pdf

БАБРУЙСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 05.05.2023 11:05:17

Дата змены: 27.02.2025 16:11:58


БАБРУЙСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Мемарыяльная дошка падпольнай групе Бабруйскага партыйна-камсамольскага падполля, якая дзейнічала на Бабруйскім сударамонтным заводзе ў час Вялікай Айчыннай вайны.

БАБРУЙСКАЕ ПАРТЫЙНА-КАМСАМОЛЬСКАЕ ПАДПОЛЛЕ

Брацкая магіла ўдзельнікаў Бабруйскага партыйна-камсамольскага падполля і партызан у горадзе Бабруйск Магілёўскай вобласці.

Бабру́йскае парты́йна-камсамо́льскае па́дпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваных нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Бабруйск і Бабруйскім раёне Магілёўскай вобласці пад кіраўніцтвам Магілёўскага падпольнага абкама КП(б)‌Б, Бабруйскага падпольнага міжрайкама КП(б)‌Б, Бабруйскага падпольнага райкама КП(б)‌Б з ліпеня 1941 г. да чэрвеня 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны. Барацьбой камсамольцаў і моладзі кіравалі адпаведныя падпольныя камсамольскія органы.

Падполле налічвала 29 груп, больш за 500 чалавек, з іх 236 камуністаў і камсамольцаў. Групы ўзначальвалі: М. Р. Баглай, П. С. Вашукевіч, А. К. Калеснікаў і Я. I. Савацееў, В. С. Калеснікаў, Д. М. Лемяшонак, П. Ф. Маслёнак і В. I. Бутараў, С. Г. Акуліч, П. М. Сцяржанаў, I. В. Стомаў (з красавіка 1942 Я. Е. Царык), А. В. Фальковіч і інш. Важную ролю ў стварэнні падполля адыгралі савецкія ваеннаслужачыя, якія трапілі ў акружэнне ці ўцяклі з палону: групы С. З. Крамнёва, В. I. Лівенцава, П. М. Сцяржанава, А. М. Сумбаева, I. А. Хімічова, К. М. Якаўлева.

У пачатку верасня 1941 г. на кватэры Г. М. Смольнікавай адбылася першая канспіратыўная сустрэча прадстаўнікоў падпольных груп горада, на якой прынята рашэнне аб узмацненні барацьбы з акупантамі. З мэтай каардынацыі дзеянняў выбрана аператыўная група ў складзе камуністаў В. І. Лівенцава (кіраўнік), М. П. Боўкуна, В. М. Васільева, С. З. Крамнёва, [Г. М.] Кустова, Д. А. Ляпёшкіна, П. Ф. Маслёнка. Па ініцыятыве Д. М. Лемяшонка створаны падпольны камітэт КП(б)‌Б, у які ўвайшлі: Д. М. Лемяшонак (сакратар), Р. С. Бекіш, А. I. Чарноў. Да кастрычніка 1941 г. камітэт ахапіў сваім уплывам шматлікія гарадскія і сельскія групы. Да канца 1941 г. дзейнічала больш як 20 падпольных груп, якія аб’ядноўвалі каля 350 чалавек Падпольныя групы дзейнічалі на чыгуначнай станцыі Мошны на лініі Бабруйск — Старушкі, у рабочым пасёлку Глуша (з 2013 пасёлак), вёсках Брожа, Варатынь, Васілеўка, Каралёва Слабада, Гарбацэвічы, Осава (цяпер не існуе), Казакова, Фартуны, Круглоніва, Цялуша (цяпер аграгарадок), Чыкілі, Шчаткава, Панюшкавічы і інш.

Члены групы П. Ф. Маслёнка і В. І. Бутарава, якая дзейнічала на лесакамбінаце, прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, выводзілі са строю абсталяванне на камбінаце, хлебазаводзе, электрастанцыі.

Група В. І. Лівенцава вяла палітычную работу, здабывала і сама вырабляла бланкі дакументаў (за жнівень — снежань 1941 вырабіла больш за 200 пашпартоў), пячаткі, мела радыёпрыёмнік, фоталабараторыю.

