Дата стварэння: 05.12.2024 10:42:34
Дата змены: 27.12.2024 11:41:10
Ку́піскія баі́ 1944 г.
Баі партызанскай брыгады Першамайскай, партызанскай брыгады імя А. В. Суворова супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў у в. Купіск Любчанскага раёна Баранавіцкай вобласці (цяпер у Навагрудскім раёне Гродзенскай вобласці) у чэрвені і ліпені 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Фашысцкі гарнізон у Купіску колькасцю больш за 200 салдат і афіцэраў з’яўляўся буйным абарончым вузлом, які блакіраваў партызанам выхад цераз р. Нёман у Любчанскі раён. У час наступлення Чырвонай арміі ён набываў асабліва важнае значэнне.
У ноч на 17 чэрвеня 1944 г. тры штурмавыя групы з атрадаў імя 1 Мая, імя А. А. Жданава і «Кастрычнік» (партызанская брыгада імя А. В. Суворава і атрад імя Я. Коласа знаходзіліся ў рэзерве) на чале з камандзірам Першамайскай брыгады Н. Г. Кавалёвым у выніку раптоўнай атакі знішчылі і ўзялі ў палон 29 гітлераўцаў, захапілі 2 станковыя і 2 ручныя кулямёты, 22 вінтоўкі, пашкодзілі 2 дзоты. У час бою партызан атрада «Кастрычнік» камсамолец М. А. Белуш закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота.
Неўзабаве фашысты прыслалі дадатковыя сілы, аднавілі дзоты, умацавалі абарончыя збудаванні. У ноч на 2 ліпеня партызаны Першамайскай брыгады фарсіравалі Нёман і акружылі Купіск. Пасля непрацяглага бою гарнізон здаўся ў палон. У ходзе баёў загінула 8 партызан.
На месцы гібелі М. А. Белуша ў в. Купіск у 1965 г. пастаўлена стэла.