ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА САВЕЦКУЮ БЕЛАРУСЬ», Баранавіцкай і Вілейскай абласцей
pdf

ПАРТЫЗАНСКАЯ БРЫГАДА «ЗА САВЕЦКУЮ БЕЛАРУСЬ»

Дата стварэння: 22.10.2024 14:33:38

Дата змены: 21.08.2025 11:30:27


Партыза́нская брыга́да «За Саве́цкую Белару́сь»

Дзейнічала ў гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Валожынскага раёна Баранавіцкай вобласці і Радашковіцкага раёна Вілейскай вобласці.

Створана ў студзені 1944 г. на базе атрадаў імя С. М. Кірава (арганізаваны ў лютым 1943 з 3‑й роты 620‑га атрада; рота была створана ў снежні 1942 у Івянецкім раёне партызанскай групай з ваеннаслужачых-акружэнцаў на чале з Я. Д. Васюціным), «За Савецкую Беларусь» (арганізаваны ў маі 1943) і імя А. А. Андрэева (арганізаваны ў кастрычніку 1943), а таксама дыверсійнай групы, вылучаных партызанскай брыгадай імя В. П. Чкалава. Адначасова ў брыгадзе былі сфарміраваны атрады «Штурм» і рэзервовы.

У ліпені 1943 г. атрад імя С. М. Кірава вёў абарончыя баі з карнікамі, у кастрычніку 1943 г. правёў сустрэчны бой з ворагам, які спрабаваў прарвацца да пасадачнай авіяпляцоўкі.

Партызаны брыгады вялі баявыя дзеянні на чыгуначных лініях Ліда — Маладзечна, Мінск — Маладзечна. Толькі ў лютым — сакавіку 1944 г. зрабілі больш за 20 дыверсій, падарвалі 16 эшалонаў і чыгуначны мост. У сакавіку 1944 г. разграмілі 7 варожых апорных пунктаў у Радашковіцкім і іншых раёнах. Удзельнічалі ў абароне паўночнай граніцы Івянецка-Налібоцкай партызанскай зоны. Брыгада 1 ліпеня 1944 г. перарэзала дарогі Ракаў — Валожын, Гарадок — Валожын, па якіх адступалі нямецкія войскі.

Брыгада злучылася з Чырвонай арміяй 6 ліпеня 1944 г., на той момант уключала атрады імя С. М. Кірава, «За Савецкую Беларусь», імя А. А. Андрэева, «Штурм», рэзервовы, у якіх змагаліся 962 партызаны.

Камандзір брыгады Я. Д. Васюцін, камісар С. М. Плахін, начальнік штаба А. С. Раманаў.