pdf

БАРАНАВІЦКАЕ ГАРАДСКОЕ ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 05.05.2023 11:08:22

Дата змены: 10.11.2025 11:50:06


БАРАНАВІЦКАЕ ГАРАДСКОЕ ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Брацкая магіла ўдзельнікаў Баранавіцкага гарадскога патрыятычнага падполля, загубленых нямецкімі захопнікамі ў 1944 г. Могілкі па вуліцы Дзекабрыстаў у горадзе Баранавічы.

БАРАНАВІЦКАЕ ГАРАДСКОЕ ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Брацкая магіла ўдзельнікаў Баранавіцкага гарадскога патрыятычнага падполля, загубленых нямецкімі захопнікамі ў 1944 г. Могілкі па вуліцы Дзекабрыстаў у горадзе Баранавічы.

БАРАНАВІЦКАЕ ГАРАДСКОЕ ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Мемарыяльная дошка на бульвары Барадзінскага ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці. Названы ў гонар удзельніка Баранавіцкага гарадскога патрыятычнага падполля Л. П. Барадзінскага, які загінуў ад рук нямецкіх акупантаў 11 сакавіка 1944 г.

Бара́навіцкае гарадско́е патрыяты́чнае падпо́лле

Дзейнічала ў акупіраваным нямецка-фашысцкімі захопнікамі г. Баранавічы Баранавіцкай вобласці са жніўня 1943 г. да ліпеня 1944 г. у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Аб’ядноўвала 32 чалавекі.

Ядром падполля стала група пад кіраўніцтвам А. I. Крыштофіка, накіраваная ў красавіку 1943 г. камандаваннем атрада імя А. В. Суворава партызанскай брыгады Першамайскай у горад для арганізацыі падполля. Дзейнічала ў цесным кантакце з гэтай брыгадай. З восені 1943 г. — пад кіраўніцтвам Баранавіцкага падпольнага абкама КП(б)‌Б і Баранавіцкага падпольнага гаркама КП(б)‌Б.

Падпольшчыкі мелі ў горадзе 2 явачныя кватэры, якія трымалі П. П. Герасімук і А. А. Долгер.

У верасні — лістападзе 1943 г. патрыёты А. М. Коўш, А. I. Крыштофік, І. А. Ліцкевіч, П. П. Герасімук, Л. П. Барадзінскі, Т. І. Дземідовіч і іншыя здзейснілі шэраг дыверсій на чыгунцы ў Баранавічах і недалёка ад горада. Было ўзарвана 6 эшалонаў з гаручым, ваеннай тэхнікай і жывой сілай праціўніка, выведзены са строю будынкі цэнтральнай блакіроўкі чыгуначных стрэлак, электратакарнай майстэрні, перасыльнага пункта, спалены памяшканні аўтагаража з усім абсталяваннем і пяццю машынамі, мэблевая фабрыка. У студзені 1944 г. падпольшчыкі па заданні камандавання Першамайскай партызанскай брыгады выкралі і даставілі ў штаб брыгады намесніка бургамістра Баранавіч. У гэтай аперацыі ўдзельнічалі А. І. Крыштофік і М. I. Нікіцін, ім дапамагалі К. М. Долгер, Я. К. Коўш, П. А. Ліс і інш.

Разам з дыверсійнай і разведвальнай дзейнасцю патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва савецкія газеты і лістоўкі, збіралі зброю і боепрыпасы. Яны перадалі партызанам 4 ручныя кулямёты, 11 вінтовак, 3 пісталеты, вялікую колькасць патронаў.

У пачатку лютага 1944 г. па даносе агента СД 12 падпольшчыкаў былі арыштаваны. Гітлераўцы 11 сакавіка 1944 г. на рыначнай плошчы Баранавіч пакаралі смерцю П. П. Герасімука, А. М. Дзянішчыка, А. А. Долгер, К. М. Долгера, Л. П. Барадзінскага, Т. I. Дземідовіча, А. Ю. Шырко, І. А. Ліцкевіча, Г. А. Ліцкевіч. У Баранавіцкай турме і Калдычэўскім лагеры смерці закатаваны падпольшчыкі П. А. Ліс і Я. Д. Старэнга.

Нягледзячы на арышт і гібель патрыётаў, падполле дзейнічала да вызвалення Баранавіч і раёна ад акупантаў.

У Баранавічах на дзвюх брацкіх магілах падпольшчыкаў пастаўлены стэлы; на месцы іх пакарання смерцю ўстаноўлена мемарыяльная дошка.