ПАРТЫЙНАЕ ПАДПОЛЛЕ, на тэрыторыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну
pdf

ПАРТЫЙНАЕ ПАДПОЛЛЕ

Дата стварэння: 02.11.2023 16:45:41

Дата змены: 11.09.2024 16:27:18

Парты́йнае падпо́лле на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну (1941–1944)

Сістэма партыйных органаў і арганізацый КП(б)‌Б, якія дзейнічалі на часова акупіраванай нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі БССР і ажыццяўлялі ідэйна-палітычнае і арганізацыйнае кіраўніцтва ўсенароднай барацьбой супраць акупантаў.

Асноўныя задачы партыйнага падполля выкладзены ў Дырэктыве СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 г. партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей і ў Пастанове ЦК ВКП(б) ад 18 ліпеня 1941 г. «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск».

Выконваючы ўказанні ЦК ВКП(б), Цэнтральны Камітэт КП(б)‌Б прыняў Дырэктыву ЦК КП(б)‌Б № 1 ад 30 чэрвеня 1941 г. «Аб пераходзе на подпольную работу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам», дзе абавязаў першых сакратароў абкамаў, гаркамаў і райкамаў партыі загадзя стварыць падпольныя партыйныя органы і ячэйкі для арганізацыі барацьбы з акупантамі. У Дырэктыве ЦК КП(б)‌Б № 2 ад 1 ліпеня 1941 г. партыйным, савецкім і камсамольскім арганізацыям па разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага ўказвалася, што «ўсе камуністы і камсамольцы, здольныя насіць зброю, застаюцца на тэрыторыі, занятай ворагам» (меліся на ўвазе тыя, хто па якіх-небудзь прычынах не быў прызваны ў Чырвоную армію або не атрымаў іншых заданняў партыйных органаў).

У выключна складаных умовах прыфрантавой паласы (тэрыторыя Беларусі была поўнасцю акупіравана да канца жніўня 1941) камітэты КП(б)‌Б здолелі ў 89 раёнах Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай, Палескай і Пінскай абласцей арганізацыйна аформіць раённыя падпольныя партыйныя органы (райкамы, тройкі) на чале з сакратарамі або членамі бюро райкамаў партыі, а ў Гомельскай, Магілёўскай, Мінскай, Палескай і Пінскай абласцях — абласныя падпольныя партыйныя органы. Толькі ЦК і абкамы КП(б)‌Б падабралі і накіравалі для арганізацыі падпольнай і партызанскай барацьбы 1 215 камуністаў, у т. л. 8 сакратароў абкамаў, 120 сакратароў гаркамаў і райкамаў партыі. Групы камуністаў колькасцю ад 40 да 80 чалавек у кожным раёне былі пакінуты для падпольнай работы таксама большасцю райкамаў партыі ўсходніх абласцей рэспублікі. Так, у Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Палескай абласцях было створана 397 тэрытарыяльных (у населеных пунктах) партыйных арганізацый, якія ў выпадку акупацыі павінны былі перайсці на нелегальнае становішча (такія арганізацыі ствараліся таксама ў Мінскай і Пінскай абласцях). Значная колькасць камуністаў знаходзілася ў складзе створаных загадзя партызанскіх атрадаў і груп. Усяго летам 1941 г. для работы ў тыле ворага было пакінута каля 8 тыс. камуністаў (напярэдадні вайны ў рэспубліканскай арганізацыі было 75 тыс. членаў і кандыдатаў у члены партыі).

У Баранавіцкай, Беластоцкай, Брэсцкай і Вілейскай абласцях у сувязі з хуткім прасоўваннем праціўніка колькі-небудзь значнай работы па падрыхтоўцы да барацьбы ў тыле ворага правесці не ўдалося.

