pdf

БАРЫСАЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 29.01.2024 11:53:13

Дата змены: 15.05.2025 15:22:49


БАРЫСАЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Помнік удзельніцы Барысаўскага партыйна-патрыятычнага падполля Л. І. Чалоўскай у горадзе Барысаў Мінскай вобласці.

БАРЫСАЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Мемарыяльная дошка ў гонар піянерскай падпольнай групы Барысаўскага партыйна-патрыятычнага падполля.

БАРЫСАЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Мемарыяльная дошка на будынку Барысаўскага чыгуначнага вакзала ў гонар групы Барысаўскага партыйна-патрыятычнага падполля, якая дзейнічала на станцыі Барысаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.

БАРЫСАЎСКАЕ ПАРТЫЙНА-ПАТРЫЯТЫЧНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Мемарыяльная дошка ў гонар групы Барысаўскага партыйна-патрыятычнага падполля, якая дзейнічала на Барысаўскім шклозаводзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Бары́саўскае парты́йна-патрыяты́чнае падпо́лле

Дзейнічала ў г. Барысаў і Барысаўскім раёне Мінскай вобласці з ліпеня 1941 г. да канца чэрвеня 1944 г. у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Дзейнасць падполля ў розны час накіроўвалі Барысаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б (да лютага 1942), Барысаўскі падпольны гаркам-райкам КП(б)‌Б (з мая 1943), Барысаўскі падпольны міжрайпартцэнтр (кастрычнік 1942 — ліпень 1943) і Мінскі падпольны абкам КП(б)‌Б.

Па рашэнні ЦК КП(б)‌Б для арганізацыі падполля і партызанскай барацьбы ў тыл ворага ў ліпені 1941 г. прыбыў даваенны першы сакратар Барысаўскага райкама КП(б)‌Б I. А. Яраш з групай партыйных работнікаў і дыверсантаў, на базе якой былі створаны Барысаўскі падпольны райкам КП(б)‌Б (сакратар І. А. Яраш) і партызанскі атрад І. А. Яраша.

У ліпені 1941 г. І. А. Яраш з дапамогай дзясятніка торфазавода I. Я. Паўловіча звязаўся з членамі даваеннага райкама партыі — дырэктарам саўгаса «Стара-Барысаў» Т. Н. Крыушам і дырэктарам торфазавода У. А. Качаном. Да падпольнай дзейнасці прыцягнулі камуністаў Д. М. Карнелюка, даваенных намесніка дырэктара школы фабрычна-заводскага навучання па палітычным выхаванні Д. К. Курачкіна, загадчыка Барысаўскага гаркамгаса А. I. Казлоўскага, настаўніка А. А. Карнеева, загадчыка склада «Заготзбожжа» Л. В. Арлова, супрацоўніцу раённага аддзела міліцыі В. В. Карнюшка, загадчыка і агранома земаддзела райвыканкама Д. В. Яшчанку i I. I. Хадасевіча, старшыню калгаса «Маяк сацыялізма» В. М. Старадзетку. На сабранай нарадзе І. А. Яраш паставіў перад камуністамі задачу стварыць у горадзе шырока разгалінаванае падполле, уцягнуць у яго камсамольцаў і беспартыйных патрыётаў, наладзіць выпуск і распаўсюджванне лістовак, збор зброі і боепрыпасаў, праводзіць агітацыю сярод насельніцтва і накіроўваць надзейных людзей у лес для стварэння партызанскіх атрадаў. Адказнымі за агітацыйную работу былі прызначаны Д. К. Курачкін і А. А. Карнееў, за адпраўку людзей у партызанскія атрады — І. Я. Паўловіч і В. М. Старадзетка, за дыверсіі — Л. В. Арлоў. Памочнікамі І. А. Яраша ў кіраўніцтве падпольнай барацьбой прызначаны Т. Н. Крыуш і У. А. Качан.

