pdf

«ГОРНУНГ»

Дата стварэння: 05.05.2023 11:26:07

Дата змены: 11.09.2024 16:07:05


«Го́рнунг» («Hornung»), «Люты»

Кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партызанскіх злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Ленінскім і Лунінецкім раёнах Пінскай вобласці, Жыткавіцкім раёне Палескай вобласці, Чырвонаслабодскім, Слуцкім, Старобінскім раёнах Мінскай вобласці, Ляхавіцкім раёне Баранавіцкай вобласці ў лютым 1943 г. ў час Вялікай Айчыннай вайны.

Праводзілася сіламі трох паліцэйскіх палкоў і пяці батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС пад камандаваннем штурмбанфюрара СС О. Дырлевангера. У загадзе на карную аперацыю адзначалася, што раён аперацыі — «сапраўдная Савецкая рэспубліка», дзе адноўлены мясцовыя органы савецкай улады, камендатуры, праводзіцца агульная мабілізацыя, у сувязі з чым усім сілам карнікаў загадвалася ў гэтым раёне знішчаць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём», ператварыць раён «у нікім не занятую прастору, мясцовае насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць».

Партызаны брыгад 300‑й імя К. Я. Варашылава, 27‑й імя  В. І. Чапаева, асобных атрадаў імя С. М. Кірава, імя В. І. Чапаева, імя М. Ц. Шыша і іншых у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партызанскага злучэння (камандзір В. З. Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асноўныя сілы партызан выйшлі з-пад удараў гітлераўцаў. У час аперацыі «Горнунг» паўтарылі подзвіг Івана Сусаніна браты I. С. Цуба і М. С. Цуба.

Карнікі ўчынілі масавае знішчэнне савецкіх грамадзян яўрэйскай нацыянальнасці ў Слуцку 8–9 лютага, цынічна зашыфраваўшы крывавую акцыю словамі «тэрыторыя перасялення — яма № 1, яма № 2», потым пачалі прачэсваць міжрэчча Случ — Морач — Цна. Прачэсванне праводзілі баявыя групы «Норд» і «Вест», 7 каманд СД, мінамётны ўзвод, спецыяльныя фарміраванні — сотні пад камандаваннем эсэсаўцаў Бібля і Граафа, асобы батальён СС О. Дырлевангера. Спалілі г. п. Ленін (знішчылі 1 046 чалавек), многія вёскі, у т. л. у Старобінскім pаёне Капацэвічы (знішчылі 426 чалавек), Загліннае (104 чалавекі), Новыя Вялічкавічы (222 чалавекі), Старыя Вялічкавічы (131 чалавек), Ямнае (84 чалавекі), вёскі Беразінец, Дуброўна, Задоўба, Гондарава, пасёлак Капацэвіцкай МТС Сядзіба і інш. Усяго загубілі больш за 10 тыс. савецкіх грамадзян, захапілі 16,7 тыс. галоў жывёлы, 222,8 т збожжа. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».