ПРЫБАЛТЫЙСКІ ФРОНТ 2-і, аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырвонай арміі на Паўночна-Заходнім напрамку
pdf

ПРЫБАЛТЫЙСКІ ФРОНТ 2-і

Дата стварэння: 05.12.2024 10:52:56

Дата змены: 27.12.2024 11:41:00


Прыбалты́йскі фронт 2‑і

Аператыўна-стратэгічнае аб’яднанне войск Чырвонай арміі ў Вялікую Айчынную вайну на паўночна-заходнім напрамку ў 1943–1945 гг. Створаны 20 кастрычніка 1943 г. шляхам перайменавання Прыбалтыйскага фронту (створаны 10 кастрычніка 1943).

Уключаў арміі: 11‑ю, 20‑ю, 22‑ю агульнавайсковыя, 3‑ю ўдарную, 6‑ю і 11‑ю гвардзейскія і 15‑ю паветраную. У розны час у склад фронту ўваходзілі 42‑я і 51‑я агульнавайсковыя, 1‑я і 4‑я ўдарныя, 10‑я гвардзейская і 14‑я паветраная арміі, 5‑ы танкавы, 3‑і гвардзейскі кавалерыйскі і 130‑ы латышскі стралковы карпусы.

Войскі левага крыла фронту з 1 па 21 лістапада 1943 г. ва ўзаемадзеянні з Прыбалтыйскім фронтам 1‑м вялі наступленне на віцебска-полацкім напрамку. У ліпені 1944 г. войскі фронту правялі Рэжыцка-Дзвінскую аперацыю 1944 г. і прасунуліся на захад да 200 км. У выніку гэтай аперацыі ў жорсткіх баях быў прарваны галоўны абарончы рубеж ворага «Пантэра», вызвалены раённыя цэнтры БССР: у ноч на 12 ліпеня Расоны, днём 12 ліпеня г. Дрыса (г. Верхнядзвінск з 1962), раніцай 17 ліпеня г. п. Асвея, а таксама в. Каханавічы (14 ліпеня), вёска і станцыя Бігосава (18 ліпеня) і інш. У іх вызваленні ўдзельнічалі войскі 22‑й арміі (генерал-лейтэнант Г. П. Караткоў), 4‑й ударнай арміі (генерал-лейтэнант П. Ф. Малышаў), воіны 5‑га танкавага корпуса (генерал-маёр танкавых войск М. Г. Сахно).

Пасля вызвалення Даўгаўпілса (27.7.1944) войскі фронту наступалі ўздоўж паўночнага берага Заходняй Дзвіны, прынялі ўдзел у вызваленні Рыгі і ў кастрычнику 1944 г. сумесна з войскамі 1‑га Прыбалтыйскага фронту блакіравалі ў Курляндыі групу армій «Поўнач» (са студзеня 1945 група армій «Курляндыя»), да красавіка 1945 г. вялі баі па яе знішчэнні. Прыбалтыйскі фронт 2‑і расфарміраваны 1 красавіка 1945 г., яго войскі перададзены ў склад Ленінградскага фронту.

Камандуючыя: генерал-палкоўнік М. М. Папоў (кастрычнік 1943 — красавік 1944), генерал арміі А. I. Яроменка (красавік 1944 — люты 1945), генерал-палкоўнік М. М. Папоў (4.2–9.2.1945), Маршал Савецкага Саюза Л. А. Говараў (люты — сакавік 1945).

Члены ваеннага савета: генерал-лейтэнант Л. З. Мехліс (кастрычнік — снежань 1943), генерал-лейтэнант М. А. Булганін (снежань 1943 — красавік 1944), генерал-лейтэнант У. М. Багаткін (красавік 1944 — сакавік 1945).

Начальнікі штаба: генерал-лейтэнант, з 23 жніўня 1944 г. генерал-палкоўнік Л. М. Сандалаў (кастрычнік 1943 — сакавік 1945); генерал-палкоўнік М. М. Папоў (сакавік 1945).