У ліку першых створана падпольная група на Барысаўскім шклозаводзе на чале з I. П. Даўгалавым і У. У. Лазоўскім, якія па заданні падполля паступілі сюды на работу адпаведна дырэктарам і загадчыкам сталовай прадпрыемства. У склад групы ўвайшлі рабочыя С. У. Басалкін, Ф. Ф. Кавалёў, Г. Ф. Чарноў, выпускнік Мінскага медінстытута Б. К. Замбржыцкі, памочнік загадчыка раённай санэпідэмстанцыі М. I. Прырыз і інш. Гэта група стала цэнтральнай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічала камсамольска-маладзёжная група Б. П. Качана, у якую ўваходзілі: I. Н. Барауля, А. М. Зялёнка, М. А. Капшай, М. А. Карнееў, М. М. Комар, A. I. Ржауцкі, Л. I. Чалоўская, Л. А. Шапчыц. За кароткі час яны сабралі на месцах баёў 265 гранат, вялікую колькасць вінтовак, пісталетаў, патронаў і накіравалі ўсё гэта ў партызанскі атрад І. А. Яраша.

Пад кіраўніцтвам І. П. Даўгалава і У. У. Лазоўскага дзейнічала таксама падпольная група ў Старабарысаве, у якую ўваходзілі: I. Л. Бардушка, М. У. Галавачоў, Т. Т. Галавачова, Р. С. Дайнека, А. I. Дударэнка, Ю. I. Лукомская, А. С. Малевіч, Г. Т. Пушкіна і інш.

У падпольную групу на чыгуначнай станцыі на чале са слесарам-водаправодчыкам Д. М. Лебедзевым уваходзілі машыністы Ф. А. Валёк, Д. Б. Вярэка, А. Я. Зайцаў. Яны сачылі за рухам воінскіх эшалонаў, выводзілі са строю паравозы, узарвалі тэлефонную калонку, праз якую гітлераўцы трымалі сувязь з фронтам; 27 снежня 1943 г. члены групы П. А. Токараў і Н. П. Токарава ўзарвалі на чыгуначнай станцыі 2 паравозы, 3 платформы з баявой тэхнікай.

У склад падпольнай групы У. К. Бранавіцкага — дырэктара сярэдняй школы № 3 Барысава — увайшлі настаўнікі Я. I. Буйко, Я. М. Зомерфельд, Р. I. Ляшкевіч, А. У. Ляшкевіч, яе брат Уладзімір, Г. I. Шышко, беларускі пісьменнік М. М. Клімковіч.

Дзейнічалі таксама падпольныя групы на электрастанцыі, заводах «Камінтэрн» і «Чырвоны металіст», запалкавай фабрыцы, дрэваапрацоўчым камбінаце і іншыя, якія аб’ядноўвалі больш за 100 чалавек.

Да пачатку кастрычніка 1941 г. у Барысаве дзейнічала 17 падпольных груп.

Падпольшчыкі паслалі на работу ў варожыя ўстановы надзейных людзей, у т. л. Д. В. Яшчанку загадчыкам харчовага аддзела раённай управы, В. В. Карнюшка сакратаром-машыністкай у гарадскую камендатуру, Л. М. Галынец перакладчыцай у гарадскую ўправу. Падпольшчыкі здабывалі бланкі дакументаў, харчовыя карткі, звесткі пра аб’екты і сілы ворага, ратавалі люзей ад вывазу ў Германію. Б. К. Замбржыцкі, які ўладкаваўся загадчыкам аддзела аховы здароўя гарадской управы, стварыў падпольную групу з цэнтрам на санэпідэмстанцыі. Група перапраўляла да партызан ваеннапалонных, перадавала зброю, медыкаменты, склала план агнявых кропак праціўніка ў горадзе. Па радыёпрыёмніках у дамах У. А. Качана, В. Л. Мароза, П. Г. Паўлаўца, Г. М. Стракалава і іншых падпольшчыкі слухалі і запісвалі зводкі Саўінфармбюро, выступленні кіраўнікоў партыі і ўрада. А. А. Карнееў і Д. К. Курачкін пісалі лістоўкі, у іх распаўсюджванні ўдзельнічалі Т. Т. Галавачова, Т. К. Ермаловіч, Ю. І. Лукомская, С. М. Манкевіч, Р. К. Міклушын, Г. Т. Пушкіна, А. М. Сідзяеў, Г. М. Стракалаў і інш. Канспіратыўныя кватэры трымалі Т. К. Ермаловіч, Варанковы, Гаўрылавы, Сахончыкі. Наяўнасць канспіратыўных кватэр, бланкаў дакументаў і пропускаў давала магчымасць ратаваць савецкіх ваеннапалонных з фашысцкіх лагераў смерці і накіроўваць іх да партызан. Толькі за восень 1941 г. і зіму 1942 г. да партызан было адпраўлена больш за 200 ваеннапалонных; каля 60 цяжкапараненых байцоў і камандзіраў Чырвонай арміі было вылечана ў падпольным шпіталі, створаным у горадзе начальнікам урачэбнага ўчастка чыгуначнай станцыі П. М. Вусціным, які ўзначальваў падпольную групу медработнікаў.

