УСЕНАРОДНАЯ БАРАЦЬБА Ў ТЫЛЕ ВОРАГА, на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну
pdf

УСЕНАРОДНАЯ БАРАЦЬБА Ў ТЫЛЕ ВОРАГА

Дата стварэння: 28.12.2023 12:16:55

Дата змены: 04.03.2025 15:20:16

Усенаро́дная барацьба́ ў ты́ле во́рага на акупіраванай тэрыторыі Беларусі

Састаўная частка барацьбы савецкага народа супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у час Вялікай Айчыннай вайны.

Пачала разгортвацца з першых дзён акупацыі рэспублікі ў абставінах жорсткага акупацыйнага рэжыму. Агульныя мэты, задачы і асноўныя формы гэтай барацьбы былі вызначаны: у Дырэктыве СНК СССР і ЦК ВКП(б) ад 29 чэрвеня 1941 г. партыйным і савецкім арганізацыям прыфрантавых абласцей, у Дырэктыве ЦК КП(б)‌Б № 1 ад 30 чэрвеня 1941 г. «Аб пераходзе на падпольную работу партарганізацый раёнаў, занятых ворагам», у Дырэктыве ЦК КП(б)‌Б № 2 ад 1 ліпеня 1941 г. партыйным, савецкім і камсамольскім арганізацыям па разгортванні партызанскай вайны ў тыле ворага, у Пастанове ЦК ВКП(б) ад 18 ліпеня 1941 г. «Аб арганізацыі барацьбы ў тыле германскіх войск». Арганізацыю і кіраўніцтва барацьбой у тыле ворага ажыццяўлялі ВКП(б) і яе Цэнтральны Камітэт, Камуністычная партыя Беларусі і Цэнтральны камітэт КП(б)‌Б, Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР), Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР). Непасрэдна на месцах арганізацыйную работу вялі: 10 абласных падпольных камітэтаў КП(б)‌Б, 193 міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б, міжраённыя падпольныя партыйныя цэнтры, гарадскія падпольныя камітэты КП(б)‌Б, раённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б, больш за 1 200 пярвічных партыйных арганізацый у партызанскіх атрадах і брыгадах, 184 тэрытарыяльныя падпольныя партыйныя арганізацыі, а таксама абласныя, міжраённыя, гарадскія і раённыя падпольныя камітэты ЛКСМБ.

Партыйнае падполле з’яўлялася правадніком палітыкі партыі, здзяйсняла ідэйна-палітычнае і арганізацыйнае кіраўніцтва ўсімі формамі барацьбы народа ў тыле ворага. У партыйным падполлі і кіруемых ім камсамольскіх і антыфашысцкіх арганізацыях знаходзілася больш за 70 тыс. чалавек (гл. Партыйнае падполле, Камсамольска-маладзёжнае падполле, Антыфашысцкія арганізацыі).

На тэрыторыі Беларусі ў партызанскіх фарміраваннях змагалася з ворагам больш за 374 тыс. чалавек. Праз партызанскія рэзервы за гады вайны прайшлі амаль 400 тыс. мясцовых жыхароў, многія з якіх прымалі ўдзел ва ўзброенай барацьбе. Падпольшчыкі і партызаны ў цеснай сувязі і пры падтрымцы насельніцтва дзейнічалі ў кожным раёне, у многіх населеных пунктах Беларусі. Фактычна ўвесь беларускі народ змагаўся ў тыле ворага з акупантамі (гл. Партызанскія зоны).

Зрыў насельніцтвам ваенных, эканамічных і палітычных мерапрыемстваў акупантаў быў накіраваны на іх аслабленне, дэмаралізацыю, разгром. Найважнейшыя метады гэтай барацьбы: усебаковая дапамога партызанам (забеспячэнне адзеннем, абуткам, прадуктамі харчавання, збор і перадача зброі, боепрыпасаў, удзел у баявых і разведвальных аперацыях, у разбурэнні мастоў, дарог, сродкаў сувязі і інш.); сабатаж рабочымі дзейнасці прамысловых прадпрыемстваў, псаванне абсталявання і гатовай прадукцыі, вывядзенне са строю чыгунак, шасейных і іншых дарог у акупіраваных раёнах; укрыццё сялянамі жывёлы, сабранага ўраджаю, сельгаспрадуктаў, ухіленне ад мабілізацыі і інш. Усе формы барацьбы былі цесна звязаны паміж сабою, дапаўнялі і пераходзілі адна ў адну ў залежнасці ад абставін і з’яўляліся часткай адзінага.

Барацьба наносіла вялікія страты акупантам, падрывала і аслабляла тыл фашысцкай арміі. З чэрвеня 1941 г. да ліпеня 1944 г. было пушчана пад адхон 11 128 воінскіх эшалонаў і 34 бронецягнікі, разгромлена 948 штабоў і гарнізонаў праціўніка, падарвана больш за 18 700 аўтамашын, узарвана і спалена 819 чыгуначных і 4 710 іншых мастоў, перабіта больш за 300 тыс. рэек, разбурана больш за 7 300 км ліній сувязі, знішчана шмат баявой тэхнікі ворага, забіта і паранена больш за 500 тыс. гітлераўскіх салдат і афіцэраў.

Усенародная барацьба ў тыле фашысцкіх войск аказвала вялікую дапамогу Чырвонай арміі ў разгроме ворага, ператваралася ў важны фактар перамогі савецкага народа. Яна наглядна паказала высокія маральна-палітычныя якасці, глыбокі патрыятызм і інтэрнацыяналізм савецкіх людзей, іх бясстрашнасць, з’явілася найярчэйшым праяўленнем шчырай адданасці савецкага народа сваёй Радзіме, яго непахіснай волі ў імя перамогі над фашызмам. За гераізм і адвагу ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады вайны каля 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў Беларусі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, 87 з іх прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.