pdf

ГАРАДСКІЯ ПАДПОЛЬНЫЯ КАМІТЭТЫ КП(б)‌Б

Дата стварэння: 28.12.2023 12:07:35

Дата змены: 24.03.2026 10:38:10


Гарадскі́я падпо́льныя камітэ́ты КП(б)‌Б

Падпольныя гаркамы КП(б)‌Б.

Органы партыйнага кіраўніцтва ўсенароднай барацьбой супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у акупіраваных гарадах Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Падпольныя гаркамы стваралi і ўзначальвалі партыйнае падполле i партызанскі рух, праводзілі арганізатарскую i палітычную работу сярод насельніцтва.

Іх дзейнасцю кіравалі Цэнтральны камітэт КП(б)‌Б, абласныя падпольныя камітэты КП(б)‌Б, міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)‌Б, міжраённыя падпольныя партыйныя цэнтры.

Ужо 8 ліпеня 1941 г. ЦК КП(б)‌Б накіраваў на акупіраваную тэрыторыю Беларусі з-за лініі фронту 1‑ы склад Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама.

У дзень акупацыі г. Орша 16 ліпеня 1941 г. пакінутыя для падпольнай работы камуністы арганізавалі партыйны цэнтр па кіраўніцтве падполлем у горадзе i раёне. У жніўні 1941 г. стварылі партыйны цэнтр камуністы г. Брэст. Хаця гэтыя цэнтры не перараслі ў агульнагарадскія кіруючыя партыйныя камітэты, яны сыгралі значную ролю ў мабілізацыі жыхароў Оршы i Брэста на барацьбу з акупантамі.

Загадзя быў створаны i перайшоў на нелегальнае становішча пасля акупацыі горада 19 жніўня 1941 г. Гомельскі падпольны гаркам.

Па ініцыятыве камуністаў, якія апынуліся ў акупіраваным г. Мінск, у канцы лістапада — пачатку снежня 1941 г. быў створаны Мінскі падпольны гаркам.

Створаныя ў 1943–1944 гг. гарадскія падпольныя камітэты, у т. л. Мінскі i Брэсцкі, падбіраліся i зацвярджаліся ЦК, абкамамі, міжрайкамамі i міжрайпартцэнтрамі КП(б)‌Б.

Вопыт 1941–1942 гг. паказаў, што базіраванне гаркамаў у гарадах звязана з вялікімі цяжкасцямі i ахвярамі. Былі арыштаваны i пакараны смерцю амаль усе члены Мінскага гаркама, з прычыны гібелі кіраўнікоў спынілі работу Барысаўскі гаркам-райкам, Брэсцкі i Аршанскі партыйныя цэнтры.

Таму створаныя ў 1943–1944 гг. гаркамы, як правіла, базіраваліся пры партызанскіх брыгадах i атрадах, па сваёй структуры не адрозніваліся ад раённых падпольных камітэтаў КП(б)‌Б. Арганізатарскую i партыйна-палітычную работу ў гарадах яны праводзілі праз сувязных, апіраючыся на партызанскія фарміраванні. Баранавіцкі i Мінскі гаркамы, Барысаўскі i Лідскі гаркамы-райкамы мелі друкаваныя органы — газеты (гл. Друк падпольны).

На Беларусі дзейнічалі 8 падпольных гаркамаў і 2 падпольныя гаркамы-райкамы.


Баранавіцкая вобласць

Баранавіцкі падпольны гаркам КП(б)‌Б

Лідскі падпольны гаркам-райкам КП(б)‌Б


Брэсцкая вобласць

Брэсцкі падпольны гаркам КП(б)‌Б


Вілейская вобласць

Вілейскі падпольны гаркам КП(б)‌Б


Віцебская вобласць

Віцебскі падпольны гаркам КП(б)‌Б


Гомельская вобласць

Гомельскі падпольны гаркам КП(б)‌Б


Мінская вобласць

Барысаўскі падпольны гаркам-райкам КП(б)‌Б

Мінскі падпольны гаркам КП(б)‌Б


Палеская вобласць

Калінкавіцкі падпольны гаркам КП(б)‌Б


Пінская вобласць

Пінскі падпольны гаркам КП(б)‌Б