Дата стварэння: 02.05.2024 15:46:10
Дата змены: 27.02.2025 16:12:35
Со́рак дзявя́тая а́рмія
Сфарміравана ў Вялікую Айчынную вайну ў пачатку жніўня 1941 г. у Маскоўскай ваеннай акрузе. Першапачаткова ў яе склад уваходзілі 5 дывізій, у т. л. 4‑я дывізія народнага апалчэння, артылерыйскія і іншыя часці. Была ўключана ў Рэзервовы фронт 7 жніўня і заняла абарончы рубеж у раёне г. Дарагабуж Смаленскай вобласці.
З пачатку кастрычніка 1941 г. у складзе Заходняга фронту. Баявыя дзеянні вяла ў Мажайска-Малаяраславецкай аперацыі 1941 г. Падчас жорсткіх баёў з 14 па 20 лістапада злучэнні і часці арміі нанеслі паражэнне 13‑му армейскаму корпусу вермахта, а ў пачатку снежня спынілі наступленне. З пераходам савецкіх войск у наступленне ў снежні 1941 г. — студзені 1942 г. армія ўдзельнічала ў Тульскай і Калужскай, у 1942–1943 гг. у Ржэўска-Вяземскіх, у 1943 г. у Смаленскай аперацыях. У канцы жніўня 1943 г., пераадолеўшы лясныя масівы на поўдзень ад г. Ельня (Смаленская вобласць, Расія), злучэнні арміі з ходу фарсіравалі рэкі Дзясна і Сож, у ходзе Смаленскай аперацыі 1943 г. вызвалілі г. Мсціслаў (28 верасня) і ў пачатку кастрычніка выйшлі да р. Проня ў раёне в. Дрыбін (35 км на поўнач ад г. Чавусы), дзе перайшлі да абароны.
З 24 красавіка 1944 г. армія ў складзе Беларускага фронту 2‑га (другога фарміравання). Летам 1944 г. удзельнічала ў Беларускай аперацыі 1944 г. У перыяд Магілёўскай аперацыі 1944 г. яе войскі прарвалі абарону праціўніка, фарсіравалі рэкі Бася, Раста і Дняпро і ва ўзаемадзеянні з 50‑й арміяй штурмам авалодалі г. Магілёў (28 чэрвеня). У гэтых баях вызначыліся: 64‑я, 290‑я і 330‑я стралковыя дывізіі, 233‑і танкавы полк, 722‑і самаходны артылерыйскі полк, 143‑я армейская пушачная артылерыйская брыгада, 2‑я карпусная артылерыйская брыгада, 5‑я асобная знішчальна-процітанкавая артылерыйская брыгада, 16‑ы і 55‑ы гаўбічныя артылерыйскія палкі, 77‑ы і 325‑ы гвардзейскія мінамётныя палкі, якім нададзена ганаровае найменне «Maгілёўскія». Удзельнічала ў Мінскай аперацыі 1944 г. У час Беластоцкай аперацыі 1944 г. ва ўзаемадзеянні з іншымі арміямі зламала ўпартае супраціўленне ворага на рубяжы Гродна — Свіслач і выйшла на тэрыторыю Польшчы, да 15 верасня перайшла да абароны на р. Нараў у раёне г. Ломжа.
У 1945 г. армія ўдзельнічала ва Усходне-Прускай, Усходне-Памеранскай і Берлінскай аперацыях, выйшла на р. Эльба, дзе сустрэлася з войскамі брытанскай 2‑й арміі.
За мужнасць, адвагу і баявое майстэрства, праяўленыя асабовым саставам арміі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, дзясяткі тысяч яе воінаў узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР, 41 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Многія злучэнні і часці атрымалі ганаровыя найменні і ўзнагароджаны ордэнамі.
Камандуючыя: генерал-лейтэнант I. Р. Захаркін (жнівень 1941 — чэрвень 1943); генерал-лейтэнант, з сакавіка 1945 г. генерал-палкоўнік I. Ц. Грышын (чэрвень 1943 — да канца вайны).