Дата стварэння: 01.03.2023 15:53:19
Дата змены: 03.06.2025 10:10:54
Партыза́нскі полк 152‑і
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Быхаўскага, Магілёўскага, Кіраўскага, Клічаўскага раёнаў Магілёўскай вобласці і Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці.
Створаны ў кастрычніку 1943 г. на базе атрада 152‑га.
У красавіку 1942 г. у Чэрвеньскім раёне дзейнічала група ваеннаслужачых, якія засталіся ў варожым тыле, на чале з М. Д. Грыцанам. Пазней група перайшла ў Клічаўскі раён. У чэрвені 1942 г. была пераўтворана ў атрад і ўвайшла ў склад Клічаўскага аператыўнага цэнтра як атрад 152‑і. З лістапада 1942 г. атрад уваходзіў у партызанскую брыгаду 4‑ю Клічаўскую, з мая 1943 г. дзейнічаў самастойна. У ліпені 1943 г. перадыслацыраваны ў Быхаўскі раён і ўключаны ў Быхаўскую ваенна-аператыўную групу. Складаўся з трох рот, якія пры перафарміраванні ў полк разгорнуты ў батальёны.
Партызаны атрада ў чэрвені 1942 г. і маі 1943 г. вялі баі з карнікамі ў Клічаўскім раёне. Наносілі ўдары па варожых апорных пунктах і камунікацыях. У жніўні 1943 г. удзельнічалі ў разгроме варожых гарнізонаў у вёсках Балонаў-Сялец, Касічы, Кучын Быхаўскага раёна, на поўдзень ад чыгуначнай станцыі Тошчыца падарвалі больш за 540 рэек. У верасні 1943 г. удзельнічалі ў разгроме самой станцыі Тошчыца (гл. Тошчыцкі бой 1943 г.) і варожага гарнізона ў в. Пушча Быхаўскага раёна. У час наступлення Чырвонай арміі разам з іншымі палкамі і атрадамі Быхаўскай ваенна-аператыўнай групы заблакіравалі шляхі адступлення ворагу ў Быхаўскім раёне.
Полк злучыўся з Чырвонай арміяй 24 лютага 1944 г., на той момант уключаў 3 батальёны, у якіх налічвалася 898 партызан.
Камандзір палка М. Д. Грыцан; камісары: К. Н. Шыбанаў, I. С. Зычкоў; начальнікі штаба: I. Б. Рутман, К. В. Еўтуховіч.