Група С. Г. Акуліча — І. В. Стомава, якая дзейнічала ў раёне Бярэзінскага фарштата, рабіла дыверсіі на суднарамонтным і шпаларэзным заводах, вяла прапаганду ў варожых фарміраваннях, перадавала звесткі аб аэрадроме ворага і яго гарнізоне ў Бабруйску, арганізоўвала ўцёкі ваеннапалонных з лагера смерці.

Група С. З. Крамнёва рабіла дыверсіі ў казармах акупантаў, на радыёвузле, выводзіла са строю сістэму водазабеспячэння.

Група П. С. Вашукевіча праводзіла работу па распрапагандаванні варожых фарміраванняў, створаных гітлераўцамі з ліку ваеннапалонных і іншых савецкіх грамадзян, летам 1943 г. устанавіла сувязь з адным з такіх падраздзяленняў і пераправіла яго ў партызанскі атрад.

Група А. К. Калеснікава і Я. І. Савацеева, якая дзейнічала на біржы працы, уладкоўвала патрэбных людзей ва ўстановы акупантаў, ратавала насельніцтва ад вывазу ў Германію, забяспечвала падпольшчыкаў неабходнымі дакументамі.

Уладкаваўшыся на работу ў нямецкую друкарню, П. М. Сцяржанаў і В. Р. Цягуноў друкавалі лістоўкі, бланкі пропускаў, прадуктовыя карткі. Пазней з друкарні ўдалося вынесці паперу, шрыфт, вярстатку і іншае абсталяванне, якое ў студзені 1942 г. было дастаўлена ў лес, дзе В. І. Лівенцаў і С. З. Крамнёў наладзілі выпуск лістовак і адозваў (надрукавана 55 лістовак тыражом 25,5 тыс. экзэмпляраў), з лістапада 1942 г. там друкавалася падпольная газета «Бобруйский партизан».

Група М. Р. Баглая праводзіла дыверсіі на прамысловых прадпрыемствах горада і наваколля. За першыя 5 месяцаў акупацыі яна вывела са строю 11 электраматораў і шмат дэфіцытных прыбораў. Падпольшчыкі в. Брожа (кіраўнік В. А. Шчэрбіч) у час рамонту ваеннай тэхнікі ворага псавалі яе, у студзені 1942 г. вывелі са строю абсталяванне майстэрні.

Члены падпольнай групы ў пас. Глуша (кіраўнік I. Р. Гарнастай) вызвалілі з лагера смерці ваеннапалонных, захапілі зброю, боепрыпасы, міны, рацыю, здабывалі і перадавалі партызанам медыкаменты, харчы, двойчы выводзілі са строю шклозавод «Камінтэрн».

Падпольшчыкі в. Осава (кіраўнік Д. М. Лемяшонак) вялі палітычную работу сярод насельніцтва, распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, накіроўвалі людзей у партызанскія атрады, збіралі для партызан харчы. Падпольшчыкі в. Цялуша (кіраўнік А. В. Руднеў) распаўсюджвалі лістоўкі, падбіралі людзей для партызанских атрадаў, перапраўлялі партызанам узрыўчатку і харчы, выводзілі са строю кабель сувязі ўздоўж шашы Бабруйск — Жлобін, распрапагандавалі 70 салдат з варожага фарміравання, якія ў 1943 г. са зброяй перайшлі да партызан. Такую ж падпольную работу вяла група вёсак Шчаткава і Панюшкавічы (кіраўнік А. А. Маеўскі).

Група в. Казакова (кіраўнік I. А. Калпакоў) накіравала да партызан болыш як 200 чалавек, перадавала ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты. І. А. Калпакоў з жонкай і дзецьмі восенню 1941 г. вынеслі са склада вайсковай часці праціўніка 35 вінтовак, 2 аўтаматы, некалькі скрынак патронаў. Усё гэта было перададзена партызанам.