Падпольшчыкі дрэваапрацоўчага камбіната «Камінтэрн» узарвалі падстанцыю на фабрыцы «Прафінтэрн», якая забяспечвала электраэнергіяй фабрыку і камбінат. Начальнік электрацэха Манкевіч псаваў электрарухавікі, падпаліў лесапільны цэх. Патрыёты на чале з I. Л. Піваваравым і А. Ф. Самарадавым узарвалі на электрастанцыі воданапорную станцыю, спалілі 2 электраматоры. Пад кіраўніцтвам камуніста А. К. Хаўстава ажыццёўлены шэраг дыверсій на заводзе «Чырвоны металіст».

У лютым 1942 г. у няроўным баі з гітлераўцамі загінуў I. А. Яраш і быў разбіты карнікамі яго атрад. Падпольнай барацьбой працягвалі кіраваць Т. Н. Крыуш і У. А. Качан. Вясной і летам 1942 г. яны і многія іншыя падпольшчыкі кінуты ў турмы і пасля катаванняў расстраляны акупантамі. Частка тых, хто пазбег арышту, пайшлі з горада, астатнія яшчэ больш заканспіраваліся і з новымі сіламі разгарнулі барацьбу супраць захопнікаў, якая асабліва актывізавалася з восені 1942 г.

Да канца 1942 г. у Барысаве дзейнічала каля 20 падпольных груп.

Выконваючы ўказанне лютаўскага Пленума ЦК КП(б)‌Б 1943 г. «рашуча ўзмацніць пранікненне ў гарады», партыйныя камітэты і партызанскія фарміраванні, якія дыслацыраваліся вакол Барысава, групы савецкай ваеннай разведкі стварылі ў горадзе шырокую сетку разведвальных і дыверсійных груп.

Трымаючы сувязь з партызанамі брыгад «Дзядзькі Колі», «Разгром», імя С. М. Кірава, імя П. К. Панамарэнкі, імя М. А. Шчорса і інш., падпольшчыкі правялі шэраг баявых аперацый і дыверсій. Вясной 1943 г. яны спалілі гараж з васьмю аўтамашынамі, склад з гаручым і запчасткамі. Падпольшчыкі завода «Чырвоны металіст» знішчылі ў гаражы 5 аўтамашын, вывелі са строю 3 маторы. Патрыёты выявілі школу абвера ў ваенным гарадку Печы і яе філіял у прыгарадзе Барысава, знішчылі каменданта Барысаўскай палявой камендатуры і начальніка будаўнічай школы, вывезлі да партызан начальніка барысаўскага аддзялення контрразведкі штаба 4‑й нямецкай арміі з важнымі дакументамі, здабылі план Барысава з умацаваннямі і ваеннымі аб’ектамі, схемы абарончых ліній Антосіна — Брылі, план перапраў цераз р. Бярэзіна. Яны надрукавалі ў сваёй падпольнай друкарні і распаўсюдзілі 158,3 тыс. экзэмпляраў газет і лістовак.

