pdf
БАРЫСАЎ, горад

Абеліск у горадзе Барысаў на магіле ахвяр фашызму — жыхароў горада і навакольных вёсак, расстраляных у 1941–1944 гг.

БАРЫСАЎ, горад

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў на воінскім участку грамадзянскіх могілак на скрыжаванні вуліц Заслонава і 8 Сакавіка ў горадзе Барысаў.

БАРЫСАЎ, горад

Помнік ахвярам фашызму на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу на месцы расстрэлу і пахавання вязняў гета на ўскраіне горада Барысаў.

БАРЫСАЎ, горад

Мемарыял у горадзе Барысаў на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія сканалі ад ран у ваенным шпіталі ў 1944–1947 гг.

БАРЫСАЎ, горад

Помнік курсантам Барысаўскага танкавага вучылішча ў горадзе Барысаў.

БАРЫСАЎ, горад

Помнік савецкім танкістам — экіпажу П. М. Рака — у горадзе Барысаў.

БАРЫСАЎ, горад

Помнік падпольшчыцы Л. І. Чалоўскай у горадзе Барысаў.

БАРЫСАЎ, горад

Помнік у гонар 1‑й гвардзейскай пралетарскай Маскоўска-Мінскай мотастралковай дывізіі ў горадзе Барысаў.

БАРЫСАЎ

Дата стварэння: 12.04.2023 10:34:33

Дата змены: 11.09.2024 15:08:54


location Google location Yandex

Барысаў (помнік на месцы расстрэлу і пахавання вязняў гета)


Бары́саў

Горад, цэнтр Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, прыстань на р. Бярэзіна. За 74 км ад Мінска; чыгуначная станцыя (на лініі Мінск — Орша); на аўтадарозе Мінск — Смаленск. Буйны прамысловы цэнтр.

У 1939 г. у Барысаве было 49 108 жыхароў.


У гады Вялікай Айчыннай вайны

З 29 чэрвеня 1941 г. абарончыя баі ў раёне Барысава вялі курсанты Барысаўскага танкавага вучылішча (начальнік вучылішча — карпусны камісар I. З. Сусайкаў); зводная дывізія з воінаў, якія адышлі з раёна Мінска (пераважна падраздзяленні 13‑й арміі); з 30 чэрвеня — 1‑я Маскоўская мотастралковая дывізія (палкоўнік Я. Р. Крэйзер). У горадзе і ўздоўж шашы Мінск — Масква 3 дні ішлі жорсткія баі, з двух бакоў у іх удзельнічала каля 300 танкаў. У баях вызначыліся многія савецкія воіны, у т. л. камандзір кулямётнай роты Р. Р. Ібаруры. Усяго было знішчана больш за 2 тыс. гітлераўцаў, каля 70 танкаў і шмат іншай тэхнікі ворага.

Барысаў акупіраваны 2 ліпеня 1941 г. Нямецка-фашысцкія захопнікі стварылі тут 6 лагераў смерці, дзе загубілі больш за 33 тыс. чалавек (у т. л. каля 9 тыс. вязняў гета); усяго ў горадзе і раёне ад іх рук загінулі 47 862 чалавекі.

У горадзе і раёне дзейнічалі Барысаўскае партыйна-патрыятычнае падполле, Барысаўскі падпольны гаркам-райкам КП(б)‌Б, Барысаўскі падпольны гаркам ЛКСМБ і Барысаўскі падпольны міжрайкам ЛКСМБ, Барысаўскі раённы міжрайпартцэнтр, Барысаўскі падпольны райкам ЛКСМБ; выдавалася падпольная газета «Большэвіцкая трыбуна», орган Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)‌Б. На тэрыторыі раёна дзейнічалі партызанская брыгада 1‑я Антыфашысцкая, партызанская брыгада «Дзядзькі Колі», партызанская брыгада «Стары», партызанская брыгада імя С. М. Кірава (Мінская вобласць, камандзір М. І. Карашкоў), партызанская брыгада імя С. М. Кірава (Мінская вобласць, камандзір Ф. Ц. Пуставіт), партызанская брыгада імя П. К. Панамарэнкі (Мінская вобласць, камандзір Ф. С. Харланаў), партызанская брыгада імя М. А. Шчорса (Мінская і Магілёўская вобласці), партызанская брыгада «Разгром», партызанская брыгада «Смерць фашызму»; партызанскі атрад «Артур», партызанскі атрад А. Я. Васілеўскага, партызанскі атрад «Мясцовыя», партызанскі атрад «Мсцівец», партызанскі атрад імя А. В. Суворава (Мінская вобласць), партызанскі атрад I. А. Яраша і інш. Паўночная частка раёна ўваходзіла ў Барысаўска-Бягомльскую партызанскую зону.