Не ўсе створаныя загадзя партыйныя органы і арганізацыі змаглі разгарнуць сваю дзейнасць ва ўмовах акупацыі. Асноўныя прычыны гэтага: палітыка жорсткіх рэпрэсій акупантаў; адсутнасць у большасці пакінутых у тыле ворага вопыту работы ў нелегальных умовах; недаацэнка ролі партыйнага падполля асобнымі работнікамі, якія пайшлі ў Чырвоную армію, мяркуючы, што там змогуць больш эфектыўна змагацца з ворагам, і інш.

У кастрычніку — снежні 1941 г. становішча партыйнага падполля яшчэ больш ускладнілася: адсутнічала двухбаковая сувязь падпольных партыйных органаў і ЦК КП(б)‌Б, узніклі вострыя праблемы з абсталяваннем і захаваннем сакрэтнасці месц дыслакацыі, забеспячэннем зімовай вопраткай, абуткам, харчамі. У выніку ўсяго гэтага да канца снежня 1941 г. на акупіраванай тэрыторыі Беларусі дзейнічалі толькі 2 абласныя і 15 гapадскіх і раённых падпольных партыйных органаў. У 7 раёнах работу вялі асобныя сакратары райкамаў партыі. З ліку створаных загадзя партыйных арганізацый змаглі замацавацца таксама нямногія.

Аднак з першых тыдняў акупацыі ў тыле ворага ішоў таксама працэс стварэння падпольных партыйных органаў і арганізацый па ініцыятыве камуністаў, якія ў выніку розных абставін аказаліся на акупіраванай тэрыторыі: мясцовых членаў партыі, што не атрымалі канкрэтных указанняў партыйных органаў, многіх камуністаў-ваеннаслужачых, якія трапілі ў акружэнне. Так узніклі Мінскі падпольны гаркам, Уздзенскі парткам, партыйны цэнтр у Брэсце і іншыя партыйныя камітэты, многія партыйныя арганізацыі.

З пачатку 1942 г. разгарнулася работа па ўстанаўленні ўстойлівай двухбаковай сувязі ЦК КП(б)‌Б з партыйным падполлем, падборы кадраў, здольных ва ўмовах жорсткага акупацыйнага рэжыму ўзначаліць партыйныя органы, арганізаваць і павесці за сабой камуністаў, камсамольцаў і беспартыйных патрыётаў. ЦК КП(б)‌Б 31 студзеня 1942 г. прыняў Пастанову аб мерах па паляпшэнні сувязі і кіраўніцтва падпольнымі партыйнымі арганізацыямі і партызанскімі атрадамі Беларусі. Значную работу па ўстанаўленні сувязі з партыйным падполлем, партызанскімі фарміраваннямі, перапраўцы на акупіраваную тэрыторыю кадраў правяла Паўночна-Заходняя аператыўная група ЦК КП(б)‌Б. Да лета 1942 г. ЦК КП(б)‌Б устанавіў трывалую сувязь з партыйным падполлем і партызанскімі фарміраваннямі Віцебскай вобласці, з Мінскім падпольным абкамам КП(б)‌Б, у чэрвені — з падполлем і партызанскімі фарміраваннямі Магілёўскай вобласці, з восені 1942 г. — з Гомельскім падпольным абкамам КП(б)‌Б. Да канца 1942 г. праз 68 рацый, якія працавалі ў варожым тыле, ЦК КП(б)‌Б і Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) падтрымлівалі рэгулярную сувязь з большасцю падпольных партыйных органаў і партызанскіх атрадаў Беларусі.

Кіруючыя кадры партыйнага падполля падбіраліся з ліку камуністаў, якія ведалі ўмовы Беларусі, але знаходзіліся на партыйна-палітычнай рабоце ў савецкім тыле ці ў радах Чырвонай арміі [з дазволу ЦК ВКП(б) і Дзяржаўнага Камітэта Абароны яны адклікаліся ў распараджэнне ЦК КП(б)‌Б], а таксама з ліку тых, хто праявіў сябе ў барацьбе з ворагам на акупіраванай тэрыторыі. Накіраваныя з савецкага тылу кадры праходзілі падрыхтоўку ў спецшколах Цэнтральнага штаба партызанскага руху (ЦШПР) і Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР). Значную ролю ў гэтым адыграў Асобы беларускі збор, створаны ЦК КП(б)‌Б у красавіку 1942 г. ва Уладзімірскай вобласці РСФСР.

