Дата стварэння: 05.12.2024 11:05:12
Дата змены: 27.12.2024 11:40:53
То́шчыцкі бой 1943 г.
Бой партызанскіх фарміраванняў Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы (Бахаўскай ВАГ) у Вялікую Айчынную вайну супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў на чыгуначнай станцыі Тошчыца на лініі Магілёў — Жлобін 5 верасня 1943 г.
Буйны гарнізон ворага на станцыі Тошчыца ахоўваў важны ўчастак ракаднай чыгункі ў аператыўным тыле групы нямецкіх армій «Цэнтр», актыўна перашкаджаў узаемадзеянню партызанскіх сіл Быхаўскай ВАГ, якія дыслацыраваліся абапал чыгункі ў Быхаўскім і Журавіцкім раёнах. Падыходы да гарнізона прыкрывалі дзоты, драцяныя загароды, кулямётная вышка. Камандаванне ВАГ прыняло рашэнне правесці аперацыю ў светлы час сутак, калі гітлераўцы (паводле звестак партызанскай разведкі) адпачывалі пасля начной аховы дарогі і менш за ўсё чакалі нападу. Ажыццяўленню аперацыі перашкаджала адсутнасць сувязі паміж усходняй і заходняй групоўкамі Быхаўскай ВАГ. Некалькі сувязных загінулі пры спробах пераходу чыгункі. Толькі 2–3 верасня 1943 г. 14‑гадовай Н. Ц. Гадунцовай удалося двойчы прайсці праз паліцэйскія пасты і ўстанавіць сувязь паміж атрадамі.
Да 4 гадзін раніцы 5 верасня партызаны акружылі станцыю Тошчыца. У 9 гадзін раніцы раптоўным ударам з захаду партызанскіх атрадаў 152‑га (пазней партызанскі полк 152‑і), 425‑га (пазней партызанскій полк 425-ы), 435‑га і з усходу атрадаў 225‑га, 820‑га і 830‑га, 810‑га (пазней партызанскі полк 810‑ы) пад кіраўніцтвам камандзіра злучэння Ф. П. Падаляна і начальніка штаба I. П. Федзячэнкі былі падаўлены агнявыя кропкі праціўніка, падарвана вышка з кулямётам. У ходзе бою партызаны разбурылі пераводныя стрэлкі, узарвалі вадакачку, рэйкі, лесапільны завод, спалілі на станцыі эшалон, забралі трафеі і арганізавана адышлі. Праціўнік страціў больш за 120 салдат і афіцэраў забітымі і параненымі. Чыгунка на ўчастку бою была выведзена са строю на 72 гадзіны.
На будынку станцыі Тошчыца ў 1973 г. у гонар партызан, якія разграмілі тут 5 верасня 1943 г. нямецка-фашысцкі гарнізон, устаноўлена мемарыяльная дошка.