцы 28 чэрвеня 290‑я стралковая дывізія пры падтрымцы 43‑й асобнай гвардзейскай цяжкай танкавай брыгады авалодала паўночнай ускраінай Магілёва; у 11 гадзін яе часці выйшлі да цэнтра горада, дзе злучыліся з падраздзяленнямі 238‑й дывізіі, якая наступала з поўдня. Баі ў Магілёве скончыліся 28 чэрвеня ў 18 гадзін.

Найбольш вызначыліся ў баях за Магілёў 139‑я і 238‑я стралковыя дывізіі, узнагароджаныя ордэнамі Чырвонага Сцяга. Усе стралковыя палкі гэтых злучэнняў таксама сталі Чырванасцяжнымі.

У баях за Магілёў вораг страціў больш за 6 тыс. салдат і афіцэраў забітымі. Войскі фронту знішчылі 70 танкаў і штурмавых гармат, больш за 200 гармат і мінамётаў, 316 кулямётаў, 840 аўтамашын. Акрамя таго, захапілі 15 танкаў і штурмавых гармат, 160 гармат, 70 мінамётаў, 300 кулямётаў, 6 тыс. вінтовак і аўтаматаў, 30 тыс. нарадаў, 1 200 аўтамашын, 2 180 коней, 45 розных складоў. Як сведчаць замежныя крыніцы, у перыяд з 23 па 28 чэрвеня 1944 г. 4‑я нямецкая армія страціла 33 тыс. чалавек забітымі і 3 250 палоннымі.

Магілёўская аперацыя мела важнае аператыўнае значэнне. Нашы войскі скавалі значныя сілы праціўніка, не дазволіўшы ім ажыццявіць манеўр рэзервамі на галоўным напрамку (у паласе наступлення 1‑га і 3‑га Беларускіх франтоў). Нямецка-фашысцкае камандаванне не атрымала магчымасці планамерна адвесці свае войскі, у выніку чаго яны былі акружаны і знішчаны ў «катлах» на ўсход ад Мінска, каля Бабруйска і Віцебска.

За выдатныя баявыя дзеянні пры фарсіраванні Дняпра і авалоданне Магілёвам войскам 2‑га Беларускага фронту 28 чэрвеня 1944 г. Вярхоўны галоўнакамандуючы абвясціў падзяку. У гэты ж дзень Масква салютавала 20 артылерыйскімі залпамі з 224 гармат у гонар войскаў фронту, якія фарсіравалі Дняпро і вызвалілі Магілёў, Шклоў і Быхаў.

За гераізм, праяўлены ў ходзе Магілёўскай аперацыі, 92 савецкім воінам было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Ганаровае найменне «Магілёўскія» атрымала 21 воінскае злучэнне і часць, «Верхнедняпроўскія» — 32. Ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнамі Суворава II і III ступені ўзнагароджаны 10 стралковых, танкавых і артылерыйскіх часцей.

Памяць аб вызваліцелях увекавечана на мемарыяльнай Арцы Славы ў г. Магілёў, дзе размешчаны назвы часцей і злучэнняў Чырвонай арміі, якія прымалі ўдзел у вызваленні горада, былі ўзнагароджаны ордэнамі СССР і ўдастоены наймення «Магілёўскія»; у назвах вуліц, на мемарыяльных дошках і знаках у гонар герояў вызвалення Магілёва. У горадзе пахавана 6 Герояў Савецкага Саюза, якія загінулі пры вызваленні Магілёва і вобласці.