Партыйнае падполле будавалася ў адпаведнасці з задачамі, якія яно павінна было выконваць у тыле ворага, улічваючы канкрэтныя ўмовы вобласці, горада ці раёна. Партыйныя работнікі ў большасці накіроўваліся на месцы ў якасці ўпаўнаважаных ЦК КП(б)‌Б па абласцях, групах раёнаў, асобных раёнах. Абапіраючыся на мясцовых камуністаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе з ворагам, яны фактычна адразу выконвалі функцыі падпольных партыйных органаў. Пасля правядзення работы па падборы кадраў і арганізацыйным афармленні падпольных абкамаў, міжраённых партыйных органаў, райкамаў партыі ўпаўнаважаныя ЦК КП(б)‌Б звычайна зацвярджаліся іх сакратарамі.

У некаторыя раёны для стварэння райкамаў і кіраўніцтва падполлем і партызанскім рухам накіроўвалі сваіх упаўнаважаных і падпольныя абкамы партыі. I ўпаўнаважаныя, і падпольныя партыйныя органы ў першую чаргу ўсталёўвалі сувязь з ужо існуючымі мясцовымі падпольнымі партыйнымі арганізацыямі, новыя партыйныя арганізацыі стваралі галоўным чынам у партызанскіх атрадах і брыгадах.

Да пачатку 1943 г. намаганнямі ЦК, абкамаў, міжрайкамаў КП(б)‌Б была створана сетка падпольных партыйных органаў, якая ахоплівала сваім уплывам большую частку тэрыторыі рэспублікі: у тыле ворага дзейнічалі падпольныя Віцебскі, Гомельскі, Мінскі і Пінскі абласныя, 4 міжраённыя, гарадскі і 42 раённыя партыйныя органы. Яшчэ ў 53 раёнах партыйнае падполле ўзначальвалі ўпаўнаважаныя ЦК і абкамаў КП(б)‌Б. Асабліва вялікая работа была зроблена ва ўсходніх абласцях, дзе дзейнічала 46 партыйных органаў. Паводле няпоўных звестак, у гэты час на тэрыторыі Беларусі арганізатарскую і палітычную работу ў масах вялі 472 пярвічныя партыйныя арганізацыі (144 тэрытарыяльныя і 328 у партызанскіх атрадах і брыгадах), на ўліку ў якіх было больш за 8,5 тыс. камуністаў.

Значную ролю ў развіцці партыйнага падполля і партызанскага руху на Беларусі адыграў лютаўскі Пленум ЦК КП(б)‌Б 1943 г., які адбыўся ў Маскве 26–28 лютага 1943 г. Пленум разгледзеў пытанне «Аб абстаноўцы і задачах работы партыйных органаў і партыйных арганізацый у акупіраваных раёнах Беларусі». Прааналізаваўшы вынікі 20‑месячнай дзейнасці па арганізацыі і развіцці ўсенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Пленум прыняў пастанову, у якой падкрэсліў неабходнасць працягваць стварэнне падпольных цэнтраў, камітэтаў, арганізацый КП(б)‌Б, накіраванне ў тыл праціўніка ўпаўнаважаных партыйных органаў, «якія нясуць перад ЦК адказнасць за палітычную работу і партызанскі рух ва ўсіх абласцях, раёнах і гарадах Беларусі». Адзначалася, што для КП(б)‌Б «выключнай і галоўнай задачай з’яўляецца актыўны ўдзел, арганізацыя і кіраўніцтва ўсенароднай барацьбой супраць акупантаў у імя ачышчэння ад іх нашай Радзімы. У гэтым заключаецца ўвесь сэнс працы, барацьбы, жыцця Кампартыі Беларусі».

