pdf

БЕЛАРУСКІ ФРОНТ 2-і

Дата стварэння: 05.12.2024 10:35:06

Дата змены: 27.12.2024 11:41:00


Белару́скі фронт 2‑і (2‑га фарміравання)

Утвораны ў Вялікую Айчынную вайну 24 красавіка 1944 г. на магілёўскім напрамку ў выніку падзелу Заходняга фронту на 2‑і і 3‑і Беларускія франты. Упраўленне фронту створана на базе ўпраўлення 10‑й арміі.

У склад фронту ўвайшлі арміі: 33‑я (генерал-лейтэнант В. Д. Кручонкін, з 9.7.1944 генерал-лейтэнант С. I. Марозаў), 49‑я (генерал-лейтэнант I. Ц. Грышын), 50‑я (генерал-лейтэнант, з 15.7.1944 генерал-палкоўнік I. В. Болдзін) і 4‑я паветраная (генерал-палкоўнік авіяцыі К. А. Вяршынін). Потым у яго склад на розныя тэрміны ўваходзілі арміі: 3‑я (генерал-палкоўнік А. В. Гарбатаў), 19‑я (генерал-лейтэнант Г. К. Казлоў), 43‑я (генерал-лейтэнант А. П. Белабародаў), 48‑я (генерал-палкоўнік М. I. Гусеў), 65‑я (генерал-палкоўнік П. I. Батаў), 70‑я (генерал-палкоўнік В. С. Папоў), 2‑я ўдарная (генерал-палкоўнік I. I. Фядзюнінскі), 1‑я (генерал-палкоўнік танкавых войск М. Я. Катукоў) і 5‑я (генерал-палкоўнік танкавых войск В. Ц. Вольскі) гвардзейскія танкавыя.

Удзельнічаючы ў Беларускай аперацыі 1944 г., Беларускі фронт 2‑і правёў Магілёўскую аперацыю 1944 г., Мінскую аперацыю 1944 г. (ва ўзаемадзеянні з 1‑м і 3‑м Беларускімі франтамі і беларускімі партызанамі), Беластоцкую аперацыю 1944 г. і Асавецкую аперацыю. У ходзе далейшага наступлення ў верасні-кастрычніку 1944 г. яго войскі выйшлі да граніц Польшчы і Усходняй Прусіі, захапілі плацдармы на р. Нараў. У студзені — красавіку 1945 г. фронт удзельнічаў ва Усходне-Прускай аперацыі, у лютым — сакавіку — ва Усходне-Памеранскай аперацыі, з 18 красавіка — у Берлінскай аперацыі, у ходзе якой да 6 мая яго войскі выйшлі на рубеж Штральзунд — Вісмар — на ўсход ад Шверына — усходні бераг р. Эльба да Вітэнберга, дзе сустрэліся з войскамі брытанскай 2‑й арміі. Другі Беларускі фронт расфарміраваны 10 чэрвеня 1945 г., яго палявое ўпраўленне перайменавана ва ўпраўленне Паўночнай групы войск.

Камандуючыя: генерал-палкоўнік I. Я. Пятроў (красавік — чэрвень 1944); генерал-палкоўнік, з 28 ліпеня 1944 г. генерал арміі Г. Ф. Захараў (чэрвень — лістапад 1944); Маршал Савецкага Саюза К. К. Ракасоўскі (лістапад 1944 —чэрвень 1945).

Члены ваеннага савета: генерал-лейтэнант Л. З. Мехліс (красавік — чэрвень 1944), генерал-лейтэнант М. Я. Субоцін (чэрвень 1944 — чэрвень 1945).

Начальнікі штаба: генерал-лейтэнант С. I. Любарскі (красавік — май 1944); генерал-лейтэнант, з лютага 1945 г. генерал-палкоўнік А. М. Багалюбаў (май 1944 — чэрвень 1945).

Выходзіла франтавая газета «Фронтовая правда».