Барысаў вызвалены 1 ліпеня 1944 г. у ходзе Мінскай аперацыі 1944 г. войскамі 3‑га Беларускага фронту. У вызваленні прымалі ўдзел часці 5‑й (палкоўнік М. Л. Волкаў) і 83‑й (генерал-маёр А. Р. Маслаў) гвардзейскіх стралковых дывізій 8‑га стралковага корпуса; 34‑й лёгкай (палкоўнік Д. М. Гнатышын), 60‑й гаўбічнай (палкоўнік С. М. Пятроў) і 93‑й цяжкай гаўбічнай (падпалкоўнік В. М. Несцяровіч) артылерыйскіх брыгад 20‑й артылерыйскай дывізіі прарыву (генерал-маёр М. П. Белякоў) 11‑й гвардзейскай арміі; 331‑й стралковай дывізіі (генерал-маёр П. П. Берастаў) 71‑га стралковага корпуса; 66‑й зенітнай артылерыйскай дывізіі (генерал-маёр С. С. Сазонаў) 31‑й арміі; 3‑й гвардзейскай танкавай (падпалкоўнік К. А. Грыцэнка) і 2‑й гвардзейскай мотастралковай (палкоўнік Д. Н. Далганаў) брыгад 3‑га гвардзейскага танкавага корпуса; 32‑й танкавай брыгады (падпалкоўнік М. А. Курносаў) 29‑га танкавага корпуса 5‑й гвардзейскай танкавай арміі пры падтрымцы 1‑й паветранай арміі і авіяцыі далёкага дзеяння.

Пры вызваленні горада вызначыўся экіпаж танка пад камандаваннем лейтэнанта П. М. Рака, які ў ноч на 30 чэрвеня 1944 г. першым уварваўся ў горад і 17 гадзін вёў няроўны бой з праціўнікам у поўным акружэнні. Танкісты загінулі, але нанеслі ворагу вялікія страты ў жывой сіле і тэхніцы.

Ганаровае найменне «Барысаўскія» нададзена 13 часцям і злучэнням Чырвонай арміі, якія вызначыліся пры вызваленні горада (гл. Барысаўскія вайсковыя злучэнні і часці).

У Барысаве знаходзяцца:

  • брацкія магілы савецкіх воінаў, партызан, савецкіх ваеннапалонных, ахвяр фашызму (на пахаваннях пастаўлены помнікі);

  • мемарыяльны комплекс на воінскім участку грамадзянскіх могілак (на скрыжаванні вуліц Заслонава і 8 Сакавіка), дзе знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў;

  • мемарыяльны комплекс на месцы расстрэлу і пахавання вязняў гета;

  • мемарыяльны сквер і брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных, на якой пастаўлены помнік «Ахвярам фашызму», на тэрыторыі былога канцлагера ваеннапалонных і грамадзянскага насельніцтва;

  • мемарыял на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія сканалі ад ран у воінскім шпіталі ў 1944–1947 гг.;

  • мемарыяльны комплекс «Алея Герояў»;

  • мемарыял «Дарога Перамогі»;

  • стэла ў гонар прысваення гораду ордэна Айчыннай вайны;

  • помнік курсантам Барысаўскага танкавага вучылішча, якія абаранялі горад у 1941 г.;

  • помнік савецкім танкістам — экіпажу П. М. Рака;

  • помнік падпольшчыцы Л. I. Чалоўскай;

  • помнік у гонар 1‑й гвардзейскай пралетарскай Маскоўска-Мінскай мотастралковай дывізіі;

  • памятны знак «Ахвярам працоўнага лагера (1941–1944 гг.)»;

  • памятны знак у гонар землякоў — Герояў Савецкага Саюза;

  • памятны знак на месцы брамы гета;

  • мемарыяльныя дошкі падпольшчыкам.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 7 мая 1985 г. за мужнасць і стойкасць барысаўчан у гады Вялікай Айчыннай вайны і за поспехі, дасягнутыя ў гаспадарчым і культурным будаўніцтве, г. Барысаў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 чэрвеня 2009 г. № 355 горад Барысаў узнагароджаны вымпелам «За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны».

Помнік на брацкай магіле савецкіх танкістаў на воінскім участку грамадзянскіх могілак на скрыжаванні вуліц Заслонава і 8 Сакавіка ў горадзе Барысаў.

Помнік «Ахвярам фашызму» на брацкай магіле савецкіх ваеннапалонных у мемарыяльным скверы горада Барысаў.

Мемарыял «Дарога Перамогі» ў горадзе Барысаў.