БАРАНАВІЦКАЯ ГАЗЭТА, калабарацыянісцкае выданне ў 1941–1944 гг.
pdf

«БАРАНАВІЦКАЯ ГАЗЭТА»

Дата стварэння: 14.04.2023 11:02:33

Дата змены: 11.09.2024 16:20:14

«Бара́навіцкая газэ́та» («Baranavickaja Hazeta»)

Газета, орган нямецка-фашысцкіх акупацыйных улад г. Баранавічы і мясцовых калабарацыяністаў у час Вялікай Айчыннай вайны.

Выдавалася з 22 ліпеня 1941 г. да 24 чэрвеня 1944 г. у Баранавічах лацінкай, з чэрвеня 1943 г. — кірыліцай. Выходзіла 2 разы на тыдзень.

У 1941 г. выдавалася пад нямецкамоўнай назвай «Baranоwitscher Zeitung» («Баранавіцкая газэта») і публікавала матэрыялы на нямецкай, польскай і беларускай мовах. Са студзеня 1944 г. называлася «Пагоня».

Рэдактары: К. Берэнд, А. Бурскі, Л. Гарошка, Б. Шышко.

Распаўсюджвалася пераважна ў заходніх абласцях Беларусі.

Друкавала перакладныя матэрыялы прапагандысцкіх службаў нацысцкай Германіі пра падзеі на франтах Другой сусветнай вайны, распараджэнні і звароты акупацыйных улад, нацыяналістычных арганізацый, матэрыялы пра дзейнасць мясцовых аддзяленняў Беларускай народнай самапомачы, пра барацьбу з партызанамі.

Змяшчала артыкулы пра нацыянальна-культурныя адносіны і педагагічныя мерапрыемствы ва ўмовах акупацыі, правінцыяльнае жыццё ў гарадах Баранавічы, Слонім, Стоўбцы і іх наваколлі. На старонках «Баранавіцкай газэты» былі надрукаваны ўрыўкі «З гісторыі Крыўі — Беларусі» Я. Станкевіча, нарысы пра Ф. Скарыну, М. Сматрыцкага, А. Гурыновіча, празаічныя і вершаваныя творы М. Лагады, Я. Пушчы, А. Жвіра і іншых, антысавецкая публіцыстыка. Большасць матэрыялаў газеты не была падпісана.

Выйшлі 223 нумары.