У адпаведнасці з рашэннем Палітбюро ЦК ВКП(б), прынятым у кастрычніку 1942 г., для больш аператыўнага кіраўніцтва барацьбой з акупантамі Пленум зацвердзіў ваенна-палітычны састаў ЦК КП(б)‌Б у колькасці 22 чалавек. У яго былі ўведзены таксама партыйныя работнікі, якія паказалі сябе з найлепшага боку ў барацьбе з ворагам на акупіраванай тэрыторыі. Кіруючыся рашэннем Палітбюро ЦК ВКП(б), Пленум даручыў ваенна-палітычнаму саставу ЦК КП(б)‌Б стварыць падпольны ЦК КП(б)‌Б і вызначыць яго месцазнаходжанне. Аднак, як паказала практыка, неабходнасць у гэтым адпала. Партыйнае падполле і партызанскія фарміраванні мелі пастаянную радыё- і авіясувязь з Масквой. Члены ваенна-палітычнага саставу ЦК маглі ў любы час звязацца па радыё з кіраўнікамі падпольных партыйных органаў і партызанскіх фарміраванняў, а пры неабходнасці выклікаць іх у Маскву або самі вылецець у тыл ворага.

ЦК КП(б)‌Б, выконваючы рашэнні Пленума і не аслабляючы партыйна-арганізацыйнай работы ва ўсходніх абласцях, дзе да лета 1943 г. фарміраванне падпольных партыйных органаў было ў асноўным завершана, асноўныя намаганні накіраваў на пашырэнне і ўмацаванне сеткі партыйнага падполля ў заходніх абласцях БССР. ЦК КП(б)‌Б у чэрвені 1943 г. звярнуўся да партыйных арганізацый з пісьмом «Аб ваенна-палітычных задачах работы ў заходніх абласцях БССР». У савецкім тыле ў сакавіку — жніўні 1943 г. былі сфарміраваны і накіраваны на акупіраваную тэрыторыю саставы Баранавіцкага, Беластоцкага, Брэсцкага і Вілейскага падпольных абкамаў, якія разгарнулі ў тыле ворага партыйна-арганізацыйную работу. Улічваючы востры недахоп у гэтых абласцях партыйных кадраў, ЦК КП(б)‌Б сумесна з БШПР падабралі і накіравалі ў распараджэнне падпольных абкамаў дзясяткі арганізатарскіх груп на чале з вопытнымі партыйнымі работнікамі, сярод якіх многія працавалі раней у варожым тыле. Пры фарміраванні падпольных партыйных органаў шырока выкарыстоўваліся партыйна-палітычныя работнікі Чырвонай арміі, якія трапілі ў акружэнне і змагаліся з ворагам у партызанскіх атрадах. Усё гэта дазволіла да канца 1943 — пачатку 1944 г. завяршыць у асноўным стварэнне сеткі падпольных партыйных органаў і ў заходніх абласцях рэспублікі. Стварэнне новых пярвічных партыйных арганізацый працягвалася да вызвалення Беларусі, што было звязана з ростам партызанскіх атрадаў і прыёмам у рады партыі лепшых партызан і падпольшчыкаў.

Усяго ў 1941–1944 гг. на акупіраванай тэрыторыі Беларусі дзейнічалі падпольна 10 абкамаў, 17 міжрайкамаў і міжрайпартцэнтраў, 8 гаркамаў, 2 гаркамы-райкамы і 166 райкамаў КП(б)‌Б, больш за 1 200 пярвічных партыйных арганізацый у партызанскіх атрадах і брыгадах і 184 тэрытарыяльныя, у радах якіх змагаліся супраць акупантаў больш як 35 тыс. камуністаў [гл. Абласныя падпольныя камітэты КП(б)‌Б, Міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б, Міжраённыя падпольныя партыйныя цэнтры, Гарадскія падпольныя камітэты КП(б)‌Б, Раённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б]. Падпольныя партыйныя органы і арганізацыі ахоплівалі сваім ідэйным і арганізацыйным уплывам практычна ўсё насельніцтва рэспублікі і сталі той сілай, абапіраючыся на якую, партыя і яе ЦК узнялі сотні тысяч людзей на свяшчэнную барацьбу супраць фашызму, забяспечылі нарастаючы ўзровень і напал усенароднай барацьбы (гл. Усенародная барацьба ў тыле ворага, Камсамольска-маладзёжнае падполле, Антыфашысцкія арганізацыі).