Вялікую дапамогу падпольшчыкам аказвалі партызаны. У кастрычніку 1943 г. мінай з гадзіннікавым механізмам, атрыманай з брыгады «Смерць фашызму», дарожны майстар С. М. Кніга ўзарваў у Барысаве мост на аўтамагістралі Брэст — Масква. Напярэдадні Беларускай аперацыі 1944 г. падпольшчыкі зрывалі мерапрыемствы праціўніка па разбурэнні прамысловых прадпрыемстваў і будынкаў, вывазе насельніцтва і каштоўнага абсталявання.

У Барысаўскім раёне дзейнічалі Велікастахаўскае партыйна-камсамольскае падполле, Бараўлянскае камсамольска-маладзёжнае падполле, Бродаўская, Жыцькаўская, Зембінская, Лошніцкая, Навасельская падпольныя арганізацыі.

У стварэнні падпольных груп актыўна ўдзельнічалі савецкія вайскоўцы, якія былі вымушаны застацца ў варожым тыле, у т. л. былыя сакратар партбюро 144‑га кавалерыйскага палка старшы палітрук С. М. Ігумнаў і начальнік штаба кавалерыйскай дывізіі маёр П. В. Яхантаў, якія стварылі падпольную групу ваеннаслужачых.

Пасля няўдалых спроб выйсці з акружэння С. М. Ігумнаў у ліпені 1941 г. пасяліўся ў Барысаве пад выглядам шаўца і пачаў стварэнне падпольнай групы. У яе ўвайшлі ваеннаслужачыя А. М. Ашмянскі, В. I. Кузічкін, М. С. Лысенка, I. I. Максімаў, I. П. Татаркін, мясцовыя жыхары М. I. Баранава, А. Я. Кудрэвіч, I. Ф. Мітчанка, А. М. Моніч, У. Е. Моніч, В. Л. Мароз, М. I. Пятух, К. I. Ржауцкі, Г. М. Стракалаў. Паралельна ў Барысаве пачаў ствараць падпольную групу акружэнец маёр П. В. Яхантаў. Хутка абедзве групы зліліся. Аб’яднаную групу Ігумнава — Яхантава папоўнілі ваеннаслужачыя А. Ц. Кочатаў, Ф. П. Падалян, А. М. Сідзяеў, А. К. Саламацін, А. К. Хаўстаў, жыхары горада С. К. Бяляева, Л. I. Бутвілоўскі, Э. Г. Бутвілоўскі, Н. I. Варанкова, М. П. Ермаловіч, А. М. Кузьмін, Р. I. Мухін, П. Г. Паўлавец, Н. I. Сахончык. Звязаўшыся з кіраўнікамі падпольнай групы на шклозаводзе У. У. Лазоўскім і I. П. Даўгалавым, якія дзейнічалі пад кіраўніцтвам сакратара Барысаўскага падпольнага райкама КП(б)‌Б I. А. Яраша, група ваеннаслужачых стала атрымліваць яго ўказанні. Патрыёты займаліся антыфашысцкай агітацыяй сярод насельніцтва, ратавалі ад арыштаў, лячылі пасля раненняў і перапраўлялі да партызан ваеннаслужачых-акружэнцаў, праводзілі дыверсіі. Здабываць зброю і боепрыпасы ім дапамагалі піянеры-падпольшчыкі на чале з трынаццацігадовым В. Р. Пашкевічам. Яны назбіралі і вынеслі з варожых складоў 10 ручных кулямётаў, 21 аўтамат, 273 вінтоўкі, 50 гранат, шмат патронаў. Падпольшчыкі навучыліся рабіць замаскіраваныя пад кавалкі вугалю міны. Тол і капсулі для іх здабываў з варожага склада М. Г. Бутвілоўскі. Рабілі міны Л. I. Бутвілоўскі і Э. Г. Бутвілоўскі, Т. К. Ермаловіч, А. К. Саламацін у хаце стрэлачніка М. I. Несцяровіча, які адносіў іх на склад з палівам. Разам з вугалем міны траплялі ў топкі паравозаў. У час арыштаў вясной 1942 г. амаль усе падпольшчыкі на чале з С. М. Ігумнавым і П. В. Яхантавым пайшлі да партызан.

