БОЛЬШЭВІЦКАЯ ТРЫБУНА, газета, орган Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)‌Б Мінскай вобласці
pdf

«БОЛЬШЭВІЦКАЯ ТРЫБУНА»

Дата стварэння: 05.05.2023 11:13:52

Дата змены: 10.07.2025 10:43:52


«Большэві́цкая трыбу́на» («Бальшавіцкая трыбуна»)

Газета, заснавана ў 1918 г. пад назвай «Известия Борисовского Совдепа». Назва выдання неаднаразова змянялася («Известия Борисовского уездного Совета рабочих, крестьянских и красноармейских депутатов», «Рабоче-крестьянский путь», «Бедняк», «Вясковая праўда», «Зорка Барысаўшчыны», «Калгаснік», «Бальшавік Барысаўшчыны»). З 1938 г. мела назву «Большэвіцкая трыбуна». Орган Барысаўскага гаркама і райкама КП(б)‌Б, гарадскога і раённага Саветаў дэпутатаў працоўных Мінскай вобласці (26.11.1939 — 20.6.1941).

У час Вялікай Айчыннай вайны з’яўлялася органам Барысаўскага падпольнага гаркама-райкама КП(б)‌Б. Выходзіла ў 1943–1944 гг. на тэрыторыі Барысаўска-Бягомльскай партызанскай зоны каля возера Палік (Барысаўскі раён, Мінская вобласць). Падпольная друкарня і рэдакцыя былі створаны пры партызанскай брыгадзе «Дзядзькі Колі». Таксама тут друкавалася газета «Большевистская правда». Вядомы 31 нумар (№ 1/2, 3–19 за 1943; № 20, 2–13 за 1944) за перыяд з 25 сакавіка 1943 г. да 9 чэрвеня 1944 г. на беларускай (загаловак, падзагаловак, тэкст у асобных нумарах) і рускай мовах. Рэдактар Д. Ф. Капыткоў.

Пасля вызвалення БССР выдавалася пад той жа назвай. У снежні 1952 г. назва змянілася на «За камунізм». З сакавіка 1963 г. мела назву «Камуністычная праца». З 1965 г. друкавалася як орган Барысаўскага райкама і гаркама КПБ, раённага і гарадскога Саветаў дэпутатаў працоўных (Саветы народных дэпутатаў з 1977).

З 1992 г. раённая газета, выходзіць пад назвай «Адзінства» адзін раз на тыдзень на беларускай і рускай мовах. Заснавальнік Барысаўскі раённы выканаўчы камітэт.


Літаратура
  1. Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941–1945: энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Савецкая Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1990.

  2. Регионы Беларуси. Минская область: энциклопедия: в 7 т. Т. 5. Кн. 1 / Редкол.: В. В. Андриевич (глав. ред.) [и др.]. – Минск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2016.

  3. Падпольныя перыядычныя выданні на Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны: Бібліяграфічны паказальнік / склад. В. С. Адамовіч. – Мінск: Дзяржаўная бібліятэка БССР імя У. І. Леніна, 1975.

  4. Газеты Белорусской ССР, 1917–1975: библиографический указатель: в 2 ч. Ч. 1 / сост.: Л. К. Форостяная, К. М. Калугина, Д. Н. Катюшина. – Минск: Дзяржаўная кніжная палата БССР, 1984.

  5. Газеты Беларусі 1776–1975: бібліяграфічны паказальнік / склад.: Л. М. Няхайчык, Ю. А. Ерашэвіч, В. Я. Бакуновіч. – Мінск: Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2003.

  6. Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1944): краткие сведения об организации, структуре и составе / ред.: В. Н. Султанов, А. П. Костелецкая. – Минск: Издательство «Беларусь», 1975.

  7. Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Барысава і Барысаўскага раёна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997.

  8. І паўстаў народ...: факсімільнае выданне падпольных і партызанскіх газет, часопісаў, лістовак перыяду Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў / уклад.: А. В. Стэфановіч, В. А. Рабкоў. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005.

  9. Павлова С. А. Книга и чтение в жизни партизан Беларуси. – Минск: Белорусский государственный университет культуры и искусств, 2011.