Ва ўмовах падполля партыйныя камітэты выдавалі друкарскім спосабам і з дапамогай найпрасцейшай множыльнай тэхнікі больш за 160 газет (гл. Друк падпольны).

Фарміраванне партыйнага падполля, яго структура і дзейнасць рэгламентаваліся асноўнымі патрабаваннямі Статута ВКП(б). Разам з тым ва ўмовах падполля ў партыйных органах узмацніўся арганізацыйны цэнтралізм, падпарадкаванне ніжэйстаячых органаў вышэйстаячым было асабліва строгім. Як правіла, на акупіраванай тэрыторыі адсутнічала прадугледжаная Статутам партыі выбарнасць і справаздачнасць партыйных камітэтаў. Саставы абкамаў і міжрайкамаў падбіраліся і зацвярджаліся ЦК КП(б)‌Б, саставы гаркамаў і райкамаў — абласнымі і міжраённымі камітэтамі партыі з наступным зацвярджэннем ЦК КП(б)‌Б. Там, дзе дазвалялі ўмовы, партыйныя органы імкнуліся дзейнічаць у адпаведнасці са статутнымі патрабаваннямі. Асобныя райкамы былі выбраны адкрытым галасаваннем на раённых падпольных партыйных канферэнцыях і сходах (Дрысенскі, Клічаўскі і Чэрыкаўскі), на сходах партыйнага актыву і партыйных арганізацый (Бярэзінскі, Дзісенскі, Столінскі, Талачынскі і інш.).

Партыйнае падполле будавалася паводле тэрытарыяльна-вытворчага прынцыпу. Кожны падпольны партыйны камітэт дзейнічаў у межах сваёй вобласці, раёна (групы раёнаў), горада ў адпаведнасці з даваенным адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам.

Падпольныя абкамы КП(б)‌Б з’яўляліся паўнамоцнымі прадстаўнікамі партыі ў адпаведных абласцях і кіравалі тут усёй узброенай барацьбой і партыйна-палітычнай работай.

Новым звяном у сістэме партыйных органаў ва ўмовах акупацыі з’явіліся міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б [міжрайпартцэнтры КП(б)‌Б], якія ажыццяўлялі партыйнае кіраўніцтва на тэрыторыі некалькіх раёнаў. Дзейнасць міжраённых партыйных органаў не была разлічана на працяглы перыяд. Пасля стварэння ў адпаведных раёнах падпольных райкамаў міжраённыя партыйныя органы або адразу спынялі сваю дзейнасць, або працягвалі існаваць яшчэ некаторы час разам з райкамамі, дапамагаючы іх станаўленню. Створаныя па-за рамкамі Статута ВКП(б), міжраённыя падпольныя партыйныя органы — прыклад творчай ініцыятывы і арганізацыйнай гнуткасці партыйных органаў і камуністаў, якія змаглі перабудаваць сваю структуру ў адпаведнасці з умовамі дзейнасці ў тыле ворага.

Асноўным звяном у сістэме партыйнага кіраўніцтва барацьбой супраць акупантаў і палітычнай работай у тыле ворага былі падпольныя райкамы КП(б)‌Б.

Падпольныя абкамы, міжрайкамы і райкамы Кампартыі Беларусі вялі сваю работу пад аховай партызанскіх атрадаў і брыгад, базіраваліся разам з імі. Звычайна сакратар райкама з’яўляўся, адначасова камісарам або камандзірам брыгады (атрада), сакратары абкамаў — кіраўнікамі партызанскіх злучэнняў. Гэта дазваляла эфектыўна спалучаць партыйна-палітычную і ваенна-арганізатарскую дзейнасць.