Група медыцынскіх работнікаў (кіраўнік П. М. Вусцін) дзейнічала з ліпеня 1941 г. да восені 1943 г. Калі гітлераўцы захапілі горад, П. М. Вусцін з дапамогай медперсаналу перанёс каля 60 цяжкапараненых савецкіх байцоў і камандзіраў у бальніцу і аформіў на іх гісторыі хвароб, як на мясцовых жыхароў. Для работы ў бальніцы былі падабраны патрыятычна настроеныя медработнікі, у т. л. Г. I. Астроўская, Ю. Ф. Бабіцкая, В. I. Баранава, С. А. Мірзаян, М. Ф. Раманоўская, Г. Б. Хоміч, Н. Чайкоўская. Харчы для раненых здабываў з дапамогай падпольшчыкаў загадчык гаспадаркі бальніцы А. С. Малевіч. Параненых ваеннаслужачых, а таксама знявечаных на допытах партызанскіх сувязных пасля лячэння перапраўлялі да партызан. Супрацоўнікі падпольнага шпіталя былі звязаны з урачамі лагера № 382 для ваеннапалонных. Некаторых вязняў удавалася ўладкаваць у шпіталь. Пасля выздараўлення частка з іх уключалася ў падпольную барацьбу супраць фашыстаў, частка ішла да партызан. Да пачатку 1942 г. больш за 30 вылечаных параненых былі перапраўлены да партызан. Загадчык аддзела аховы здароўя раённай управы падпольшчык Б. К. Замбржыцкі зацвердзіў П. М. Вусціна галоўным урачом rapадской бальніцы, прызначыў амаль ва ўсе медыцынскія ўстановы раёна надзейных людзей. Па яго прапанове пачалі працаваць у горадзе падпольшчыкі: урач Е. М. Белая, медсястра А. I. Сталярова, лабарантка М. М. Комар, санітарка М. А. Чарнышова і інш. Медыцынскія работнікі дастаўлялі медыкаменты, медыцынскія інструменты і перавязачны матэрыял у партызанскія брыгады «Дзядзькі Колі» і імя П. К. Панамарэнкі, праводзілі палітычную работу сярод насельніцтва, здабывалі разведданыя аб праціўніку, лячылі хворых і параненых падпольшчыкаў і партызан. Для выратавання жыхароў горада ад вывазу ў фашысцкую няволю выдавалі фіктыўныя даведкі аб захворваннях тыфам, туберкулёзам, каростай і інш. Восенню 1943 г. амаль увесь персанал бальніцы пайшоў у партызанскую брыгаду «Дзядзькі Колі».

У барацьбе з акупантамі загінулі ўдзельнікі Барысаўскага партыйна-патрыятычнага падполля: Л. В. Арлоў, I. Л. Бардушка, Т. П. Гук, I. П. Даўгалаў, I. А. Дэмскі, П. А. Жуковіч, Б. К. Замбржыцкі, А. [Н.] Карнееў, М. А. Карнееў, В. В. Карнюшка, Д. М. Карнялюк, Б. П. Качан, У. А. Качан, М. М. Комар, Т. Н. Крыуш, Д. К. Курачкін, У. У. Лазоўскі, Ю. I. Лукомская, С. М. Манкевіч, Р. Носаў, В. К. Палонік, П. Ф. Парабковіч, I. Я. Паўловіч, Г. Т. Пушкіна, А. I. Ржауцкі, К. I. Ржауцкі, К. С. Ржауцкі, В. М. Старадзетка, В. В. Сцяпурка, Н. П. Токарава, П. А. Токараў, А. С. Федарынчык, А. Р. Філіповіч, М. В. Фірсаў, А. М. Францкевіч, Ф. Цярэшчанка, Л. I. Чалоўская, В. П. Чарнуха, Н. П. Чарнуха, П. П. Чарнуха, I. А. Яраш, Д. В. Яшчанка і інш.

У Барысаве ў гонар падпольшчыкаў устаноўлены мемарыяльныя дошкі, помнік Л. І. Чалоўскай.