Дата стварэння: 02.11.2023 16:25:02
Дата змены: 24.03.2026 10:38:10
Бары́саўскі падпо́льны гарка́м-райка́м КП(б)Б
Барысаўскі падпольны гарадскі камітэт і раённы камітэт КП(б)Б.
Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Барысаўскага раёна і г. Барысаў Мінскай вобласці.
Створаны 8 ліпеня 1941 г., дзейнічаў да лютага 1942 г. як райкам, спыніў сваю дзейнасць у сувязі з гібеллю сакратара райкама І. А. Яраша.
У перыяд з лютага 1942 г. да красавіка 1943 г. падпольнай барацьбой і партызанскім рухам у Барысаве і раёне кіраваў Барысаўскі падпольны міжрайпартцэнтр.
Аднавіў дзейнасць 30 красавіка 1943 г. як гаркам-райкам пад кіраўніцтвам Мінскага падпольнага абкама КП(б)Б і Барысаўскага падпольнага міжрайпартцэнтра (да скасавання міжрайпартцэнтра ў ліпені 1943).
З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі горада і раёна падпольны райкам, а потым гаркам-райкам наладзіў сувязь з камуністамі, камсамольцамі, беспартыйнымі патрыётамі з мэтай арганізацыі падпольнай барацьбы і партызанскага руху. Стварыў і ўзначальваў Барысаўскае партыйна-патрыятычнае падполле, Велікастахаўскае партыйна-камсамольскае падполле, Бараўлянскае камсамольска-маладзёжнае падполлле, Бродаўскую, Жыцькаўскую, Лошніцкую, Навасельскую, Неманіцкую і іншыя партыйныя арганізацыі, удзельнічаў у стварэнні партызанскіх атрадаў, наладзіў іх сувязь з падполлем, распрацоўваў і праводзіў сумесныя баявыя аперацыі, вёў палітыка-масавую работу, вялікую ўвагу надаваў аб’яднанню намаганняў падпольшчыкаў, партызан, насельніцтва для разгортвання ўсенароднай барацьбы.
Базіраваўся ў партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Колі».
Друкаваны орган — газета «Большэвіцкая трыбуна»; выдаваў таксама лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, адозвы; усяго розных выданняў выпушчана больш за 158 тыс. экз.
Спыніў сваю дзейнасць 28 чэрвеня 1944 г.
Сакратар падпольнага райкама I. А. Яраш (да лютага 1942, загінуў); члены райкама: К. I. Акуліч (да снежня 1941), А. Г. Хадаркевіч (да лютага 1942).
Сакратары гаркама-райкама: А. I. Белісаў (30.4–30.7.1943), П. Ф. Смірноў (з 30.7.1943); 2‑і сакратар П. Ц. Солдак (з мая 1944); члены гаркама-райкама: А. І. Белісаў (30.7–14.9.1943), У. С. Марханько (30.4.1943 — 7.2.1944), М. М. Чуліцкі (з 7.9.1943), П. Ц. Солдак (7.2 — май 1944).
У гонар Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)Б недалёка ад в. Крынічкі Барысаўскага раёна на месцы яго базіравання ў 1955 г. адноўлены 3 зямлянкі, у 1982 г. пастаўлена стэла.