На тэрыторыі Беларусі вялі работу і падпольныя гаркамы КП(б)‌Б. Мінскі падпольны гаркам, створаны ў лістападзе 1941 г., значны час базіраваўся ў горадзе. Але, як паказаў вопыт, гэта было звязана з вялікімі цяжкасцямі і ахвярамі. Таму створаныя ў 1943–1944 гг. падпольныя гаркамы КП(б)‌Б размяшчаліся па-за гарадамі, дзейнічалі пад прыкрыццём партызанскіх брыгад і атрадаў і па сваёй структуры нічым не адрозніваліся ад райкамаў.

Падпольныя пярвічныя партыйныя арганізацыі ў адпаведнасці з Статутам ВКП(б) будаваліся па вытворчым (у партызанскіх атрадах) або па тэрытарыяльным (у населеных пунктах) прынцыпе.

Пераважная большасць іх была створана непасрэдна ў тыле ворага. У 1941–1942 гг. асноўная частка тэрытарыяльных партыйных арганізацый узнікла па ініцыятыве камуністаў, што па розных прычынах аказаліся на акупіраванай тэрыторыі. Партыйныя арганізацыі партызанскіх атрадаў у гэты перыяд ствараліся пераважна пад кіраўніцтвам партыйных органаў. У 1943–1944 гг. фарміраванне партыйных арганізацый у партызанскіх і тэрытарыяльных атрадах адбывалася ўжо цалкам пад кіраўніцтвам партыйных органаў, яно праходзіла больш мэтанакіравана і планамерна. Былі дасягнуты поспехі ў выкананні ўказання пятага Пленума ЦК КП(б)‌Б аб пранікненні ў гарады і іншыя населеныя пункты і стварэнні там падпольных партыйных арганізацый.

Большасць камуністаў знаходзілася ў партызанскіх фарміраваннях. Партыйныя арганізацыі былі створаны амаль ва ўсіх партызанскіх атрадах, як правіла, яны з’яўляліся пярвічнымі. Міжрайкамы і райкамы каардынавалі расстаноўку камуністаў у атрадах, забеспячэнне партыйнага ўплыву на важнейшых участках баявой дзейнасці.

Частка камуністаў вяла барацьбу супраць акупантаў у саставе тэрытарыяльных падпольных партыйных арганізацый. Працэс іх стварэння быў складаны, звязаны з вялікай небяспекай. За памылку даводзілася расплачвацца жыццём. У выніку такія арганізацыі былі невялікія. У канцы 1943 — пачатку 1944 г. з набліжэннем лініі фронту і ўскладненнем абстаноўкі большасць тэрытарыяльных партыйных арганізацый спыніла сваё існаванне. Іх члены пераходзілі ў партызанскія атрады і ўліваліся ў састаў іх партыйных арганізацый.

Унутранае жыццё і дзейнасць партыйных арганізацый партызанскіх фарміраванняў будаваліся таксама на прынцыповых палажэннях Статута ВКП(б). Тут захоўваліся, наколькі гэта дазваляла канкрэтная абстаноўка, патрабаванні ўнутрыпартыйнай дэмакратыі, строгай дысцыпліны, выбарнасці і справаздачнасці. Кіраўніцтва арганізацыямі ажыццяўлялі сакратары, а пры наяўнасці 15 і больш чалавек — бюро, якія выбіраліся на агульным сходзе камуністаў адкрытым галасаваннем. Партыйныя арганізацыі і іх сакратары зацвярджаліся вышэйстаячымі падпольнымі партыйнымі камітэтамі. Сходы, як правіла, праводзіліся 1–2 разы на месяц.

Унутрыпартыйнае жыццё ў тэрытарыяльных партыйных арганізацыях будавалася па-іншаму: сходы праводзіліся толькі ў выпадку крайняй неабходнасці, дакументацыя была мінімальнай. Кіравалі імі асабіста сакратары райкамаў або спецыяльна вылучаныя інструктары, што было выклікана патрабаваннямі найстражэйшай канспірацыі. Некаторая колькасць членаў і кандыдатаў у члены партыі, якія прымалі ўдзел у барацьбе з акупантамі, не ўваходзіла ў састаў пярвічных партыйных арганізацый [у тым выпадку, калі для іх стварэння не хапала колькасці камуністаў, што патрабаваў Статут ВКП(б)]. Яны, як правіла, вялі работу непасрэдна пад кіраўніцтвам падпольных партыйных органаў.

