«РУСАЛКА»

Дата стварэння: 05.05.2023 12:09:39

Дата змены: 01.03.2024 09:29:28


«Руса́лка» («Niхе»)

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан і мясцовага насельніцтва вакол возера Чырвонае (Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Капаткевіцкі раёны Палескай вобласці, Любанскі і Старобінскі раёны Мінскай вобласці, Ленінскі раён Пінскай вобласці) 24 лютага — 1 сакавіка 1943 г. у час Вялікай Айчыннай вайны; працяг карнай аперацыі «Горнунг».

Праводзілася па загадзе рэйхсфюрара СС Г. Гімлера сіламі вышэйшых начальнікаў СС і паліцыі Расіі «Цэнтр» і «Поўдзень» (обергрупенфюрары СС Э. фон дэм Бах-Зялеўскі і Г. А. Прутцман). Да аперацыі было прыцягнута каля 20 ахоўных батальёнаў, авіяцыя, дапаможныя сілы паліцыі, падраздзяленні вермахта.

Карнікам не ўдалося дасягнуць поспеху ў барацьбе з партызанамі, але яны бязлітасна расправіліся з цывільным насельніцтвам. Толькі адзін 25‑ы ахоўны батальён расстраляў 696 жанчын, старых і дзяцей, захапіў 300 галоў жывёлы, 50 ц збожжа. Больш за 1 000 чалавек гітлераўцы вывезлі на катаргу ў Германію «непасрэдна ў распараджэнне гаўляйтара Заўкеля», як таго патрабаваў загад Гімлера, спалілі вёскі, у т. л. Даманавічы (загубілі 267 чалавек), Пісаравічы (220 чалавек) Старобінскага раёна (цяпер Салігорскага), Пузічы (770 чалавек) Ленінскага раёна (цяпер Салігорскага), Людзвіноў (125 чалавек) Петрыкаўскага раёна і інш. На просьбу кіраўнікоў карнай аперацыі «Русалка» перадаць у іх распараджэнне частку працаздольнага насельніцтва Г. Гімлер заявіў, што «лепей за ўсё ачысціць ад насельніцтва ўсю Беларусь...».