Дата стварэння: 05.05.2023 12:02:27
Дата змены: 11.09.2024 16:01:20
«Марабу́» («Marabu»)
Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Жыткавіцкім раёне Палескай вобласці, Ленінскім раёне Пінскай вобласці і Любанскім раёне Мінскай вобласці 17–25 мая 1944 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.
Мэтай аперацыі было акружэнне і знішчэнне партызанскай брыгады 37‑й імя А. Я. Пархоменкі, якая актыўна дзейнічала ў тыле ворага, а таксама захоп жывёлы і прадуктаў, вываз насельніцтва на катаржныя работы ў Германію.
Праводзілася ў прыфрантавой паласе 23‑га армейскага корпуса 2‑й нямецкай арміі групы армій «Цэнтр» сіламі 810‑га і 10‑га ахоўных батальёнаў. У захопленых партызанамі дакументах карныя батальёны мелі кодавыя назвы «Феркест — Маніх» і «Люфт — Балон».
Баявыя дзеянні паміж партызанамі і карнікамі з асаблівай жорсткасцю праходзілі ў Ленінскім раёне Пінскай вобласці каля г. п. Ленін (цяпер аграгарадок у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці), вёсках Залюцічы і Мілевічы (цяпер абедзве ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці).
Партызаны брыгады імя А. Я. Пархоменкі 21 мая 1944 г. прарвалі блакаду і, нанёсшы праціўніку цяжкія страты, выйшлі з раёна аперацыі.
Гітлераўцы разрабавалі дзясяткі вёсак, поўнасцю рэквізавалі коней і буйную рагатую жывёлу.