Камуністы знаходзіліся на рашаючых участках барацьбы з акупантамі. На 1 ліпеня 1943 г. члены і кандыдаты ў члены партыі складалі каля 90 % кіруючых кадраў партызанскіх атрадаў і больш за 96 % — брыгад. Калі агульныя страты партызан забітымі і параненымі за гады барацьбы ў тыле ворага склалі каля 10 % ад іх колькасці, то сярод камуністаў — больш як 15 %.

Партыйнае падполле было цесна звязана з народам. Камуністы карысталіся вялікім уплывам і даверам партызан і насельніцтва. Пра гэта сведчыў рост партыйных радоў за кошт лепшых партызан і падпольшчыкаў на працягу ўсяго перыяду акупацыі. На акупіраванай тэрыторыі Беларусі прыём у партыю праходзіў у адпаведнасці са Статутам ВКП(б). На партызанскія атрады не распаўсюджваліся льготы, прадугледжаныя пастановамі ЦК ВКП(б) для тых франтавікоў, якія вызначыліся ў баях. I хоць гэта тармазіла рост падпольных партыйных арганізацый, за 3 гады ў іх рады на тэрыторыі Беларусі ўлілося 12 500 патрыётаў.

Змагаючыся з ворагам у падполлі і ў партызанах, рады камуністаў папоўнілі Героі Савецкага Саюза камбрыгі К. С. Заслонаў, У. А. Ціхаміраў, сакратар падпольнага абкама ЛКСМБ П. М. Машэраў, камандзіры дыверсійных груп П. I. Кавалёў, Ф. П. Котчанка, Ф. А. Малышаў, У. А. Парахневіч, тысячы іншых партызан і падпольшчыкаў.

На працягу ўсяго перыяду акупацыі непасрэднае кіраўніцтва партыйным падполлем рэспублікі ажыццяўляў, кіруючыся дырэктывамі ЦК ВКП(б), Цэнтральны Камітэт КП(б)‌Б, яго сакратары М. Я. Аўхімовіч, У. Р. Ванееў (загінуў), I. П. Ганенка, Ц. С. Гарбуноў, П. З. Калінін, У. Н. Малін, П. К. Панамарэнка, М. I. Прохараў, I. I. Рыжыкаў, Р. Б. Эйдзінаў. Значную ролю ў стварэнні і развіцці партыйнага падполлля адыгралі сакратары падпольных абкамаў I. I. Баброў (загінуў), Ф. А. Баранаў, I. А. Бельскі, А. Ф. Брагін (загінуў), С. Р. Вайцаховіч, I. Д. Варвашэня, I. Д. Вятроў, Я. А. Жылянін, М. К. Зайцаў, В. I. Казлоў, I. Ф. Клімаў, А. Я. Кляшчоў, I. П. Кожар, А. А. Куцак, М. I. Малінін, А. А. Манахаў, Д. С. Маўчанскі, Р. Н. Мачульскі, I. Б. Пазнякоў, М. I. Пліс, В. Е. Самуцін, С. I. Сікорскі, I. А. Стулаў, П. Г. Шапавалаў (загінуў), В. Я. Чарнышоў, М. В. Шпак, Ф. М. Языковіч (загінуў), сакратары падпольных міжрайкамаў, гаркамаў і райкамаў КП(б)‌Б.

Дзейнасць партыйнага падполля абапіралася на падтрымку беларускага народа, і гэта было адной з найважнейшых умоў ператварэння акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў арэну па-сапраўднаму ўсенароднай барацьбы супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, барацьбы за права жыць на сваёй зямлі, за свабоду і незалежнасць сваёй вялікай Радзімы — СССР і роднай Беларусі. Гл. таксама артыкул Камуністычная партыя Беларусі.