pdf

БАРАЎЛЯНСКАЕ КАМСАМОЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 18.02.2025 09:53:31

Дата змены: 27.02.2025 16:10:18


Бараўля́нскае камсамо́льска-маладзёжнае падпо́лле

Састаўная частка Барысаўскага партыйна-патрыятычнага падполля. Дзейнічала ў в. Бараўляны Барысаўскага раёна Мінскай вобласці з ліпеня 1941 г. да восені 1942 г. у час Вялікай Айчыннай вайны.

Кіраўнікі: камуніст [І. A.] Кароль (да 25 жніўня 1941 загінуў); камсамольцы Д. Ф. Капыткоў, Я. В. Тоўсцік. Аб’ядноўвала 6 груп, каля 30 чалавек. У канцы ліпеня 1941 г. падпольшчыкі правялі нараду, на якой абмеркавалі задачы па актывізацыі барацьбы з акупантамі. Па заданні падпольшчыкаў на службу ў паліцыю пайшоў жыхар Бараўлян [М. С.] Тарасевіч. Яго сувязь з падполлем ажыцяўляла [Г. Р.] Дзяруга. Хутка з г. Беласток (абласны цэнтр Беларускай ССР, цяпер у Польшчы) вярнуўся ў Бараўляны і ўключыўся ў барацьбу былы сакратар Бараўлянскай камсамольскай ячэйкі С. В. Верхаводка. У падпольную барацьбу ўключыліся таксама А. Ф. Акуліч і Я. К. Акуліч, [М. В.] Верхаводка, [М. Д.] Верхаводка і П. I. Верхаводка, А. I. Ганчаровіч і А. А. Ганчаровіч, [А. Ф.] Замблоцкі, Ф. A. Капыткоў і [Ю. Д.] Капыткоў, [I. А.], М. A. і [У. М.] Кароль, П. З. Мароз, стараста в. Лісіно Н. С. Герасімовіч, загадчык медпункта ў в. Карса́кавічы I. Л. Бардушка, праз якога падпольшчыкі трымалі сувязь з Барысаўскім падполлем і атрымлівалі заданні ад сакратара Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)‌Б I. А. Яраша (да яго гібелі ў лютым 1942) і інш.

У пачатку красавіка 1942 г. члены падполля стварылі партызанскі атрад імя І. В. Сталіна (з верасня 1942 у партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Колі»). Для байцоў гэтага атрада яны здабылі 4 кулямёты, больш за 50 вінтовак, аўтамат, 2 пішучыя машынкі, радыёпрыёмнік, трымалі з атрадам цесную сувязь, праводзілі сумесныя баявыя аперацыі.