Дата стварэння: 05.05.2023 12:09:51
Дата змены: 06.03.2025 11:01:09
Рэ́жыцка-Дзві́нская апера́цыя 1944 г.
Наступальная аперацыя ў час Вялікай Айчыннай вайны 10–27 ліпеня 1944 г. войск Прыбалтыйскага фронту 2‑га (генерал арміі А. I. Яроменка) з мэтай разграміць Апочацка-Ідрыцка-Себежскую групоўку праціўніка і авалодаць рубяжом Рэжыца (Рэзэкнэ) — Дзвінск (Даўгаўпілс), у далейшым развіць наступленне на рыжскім напрамку і ва ўзаемадзеянні з войскамі Прыбалтыйскага фронту 1‑га адрэзаць прыбалтыйскую групоўку праціўніка ад камунікацый, якія звязвалі яе з Германіяй.
Удзельнічалі: арміі 10‑я гвардзейская (генерал-лейтэнант М. I. Казакоў), 3‑я ўдарная (генерал-лейтэнант В. А. Юшкевіч), 22‑я (генерал-лейтэнант Г. П. Караткоў), 4‑я ўдарная (генерал-лейтэнант П. Ф. Малышаў), 5‑ы танкавы корпус (генерал-маёр танкавых войск М. Г. Сахно). Лінія фронту праходзіла на захад ад гарадоў Наваржэў, Пустошка (Калінінская вобласць), воз. Нешчарда, в. Боркавічы (Віцебская вобласць). Савецкім войскам процістаялі часці 16‑й нямецка-фашысцкай арміі групы армій «Поўнач», якія абапіраліся на глыбокаэшаланіраваную абарончую сістэму з дзвюма галоўнымі і трыма дадатковымі ўмацаванымі лініямі.
Выкарыстаўшы поспех 1‑га Прыбалтыйскага фронту, 10 ліпеня войскі 2‑га Прыбалтыйскага фронту пачалі наступленне. Войскі правага крыла фронту — 10‑я гвардзейская і 3‑я ўдарная арміі — наносілі ўдар у напрамку гарадоў Себеж, Рэзэкнэ, прарвалі абарончы рубеж «Пантэра», за тыдзень фарсіравалі р. Вялікая, вызвалілі гарады Ідрыца, Апочка, Себеж і на стыку з 3‑м Прыбалтыйскім фронтам — г. п. Пушкінскія Горы і с. Міхайлаўскае. Войскі левага крыла фронту — 22‑я (у яе складзе дзейнічаў 130‑ы латышскі корпус, камандзір — генерал-маёр Д. К. Бранткалн) і 4‑я ўдарная арміі, 5‑ы танкавы корпус — наступалі ўздоўж р. Заходняя Дзвіна на г. Даўгаўпілс, вызвалілі райцэнтры БССР — 12 ліпеня в. Расоны і г. Дрыса (з 1962 Верхнядзвінск), 14 ліпеня в. Каханавічы, 17 ліпеня г. п. Асвея, 18 ліпеня чыгуначную станцыю і в. Бігосава і іншыя беларускія населеныя пункты. Часці 130‑га латышскага стралковага корпуса 18 ліпеня ўступілі на тэрыторыю Латвіі ў раёне мястэчка Шкяўнэ. Войскі фронту наступалі ў цяжкіх умовах лясіста-балоцістай мясцовасці, пераадольваючы абарончыя рубяжы. Часці 10‑й гвардзейскай і 3‑й ударнай армій 27 ліпеня вызвалілі г. Рэзэкнэ, у той жа дзень часці 4‑й ударнай арміі ва ўзаемадзеянні з часцямі 6‑й гвардзейскай арміі 1‑га Прыбалтыйскага фронту вызвалілі Даўгаўпілс. Да канца ліпеня фронт прасунуўся ў глыбіню да 200 км. Былі створаны спрыяльныя ўмовы для пераходу ў наступленне войск 3‑га Прыбалтыйскага фронту.