pdf

БАРЫСАЎСКІ ПАДПОЛЬНЫ МІЖРАЙПАРТЦЭНТР

Дата стварэння: 15.02.2024 14:30:57

Дата змены: 24.03.2026 10:38:10


Бары́саўскі падпо́льны міжрайпартцэ́нтр

Барысаўскі падпольны міжраённы партыйны цэнтр.

Міжраённы партыйны цэнтр Барысаўскай зоны.

Дзейнічаў у гады Вялікай Айчыннай вайны на акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Барысаўскага, Бягомльскага, Крупскага, Лагойскага, Плешчаніцкага, Смалявіцкага і Халопеніцкага раёнаў Мінскай вобласці.

Створаны 11 жніўня 1942 г. рашэннем Цэнтральнага камітэта КП(б)‌Б, дзейнічаў з 6 кастрычніка 1942 г.

Узначальваў партыйнае падполле, у т. л. Барысаўскае партыйна-патрыятычнае падполле, і партызанскі рух у Барысаўскім і сумежных раёнах. Ужо ў кастрычніку 1942 г. у зоне дзейнасці міжрайпартцэнтра былі створаны Смалявіцкі падпольны райкам КП(б)‌Б і Халопеніцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, у лістападзе 1942 г. — Лагойскі падпольны райкам КП(б)‌Б і Плешчаніцкі падпольны райкам КП(б)‌Б, у маі 1943 г. — Барысаўскі падпольны гаркам-райкам КП(б)‌Б і Крупскі падпольны райкам КП(б)‌Б [гл. таксама Раённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б]. Накіроўваў дзейнасць Барысаўскага падпольнага міжрайкама ЛКСМБ.

Базіраваўся ў ваколіцах возера Палік у Барысаўскім раёне (да мая 1943 у партызанскай брыгадзе «Стары»).

Друкаваным органам міжрайпартцэнтра з’яўлялася газета «Народный мститель».

Скасаваны ў ліпені 1943 г. рашэннем ЦК КП(б)‌Б, паколькі выканаў свае задачы па арганізацыі і далейшым умацаванні сеткі падпольных райкамаў у паўночнай частцы Мінскай вобласці.

Яшчэ 28 мая 1943 г. ЦК КП(б)‌Б зацвердзіў кіраўніка міжрайпартцэнтра П. А. Жуковіча членам Вілейскага падпольнага абкама КП(б)‌Б, і ў жніўні 1943 г. ён накіраваўся ў Вілейскую вобласць. Пасля спынення дзейнасці міжрайпартцэнтра барацьбу насельніцтва супраць акупантаў на тэрыторыі раёнаў Барысаўскай зоны ўзначальваў Р. Н. Мачульскі, сакратар Мінскага падпольнага абкама КП(б)‌Б.

Кіраўнік міжрайпартцэнтра П. А. Жуковіч; члены міжрайпартцэнтра: П. Ф. Смірноў, В. С. Пыжыкаў (да 16.12.1942, псеўданім «Стары», адначасова камандзір брыгады «Стары»), Т. С. Радзюк (з лістапада 1942).

У гонар Барысаўскага падпольнага міжрайпартцэнтра і штаба партызанскай брыгады «Стары» ў в. Палік Барысаўскага раёна ў 1982 г. пастаўлена стэла.