У снежні 1941 г. нямецка-фашысцкім акупантам удалося раскрыць і разграміць некалькі падпольных груп. У студзені 1942 г. над пагрозай правалу значная частка падпольшчыкаў пайшла да партызан, у т. л. члены камітэта. Больш за 150 падпольшчыкаў у снежні 1941 — студзені 1942 г. арганізавалі 752‑ы партызанскі атрад, на базе якога створана партызанская брыгада 1‑я Бабруйская. Кіраўніцтва падпольнай барацьбой у горадзе ўзначаліў Бабруйскі камітэт партызанскага руху (Д. М. Лемяшонак, Р. Н. Акуліч, В. І. Бутараў, А. В. Кодач, М. I. Семісалаў).

Некаторыя падпольныя групы былі звязаны непасрэдна са штабамі часцей Чырвонай арміі. У жніўні 1942 г. савецкае камандаванне ўстанавіла сувязь з групай М. Р. Баглая, група стала разведвальнай. У красавіку 1943 г. у групу ўключана радыстка Г. Нікалайчанкава. Каб мець магчымасць назіраць за варожымі перавозкамі па чыгунцы, падпольшчык [Н. Г.] Гурыновіч адкрыў каля чыгуначнага пераезда майстэрню па рамонце металічных вырабаў. Сабраныя звесткі адразу перадавалі савецкаму камандаванню. Група Д. X. Маркава рэгулярна забяспечвала камандаванне Чырвонай арміі інфармацыяй аб дыслакацыі, узбраенні, колькасці часцей праціўніка. Падпольшчыкі гэтай групы ўзарвалі нямецкую палявую радыёстанцыю, паравы кацёл на гідролізным заводзе, вывелі са строю 2 электраматоры і знішчылі склад з бензінам на лесакамбінаце, некалькі аўтамашын.

Летам 1943 г. у Бабруйску створаны новыя падпольныя арганізацыі: на чыгуначным вузле, электра- і тэлефоннай станцыях.

Баявая дзейнасць падполля асабліва ўзмацнілася з 2‑й паловы 1943 г., калі савецкія войскі разгарнулі наступленне на тэрыторыі Беларусі і наблізіліся да Бабруйска. Адважна дзейнічала разведвальна-дыверсійная група X. С. Прыбыля. Восенню 1943 г. яе ўдзельнікі ўзарвалі воінскі эшалон з жывой сілай і ваеннай маёмасцю, цэментны завод, падпалілі казармы, 2 варожыя аўтамашыны. У 1943–1944 гг. на тэрыторыі Бабруйскага раёна паспяхова дзейнічала разведвальна-дыверсійная група I. М. Стэльмаха і А. I. Лебедзева. Каштоўныя звесткі паступалі ад І. К. Юхнаўца, [А. М.] Манкевіч, І. В. Шэх, Н. К. Якаўлевай, М. I. Беланогавай і інш.

У барацьбе з акупантамі загінулі: А. М. Агееў, Б. С. Акуліч, С. С. Багінян, В. I. Бутараў, Д. П. Вараб’ёў, I. Д. Вярбіцкі, А. I. Вяржбіцкі, Д. Р. і К. Я. Гарадзецкія, Г. М. Гаўраў, У. М. Гетман, М. В. Гудзей, Р. В. Дзыгун, Р. Я. Дзярабін, [В.] Дзяцел, А. А. Іваноў, М. А. Казаранц, А. К. і В. С. Калеснікавы, К. П., М. А. і М. М. Клімашонкі, А. В. Кадач, К. М. Лемяшонак, А. А. і А. А. Маеўскія, М. А. Маркоўскі, A. A. і С. А. Марозы, Э. Я. Міерын, А. I. Міерына, Б. Е. Пінчук, A. I. і Я. I. Савацеевы, Г. I. Сакалова, Г. Ф. Спірыдонава, В. I. і М. Е. Стомавы, Л. В. Ткачук, Ал. Ан. Траяноўскі, I. А. Цвірка, А. Ц. Чыгір і інш. Ордэнамі і медалямі ўзнагароджаны 223 падпольшчыкі. В. I. Лівенцаву i У. А. Парахневічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. У гонар падпольшчыкаў у Бабруйску ўстаноўлены помнік на брацкай магіле падпольшчыкаў і партызан, у вёсках Брожа, Глуша, Осава, Цялуша — мемарыяльныя дошкі, у в. Шчаткава — мемарыяльная пліта.